Апостальскі нунцый звярнуўся да духавенства і вернікаў Беларусі

Арцыбіскуп Антэ Ёзіч звярнуўся са словамі прывітання да духавенства і вернікаў Касцёла ў Беларусі, які, як адзначыў, “цяпер перажывае складаныя часы”. Гэта адбылося падчас яго біскупскага пасвячэння.
Апостальскі нунцый у Беларусі паабяцаў сваё “малітоўнае супрацоўніцтва” для вырашэння ўсіх праблем краіны “з дапамогай міру, дыялогу і салідарнасці, пазбягаючы любога насілля”.
“Малюся да Дзевы Марыі, каб заўсёды натхняла вас, дапамагала ў цяжкія моманты вашага жыцця”, – сказаў іерарх на рускай мове.
Біскупскае пасвячэнне адбылося ў нядаўна пабудаваным касцёле Святой Сям’і санктуарыя Маці Божай Астраўной у харвацкім Соліне. Яго ўдзяліў 16 верасня 2020 г. Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін.
Францішак прызначыў Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Беларусі 21 мая 2020 г.