Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Ксёндз Барок: Рэжым Лукашэнкі — бесчалавечны, а Беларусы — закладнікі

Ксёндз Барок: Рэжым Лукашэнкі — бесчалавечны, а Беларусы — закладнікі

Placeholder
Аўтар
Вячаслаў Барок

ВячаслаўБарок

Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.

Касцёл не маўчыць.

Год таму назад, 15 лістапада 2020 г. я звяртаўся з пытаннем да папы Францішка, як спыніць вайну ў Беларусі.

Бо вядома, ад жніўня 2020 г рэжым Лукашэнкі вядзе вайну з беларускім народам. За апошні год колькасць ахвяраў значна павялічалася.
Мне неаднойчы прыходзілася адказваць на пытанне, ці адказаў мне папа?

На жаль, і сёння можна казаць, што я і іншыя хто звяртаўся, яшчэ ўсё чакаюць адказаў ад папы. Перадусім чакаюць падтрымкі з боку пантыфіка тыя, хто ў Беларусі сёння церпіць без віны і церпіць толькі таму, што паверылі ў магчымасць жыць у вернасці каштоўнасцям праўды і справядлівасці.

Католікаў і значную частку грамадства непакоіць, што голас Касцёла гучыць недастаткова моцна ў той час, калі ў Беларусі адбываецца грамадска- палітычны крызіс.

Аднак, тым больш у такім святле, хачу звярнуць увагу на выказванні некаторых іерархаў Касцёла з розных краін Еўропы.

Так на днях прагучала заяўленнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Германіі з нагоды міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы. І на афіцыйным сайце Ватыкана ў немецкамоўнай версіі чытаем: «Беларускі рэжым злоўжывае пакутамі людзей… Рэжым Лукашэнкі паказвае бесчалавечны твар.» — кажа адказны пры немецкім епіскапаце за мігрантаў, біскуп Стэфан Хессе.

Яшчэ раз нагадаю словы: «Большасць мігрантаў — ахвяры бязлітасных палітычных дзеянняў і прагнасці кантрабанднай мафіі.» — арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, старшыня канферэнцыі біскупаў Польшчы.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, арцыбіскуп Вільні Гінтарас Грушас, асуджаючы бесчалавечныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў адносінах да мігрантаў, якіх іерархі пачынаюць бачыць як закладнікаў рэжыму, сказаў: «У Беларусі выкарыстоўваюць не толькі мігрантаў — уласных грамадзян краіны трымаюць у закладніках, а многія нявінныя людзі падвяргаюцца катаванням, пераследам і зняволенню ў турмы.»

З гэтых заяўленняў іерархаў можна рабіць выснову: Касцёл Еўропы праз мігранцкі крызіс пачуў сігнал SOS беларускага народу. І сёння ўжо падкрэсліваецца, што закладнікамі ў руках рэжэму з’яўляюцца не толькі тысячы мігрантаў але ўсе 9 з паловай мільёнаў беларусаў.

Для беларускага грамадства, эмацыйны стан якога найлепш сёння параўнальны да перажыванняў расчараваных двух вучняў Хрыста, якія пасля Яго ўкрыжывання ўцякалі з Іерусаліма ў родны Эмаўс са словамі «а мы спадзяваліся…»(Лк 24,21), такія адназначныя заяўленні з боку Касцёла цяжка пераацаніць. Асабліва цяпер, калі вядзецца і інфармацыйная вайна.

Менавіта ў такія моманты ёсць запатрабаваны ясны голас Касцёла. Ён, падобна як сам уваскрослы Хрыстос, мацуе веру ў незнішчальную сілу праўды ў сэрцах здызарыентываных вучняў.

Гэта і ёсць галоўная місіся Касцёла падтрымоўваць веру слабых у перамогу дабра.

Часта чуецца крытыка ў бок мясцовага Касцёла ў Беларусі, чаму не падтрымае невінаватых людзей, сярод якіх ёсць шмат хрысціянаў.
На маю думку, адказ просты. Сёння ў Беларусі ўсе 9,5 млн людзей закладнікі пачварнай беззаконай тэрарыстычнай дзяржаўнай машыны. Іерархі таксама закладнікі… Напэўна, там дзе былі закладнікі, нерэдка знаходзіліся і здраднікі, але зараз не пра гэта.

А закладнікі, як зняволеныя канцлагера ў бараку, не могуць гаварыць таго, што можа заяўляць чалавек на волі.
Зрэшты, усе — і іерархі, і не іерархі, а нават сілавікі, калі толькі публічна пачнуць гаварыць праўду, ў той жа момант стануць ахвярай рэжыму, які быць можа самі дагэтуль рупліва падтрымоўвалі.

У вызваленні закладнікаў неабходнасцю ёсць дапамога звонку. І таму вельмі важна, што з беларускім народам праяўляюць дух братэрства Касцёлы Еўропы. Думаю, што наш брат, папа Францішак, таксама ў гэтым духу братэрства пачуе голас беларусаў, якія просяць дапамогі, бо мы ўсе браты. І турысты-мігранты, але і тыя беларусы ў якіх няма грашэй, каб заплаціць тысячы, а то і больш дзесятка тысяч даляраў на турыстычныя прыгоды ў Беларусі. І тыя, хто праз катаванне рэжымам не можа стаць мігрантам. Мы ўсе браты.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава