Алесь Бяляцкі: улада ўспрымае католікаў, і асабліва грэка-католікаў, як ненадзейны элемент
У размове з вядучымі «Белсат» нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі выказаўся пра пераслед грэка-католікаў Берасцейшчыны і закрыццё Чырвонага касцёла.
Праваабаронца адзначыў, што Лукашэнка працягвае «зачыстку» і знішчае усё, што здаецца небяспечным для яго палітычнага рэжыму:
«Улады ўспрымаюць католікаў, і асабліва грэка-католікаў, як ненадзейны элемент і фактычна пазбаўляюць іх легальнай магчымасці маліцца. Безумоўна, гэта парушэнне правоў чалавека, якое яшчэ раз паказвае, што дамаўляцца з гэтым рэжымам пра нешта вельмі і вельмі складана»,
— пракаментаваў сітуацыю ў краіне Бяляцкі.
Афіцыйныя прычыны спынення дзейнасці грэка-каталіцкіх парафій на Берасцейшчыне не раскрываюцца. Аднак у адной з пастаноў вернікі заўважылі фармулёўку «пра пагрозу нацыянальным інтарэсам». Сімвалічна, што ўнія была заключана ў 1596 годзе менавіта ў Берасці.
Нобелеўскі лаўрэат таксама ўзгадаў незразумелы арышт ксяндза Анатоля Парахневіча і выказаўся пра магчымыя прычыны рэпрэсій супраць каталіцкай парафіі пры касцёле святых Сымона і Алены.
«Мы бачым, што адбываецца з Чырвоным касцёлам у Мінску, які дагэтуль не працуе. Магчыма, Лукашэнку асабіста не спадабалася тая грамада, якая збіралася там у 2020 годзе. Гэта помста “нетрадыцыйным рэлігіям”»,
— адзначыў Бяляцкі, падкрэсліўшы, што сцвярджэнні пра «нетрадыцыйнасць» выглядаюць абсурднымі ў гістарычным кантэксце.







