Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Адкуль бярэцца агрэсія?

Адкуль бярэцца агрэсія?

Адкуль бярэцца агрэсія?

Ксёндз Вячаслаў Барок распавядае ў сваёй відэа-пропаведзі пра вытокі агрэсіі, пра вучэнне Касцёла і словы Божыя аб агрэсіі. Усі агрэсары маюць адзін немінучы лёс, кажа святар.

Тэкст відэа-запісу:

Фашызм — гэта калі тых, хто дорыць кветкі, збіваюць сілавікі. Пры гэтым Царква не асуджае дзеянні сілавікоў, якія збіваюць людзей толькі за тое, што яны дораць кветкі, але і ўзнагароджвае медалямі дзяржаўных дзеячоў, якія актыўна падтрымоўваюць насілле. (Узгадваюцца вобразы. Спадар Харошын уладальнік крамы кветак у Мінску і ўзнагароджванне 7 кастрычніка 2020 г. у Жыровіцкім манастыры).

Сёння ў беларускім грамадстве фашызм з кожным днём падвышае градус агрэсіі. На жаль, усё больш актуальным становіцца пытанне, ці ўзмацненне напружанасці ў супрацьстаянні з беззаконнем не прывядзе да эскалацыі ўзброенага канфлікту?

І яшчэ з большай занепакоенасцю можна заўважаць, што з кожным днём знаходзяцца ўсё новыя аргументы на карысць высновы: што гэта толькі пытанне часу, і надыдзе той момант, калі сілавым метадам ад улады будуць адсунуты тыя, хто сёння аддае злачынныя загады, скіраваныя супраць мірных грамадзян.

Беспрэчным доказам на тое з’яўляецца агрэсіўны адказ на мірныя і законныя пратэсты з боку тых, хто сінімі пальцамі ўзахапіўся за ўладу.

Агрэсія, якую не перастаюць дэманстраваць сілавікі і тыя, хто апраўдвае насілле, не ўзялася не адкуль. Яна мае свае каранні ў грамадска-палітычным ладзе краіны.

Агрэсія — не роўныя шанцы.

Мы ўжо цягам двух месяцаў ламаем сабе галаву, шукаючы адказу на пытанне, адкуль у нашых братоў беларусаў столькі агрэсіі і чаму паводзяць яны сябе нібы “нелюдзі».

Папа Францішак у Энцыкліцы #FratelliTutti ставіць дыягназ агрэсіі: “нероўныя шанцы”. (Глядзі тут)

Навучае: “без роўных шанцаў розныя формы агрэсіі і войны знаходзяць прыдатную глебу, што раней ці пазней закончваецца выбухам» (п.235).

“Нероўнасць і адсутнасць інтэгральнага развіцця чалавека» (п.235) прывяло да таго, што тыя беларусы ў балаклавах нападаюць на людзей, нібы сабакі, спушчаныя з ланцуга.

Дзеецца гэта таму, бо яны некалі добрыя хлопцы, як правіла з правінцыі, маючы амбіцый больш, чым прадастаўленых дзяржавай магчымасцяў для іх рэалізацыі, апынуліся ў сітуацыі не роўна раздзеленых шансаў у параўнанні, напрыклад, з гараджанамі і тымі, хто меў лепшую перспектыву ў жыцці.

Ніхто ж з іх не ішоў у сілавікі, каб людзей катаваць. Яны ўсяго толькі хацелі таксама нейкім чынам зачапіцца за жыццё. Вось і зачапіліся; і зараз зубамі трымаюцца за сваё месца. І таму сёння так лёгка згаджаюцца на выкананне злачынных загадаў, прыкрываючыся прысягай, клопатам пра сваю сям’ю.

Насамрэч яны бароняць сваю ільготную кватэру, заробак у разы большы, чым маюць іх працуючыя бацькі.

Вось так празаічна, эгаістычнымі жаданнчмі чалавека, тлумачыцца «вялікая тайна» агрэсіі.

Безумоўна, хтосьці скажа, што гэта ніякая не агрэсія, такое чуў ужо ў прыватных размовах ад тых, каму даводзіцца стаяць у балаклавах. «Мы выконваем загад. І сілавікі заўсёды так робяць і ў кожнай краіне.» Гэта іх апраўданне.

(пра тое, што рабіць з незаконным загадам глядзі тут https://youtu.be/rqStPX4s_TU Апамяйтацеся, пакуль не поздна. Выбірайце: Валадарства Божае або людзкі трыбунал.)

Так вось можна часткова згадзіцца з тым, што сапраўды насілле ёсць прысутнае ў кожнай краіне ў нейкай ступені. Больш за тое, ёсць такая канцэпцыя: дзяржава мае манаполію на насілле. Сфармуляваў яе ў кнізе “Палітыка як пакліканне і прафесія» нямецкі філосаф сацыёлаг Макс Вебер. Сваю гіпотэзу абапіраў на выказванні Троцкага, але ўдакладняў што дзяржава мае лігітымную манаполію на лігітымнае насілле. Як бы дробязь, але як жа меняецца сэнс. Бо ў такім разуменні, нават дзяржава, ўжываючы насілле, забавязана кіравацца законам і не заходзіць за межы прававога поля.

Досвед стасавання насілля дзяржавай у Беларусі паказвае, што сілавікі даўно вышлі за тыя межы.

Што ж пра гэта кажа Касцёл?

Сацыяльнае вучэнне Касцёла, ніяк не апраўдвае насілле, як утвараючы прынцып дзяржавы, і кажа: “Спакой і насілле не могуць жыць у адным і тым жа доме, бо дзе існуе насілле, там не можа быць Бога (пар. 1Кар. 22,8-9)” (КСВК 488).

Аднак, Касцёл дапускае ўжыванне насілля хоць бы і тады, калі ў Кампендыі Сцыяльнага Вучэння ў раздзеле пра палітычную супольнасць, гаворыць пра права народа на супраціўленне беззаконнай ўладзе (КСВК 400-401) і права дзяржавы стасаваць пакаранне для злачынцаў (КСВК 402-405).

І гэтых правоў Касцёл не забірае ў беларускага грамадства.

Істотным момантам ёсць тое, што насілле ў прававой дзяржаве выконваецца згодна з заканадаўствам. У нас насілле здзейснілася і здзяйсняецца насуперак прававым нормам, якія дзяржава мае. Сапраўды, можна шмат казаць пра недасканаласьць нашай Канстытуцыі і усіх законаў, але заўважце, нават яны не выконваюцца тымі, хто іх пісаў.

Той, хто распускае рукі і праяўляе агрэсію і нерэгламентаванае насілле ў адносінах да грамадства павінен ведаць: калі не спыніць насілле і не асудзіць яго законным спосабам, сустрэнецца з гвалтоўным спыненнем насілля з боку тых самых мірных грамадзян. У выніку будзе фізычная ліквідацыя тых, хто з’яўляўся сам аўтарам насілля.

Гэты пасыл кіруе слова Божае. Прарок Захарыя кажа: “І будзе ў той дзень, Я зьнішчу ўсе народы, якія нападаюць на Ерусалім.” (Зах 12, 9)

У Бібліі, вядома, няма слова “агрэсія”, але ўжываецца яго сінонім “нападзенне”. Такі дзеяслоў і гучыць у зацытаваных словах прарока.

Для зразумення глыбіні біблейскай думкі, паясню: Ерусалім – гэта значыць значна больш, чым проста геаграфічная кропка на мапе свету. Ерусалім-гэта вобраз прысутнасці Бога, Валадарства Божага, велічы чалавека, што выплывае годнасці, якая Богам яму дадзена.

Агрэсія сілавікоў, нелігітымнае насілле дзяржавы, скіраванае ў бок народа, таптанне фундаментальных правоў чалавека, зневажанне людзкой годнасці– гэта і ёсць нападзенне на біблійны Ерусалім.

А таму, сілавікі — агрэсары, не падманвайцеся. Вы- злачынцы. Вашыя рукі ў крыві. Апраўдання Вам не будзе. Не Бог, не чалавек не стане на Ваш бок.

Праз агрэсію вы самі сябе знішчаеце. І дзякуй Богу, мне не трэба вас судзіць і думаць пра вашае знішчэнне. Бо Вас пакарае Бог, а абвінавацяць і праклянуць Вас Вашыя дзеці, якімі вы прыкрываецесяі вашыя бацькі, пра якіх Вы забыліся. У вас няма будучыні…

Вы сёння ўсе перапалоханыя і хаваецеся за балаклавамі. І гэты страх паказаць свой твар, ёсць лепшым доказам таго, што Вы робіце зло. Заўважце, я ж звяртаюся да Вас адкрыта і не хаваюся, бо я закон не парушаю. У мяне няма агрэсіі да Вас, выключна агіда да вашых паводзінаў і спачуванне…

Гэта не пустыя словы. Больш за 1300 скалечаных, як мінімум трое згвалчаныя, ды трое забітых вамі мірных грамадзян, ужо ніколі не стануць старонкай, якую можна будзе перагарнуць.

Крыніца


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава