Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Анкета “Хрысціянскай візіі”, адказы праваслаўнага багаслова Наталлі Васілевіч

Анкета “Хрысціянскай візіі”, адказы праваслаўнага багаслова Наталлі Васілевіч

Placeholder
Аўтар
Наталля Васілевіч

НаталляВасілевіч

Тэолагіня, паліталагіня, юрыстка, мадэратарка “Хрысціянскай візіі”.

У 2020 годзе беларускія хрысціяне “вярнуліся” ў палітыку і грамадзянскае жыццё. Ці застаецца гэта справядлівым для 2021 года, або вернікі “вярнуліся назад” у свае супольнасці?

Беларускія вернікі дэмакратычных поглядаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, сапраўды менш сталі гаварыць і пісаць публічна – рэжым, напужаны гэтым голасам, увесь год ставіў перад сабой задачу яго задушыць і зрабіць нячутным. Пры гэтым голас царкоўных дзеячаў у падтрымку рэжыму заахвочваўся і рэтрансляваўся, а часта нават нацкоўваўся на іншых вернікаў, тых, якія і так пераследаваныя рэжымам і нават сваім царкоўным начальствам. Адной з самых рэзанансных падзей у гэтым сэнсе стала прымусовая адстаўка архіепіскапа Арцемій (Кішчанка). Рэпрэсіі закранулі святароў, царкоўных навукоўцаў, супрацоўнікаў царкоўных арганізацый. Для таго, каб захаваць магчымасць гаварыць, вымушыныя былі выехаць з краіны святары і актыўныя вернікі. У тых, хто застаўся, акрамя публічнага голасу ў арсенале застаюцца дзеянні ў катакомбах – у межах свайго прыходу, хору, малітоўнай супольнасці, семінарскага класу. Для мяне асабіста 2021 г. стаў годам “Хрысціянскай візіі” – экуменічнага аб’яднання вельмі таленавітых і кампетэнтных людзей, дзякуючы працы якіх стаў магчымы цэлы шэраг праектаў, а “Хрысціянская візія” стала бачным актарам у дэмакратычным руху, а таксама навязала кантакты з сусветнай хрысціянскай супольнасцю.

Што для вас стала галоўнымі непрыемнаю і прыемнаю нечаканасцямі ў рэлігійна-грамадскім жыцці Беларусі ў сыходзячым годзе?

Непрыемнай нечаканасцю сталі кадравыя перастаноўкі ў Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквах – да апошняга спадзявалася, што Папа Рымскі заступіцца за мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, а ў ягонай асобе, за маральную цвёрдасць, за прынцыпы справядлівасці і праўды, а таксама за грамадскі дыялог. Нечаканым стала і антыкананічнае звальненне архіепіскапа Арцемія, усё ж мне здавалася, што ў мітрапаліта Веніяміна і ў Сінода РПЦ ёсць нейкія маральныя “чырвоныя лініі”, якія яны не пераступяць.

Прыемнай нечаканасцю сталі беларускія хрысціяне – гатовыя адстойваць праўду, гатовыя бегчы на дапамогу, гатовыя падтрымліваць адно аднога, хрысціяне, у якіх вера праяўляецца ў любові і салідарнасці. Здавалася, што за паўтары гады гэта не павінна здзіўляць і ісці ў катэгорыі “нечаканасці”, але кожны раз – для мяне гэта цуд.

На вашу думку, якія найбольш важныя тэндэнцыі ў беларускай рэлігійна-грамадскай сферы працягнуцца ў 2022 годзе?

Фармаванне нізавой хрысціянскай супольнасці, безумоўна, будзе працягвацца. Бо гэтая супольнасць была народжаная ў выпрабаваннях, і цяпер яна будзе расці, вучыцца хадзіць, вучыцца размаўляць, трэніраваць сумленне і розум, адрозніваць дабро ад зла, бачыць маніпуляцыі і ўмець не паддавацца ім. Будзе адбываецца нарошчванне патэнцыялу хрысціянскай супольнасці ў грамадскай сферы, узнікаць новы ўзровень даверу паміж хрысціянамі розных канфесій. Безумоўна, будуць працягвацца таксама ціск і рэпрэсіі, таму трэба вучыцца дзейнічаць такім чынам, каб “радары” рэжыма не змаглі гэтую дзейнасць запеленгаваць.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава