Анкета «Хрысціянскай візіі», адказы праваслаўнага святара Аляксандра Шрамко
У 2020 годзе беларускія хрысціяне «вярнуліся» ў палітыку і грамадзянскае жыццё. Ці застаецца гэта справядлівым для 2021 года, або вернікі «вярнуліся назад» у свае супольнасці?
Фарш немагчыма пракруціць назад. Хрысціяне, якія ўсвядомілі, што хрысціянства не заканчваецца за сценамі храма, наўрад ці ўжо вернуцца да ранейшых уяўленняў. Іншая справа, што зараз рэжым усімі гвалтоўнымі метадамі актыўна душыць любую грамадзянскую актыўнасць. Так што калі і ствараецца ўражанне, што вернікі «вярнуліся назад», дык гэта хутчэй іх «загналі назад». Асобны феномен: актывізацыя на палітычнай ніве царкоўнай іерархіі, але гэта ўжо не адносіцца да катэгорыі «хрысціяне».
Што для вас стала галоўнымі непрыемнаю і прыемнаю нечаканасцямі ў рэлігійна-грамадскім жыцці Беларусі ў сыходзячым годзе?
Галоўная непрыемная нечаканасць – гвалтоўная і раптоўная адстаўка арцыбіскупа Арцемія і далейшая «зачыстка» Гродзенскай епархіі. Нават не столькі сама адстаўка, але як гэта было зроблена. Без усялякага захавання хоць нейкай прыстойнасці, каб толькі дагадзіць рэжыму, нават з дэмастратыўнай гатоўнасцю. Тым самым БПЦ канчаткова стала на шлях знішчэння ўласнай суб’ектнасці і ператварэння ў ідэалагічны пададдзел рэжыму.
Прыемных нечаканасцяў узгадаць не магу. Няўжо нечакана тое, што выконваецца хоць нешта чаканае. Напрыклад тое, што пакуль мы яшчэ жывыя і нешта робім.
На вашу думку, якія найбольш важныя тэндэнцыі ў беларускай рэлігійна-грамадскай сферы працягнуцца ў 2022 годзе?
У працяг сказанаму, рэжым будзе ўсё больш падмінаць пад сябе праваслаўныя царкоўныя інстытуты, аж да «ручнога рэжыму» кіравання, тым самым БПЦ будзе ўсё ў большай залежнасці ад Менску. Такім чынам працягнецца «паўзучая» адміністрацыйная аўтакефалізацыя. Хутчэй за ўсё сярод іншага працягнецца «зачыстка» праваслаўных навучальных устаноў. Магчыма, рэжым паспрабуе нешта падобнае і ў адносінах да каталіцкай царквы. Пратэстанцкія дэнамінацыі будуць пакуль знаходзіцца па-за полем пільнай увагі рэжыму, калі толькі нейкая з іх сама не зверне на сябе ўвагу.