Алесь Бяляцкі расказаў польскаму выданню Gość Niedzielny пра ціск уладаў на рэлігійныя супольнасці ў Беларусі
«Gość Niedzielny», найбуйнейшы каталіцкі грамадска-палітычны штотыднёвік у Польшчы, апублікаваў інтэрв’ю з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, беларускім праваабаронцай Алесем Бяляцкім.
У размове пра польскіх ксяндзоў, якім не працягваюць дазволы на пражыванне і служэнне ў Беларусі, Бяляцкі адзначыў, што гэтая практыка стварае сур’ёзныя праблемы для рэлігійнага жыцця краіны.
«Наступствы гэтай палітыкі вельмі негатыўныя. Паглыбіўся недахоп духавенства. Ужо цяпер святары вымушаныя апекавацца некалькімі парафіямі адначасова».
Праваабаронца нагадаў, што сітуацыю ўскладняе тое, што з 2020 года частка беларускіх святароў таксама была вымушаная пакінуць краіну і не можа працягваць служэнне на радзіме.
На пытанне пра ксяндза Анатоля Парахневіча, які быў затрыманы ў сакавіку гэтага года і за кратамі перажыў інсульт, Бяляцкі адказаў, што святар застаецца ў ізаляцыі ад знешняга свету.
«Ніякай сувязі з ім няма. Дакладная інфармацыя даступная толькі адвакату, але той нічога не паведамляе, бо баіцца страціць ліцэнзію і падвергнуцца рэпрэсіям. Адсутнасць блізкіх сваякоў у ксяндза яшчэ больш паглыбляе ізаляцыю. Карэспандэнцыя і доступ да інфармацыі практычна заблакаваныя».
Бяляцкі таксама пракаментаваў абавязак паўторнай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый, якая распачалася ў 2024 годдзе.
«Улады выкарыстоўваюць гэты закон, каб аказваць ціск на ўсе рэлігійныя супольнасці і прымушаць іх да лаяльнасці рэжыму».
Паводле праваабаронцы, найбольш ад перарэгістрацыі пацярпелі пратэстанцкія супольнасці, аднак яна закранула таксама католікаў лацінскага абраду і грэка-католікаў. З 16 грэка-каталіцкіх парафій у Беларусі ўжо закрыты чатыры, а працэс перарэгістрацыі працягваецца.






