Сустрэча Макея, Ёзіча і Станеўскага: старт размарозкі адносінаў Касцёла і рэжыму
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
устрэча Макея, Ёзіча і Станеўскага: старт размарозкі адносінаў Касцёла і рэжыму
21 снежня нунцый Ёзіч і арцыбіскуп Станеўскі сустрэліся з міністрам Макеем. Гэта першая афіцыйная сустрэча высокага прадстаўніка ўладаў з новапрызначаным мітрапалітам.
Ходзяць чуткі, што арцыбіскуп Станеўскі ўжо сустракаўся з Макеем прыватна, але публічна пра такія сустрэчы не было звестак. Апошнім афіцыйным кантактам мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і прадстаўніка ўладаў у рангу міністра была сустрэча арцыбіскупа Кандрусевіча з Юрыем Караевым. Неўзабаве пасля той размовы іерарху быў забаронены ўезд у Беларусь.
Відавочна, што Ватыкан адыгрывае цэнтральную ролю ў размарозцы адносінаў мясцовага Касцёла і ўладаў. Візіты біскупаў Галахера і Гуджэроцці вырашалі вяртанне арцыбіскупа Кандрусевіча. Пасля жніўня 2020 г. афіцыйныя сустрэчы Касцёла і ўладаў адбываліся толькі з нунцыем на ўзроўні МЗС. Ад імя католікаў зварот канфесій аб міры ў Беларусі падпісваў таксама нунцый.
Беларускія ўлады відавочна задаволеныя прызначэннем біскупа Юзафа Станеўскага Мінска-Магілёўскім мітрапалітам. У віншавальным лісце папу Францішку Лукашэнка “вітаў прызначэнне новага мітрапаліта”, а ўжо праз некалькі дзён адбылася ўзгаданая сустрэча Ёзіча, Станеўскага і Макея падчас якой бакі пацвердзілі імкненне да “дасягнення далейшай станоўчай дынамікі ўзаемадзеяння”.
Выглядае што беларускі Касцёл і ўлады выходзяць на новую нармалізацыю ўзаемааданосінаў. Рэжым перагортвае старонку з выказваннямі біскупаў Касабуцкага, Кандрусевіча і Буткевіча, задавольваюцца эміграцыяй кс. Барка і маўчаннем духоўных асобаў у публічнай сферы. У сваю чаргу Касцёл павінен вярнуцца да старой практыкі некрытыкавання і выключна прыватных кантактаў з уладамі. Адносіны вяртаюцца за кулісы.
Беларускі рэжым і Ватыкан уводзяць у свае дагэтуль білатэральныя адносіны мітрапаліта ў якасці лакальнага актара. Выглядае што Святы Пасад зацікаўлены ў неабвастрэнні сітуацыі і падштурхоўвае мясцовых біскупаў да канцэнтрацыі на дзейнасці ў адзінай магчымай для гэтага сферы — выключна рэлігійнай. Грамадская дзейнасць магчымая толькі ў выглядзе круглых сталоў з прадстаўнікамі іншых канфесій на аддаленыя ад рэчаіснасці тэмы.
Падобна, што выступы Станеўскага на дзяржпрапагандзе стануць перыядычнымі. Наколькі іерарх зможа лавіраваць і не ствараць гучных заяў кшталту дыялогу, які нібыта адбываецца ў Беларусі, пакажа час. Больш цікава, ці пачнуць на дзяржтв з’яўляцца іншыя іерархі і святары, ці Станеўскі будзе адзіным голасам католікаў у СМІ рэжыму.
Размарозка адносінаў Касцёла і ўладаў гіпатэтычна вяртае іх на давыбарчыя пазіцыі. Аднак відавочна, што струна лавіравання стала танчэйшай і яшчэ болей нацягнутай. Бачанне арцыбіскупа Станеўскага адпавядае ўладам, але ці зможа ён пераканаць да яго ўвесь беларускі Касцёл? Наўрад ці.