Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Спачыў Дэсманд Туту

Спачыў Дэсманд Туту

Спачыў Дэсманд Туту
Аўтар
Incognito

RerumNovarum

Аўтарскі канал пра Беларусь, Касцёл і ўсяго патроху.

Сёння, 26 снежня, ва ўспамін першапакутніка Стэфана, адышоў у вечнасць выбітны хрысціянскі дзеяч Дэсманд Туту, які стаў адным з сімвалаў хрысціянскага супраціву дыктатуры ў ХХ стагоддзі і якога, сярод іншых, у сваім апошнім выступе ў судзе цытавала беларуская шматдзетная маці-палітвязень Вольга Залатар.

У часы паўднёваафрыканскага апартэіду, калі становішча чалавека ў грамадстве залежала не ад ягоных здольнасцяў і дасягненняў, а ад колеру скуры, англіканскі святар Дэсманд Туту вельмі часта быў першапраходцам. Першы чарнаскуры дыякан, першы чарнаскуры кіраўнік Паўднёваафрыканскай рады Цэркваў, першы чарнаскуры біскуп Ёганэсбургу і першы чарнаскуры арцыбіскуп Кейптаўну.

Палітыка Туту наўпрост вынікала з ягонай хрысціянскай веры. Ён лічыў, што хрысціяне абавязаныя супрацьстаяць несправядлівым законам, і што не можа быць падзелу паміж рэлігійным і палітычным. Пры гэтым, на яго думку, рэлігійныя лідары, падобныя яму, павінны заставацца па-за партыйнай палітыкай.

У сваіх казаннях і выступах святар выступаў у абарону дэмакратыі, правоў чалавека і цярпімасці, якія павінны быць дасягнутыя шляхам дыялогу і прымірэння паміж ворагамі. Ключавым прынцыпам ён лічыў расавую роўнасць пры адназначнай апазіцыі “законнаму” апартэіду, які, на яго думку, мусіў быць цалкам дэмантаваны, а не рэфармаваны па частках. Паводле яго, «апартэід гэтак жа злы і заганны, як нацызм і камунізм».

Пры гэтым Туту так і не стаў антыбелым, падкрэсліваў, што ворагам быў апартэід, а не белыя людзі. Ён прасоўваў расавае прымірэнне паміж абшчынамі Паўднёвай Афрыкі, але падкрэсліваў, што прымірэнне будзе магчымым толькі паміж роўнымі.

Туту заўсёды быў прыхільнікам негвалтоўнага актывізму. Ён крытыкаваў выкарыстанне гвалту як урадам, так і групамі, што выступалі супраць апартэіду. Але крытыкаваў тых, хто асуджаў толькі ўжыванне гвалту пратэстоўцамі, разглядаючы такую пазіцыю як палітыку падвойных стандартаў. У сваіх выступах ён намагаўся не пагражаць гвалтам і не ўхваляць яго, нават калі папярэджваў, што гэта верагодны вынік палітыкі ўрада. Тым не менш ён называў сябе «мірным чалавекам», а не пацыфістам, прызнаючы, што гвалт быў неабходным, каб спыніць нацызм.

Каб пакласці канец апартэіду, ён выступаў за палітыку санкцыяў у дачыненні да ПАР. На крытыку, што гэта толькі выкліча дадатковыя цяжкасці для бедных чарнаскурых паўднёваафрыканцаў, ён адказаў, што яны ўжо адчуваюць значныя цяжкасці і што было б лепш, калі б яны «пакутавалі з пэўнай мэтай».

У 1980-х Туту таксама асудзіў заходніх палітычных лідараў Рэйгана, Тэтчэр і Гельмута Коля за захаванне сувязяў з урадам Паўднёвай Афрыкі, заявіўшы, што «падтрымка гэтай расісцкай палітыкі з’яўляецца расісцкай». Таксама ён выступаў супраць розных афрыканскіх лідараў, напрыклад, апісваючы Роберта Мугабэ з Зімбабвэ як «карыкатуру на афрыканскага дыктатара», які «моцна страціў розум». Крытыкаваў ён і марксісцка-ленінскія ўрады ў Савецкім Саюзе і Усходнім блоку, параўноўваючы тое, як яны абыходзіліся са сваім насельніцтвам, з тым, як белы ўрад абыходзіўся з паўднёваафрыканцамі. У 1985 годзе ён заявіў, што ненавідзіць марксізм-ленінізм «усімі фібрамі сваёй істоты».

За сваю прыхільнасць негвалтоўнаму супраціву ў 1984 годзе Дэсманд Туту быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру.

Вядома, можа крытыкаваць некаторыя ягоныя погляды, у тым ліку на міжнародную палітыку, схільнасць да сацыялізму, хай і пры адначасовай рэзкай крытыцы камунізму. Канечне, былі і пэўныя хібы палітыкі ПАР пасля перамогі над апартэідам. Але ў гісторыі ХХ стагоддзя асоба англіканскага арцыбіскупа Дэсманда стаіць у адным шэрагу з каталіцкім Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, пратэстанцкім пастарам Марцінам Лютэрам Кінгам, бласлаўлёнымі ксяндзом Ежы Папялушкам і арцыбіскупам Оскарам Рамэрам ды шмат кім іншым, хто прысвяціў сваё жыццё змаганню з несправядлівасцю.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава