Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Не дно, а нешта нашмат глыбейшае

Не дно, а нешта нашмат глыбейшае

Placeholder
Аўтар
Incognito

RerumNovarum

Аўтарскі канал пра Беларусь, Касцёл і ўсяго патроху.

Хрысціянская візія апублікавала сёння нават не чарговае дно ад “Минской правды”, а нешта нашмат глыбейшае. Відаць, мясцовыя аўтары ўжо набліжаюцца да ядра Зямлі.

Пакінем з боку публікацыю прапагандыстамі свастыкі, што забаронена беларускім законам, і прызнанне імі праваты Гебельса (артыкул “В чем был прав Геббельс?”) – у краіне, дзе кожны трэці стаў ахвярай нацызму.

І вось на фоне распальвання міжрэлігійнай варажнечы да каталіцкай супольнасці службовай асобай пры выкананні абавязкаў (ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэксу – ад 3 да 5 гадоў) яны ўмудраюцца сумясціць у адно два ніяк не звязаныя факты – год напісання гімну “Магутны Божа” і год спалення касцёлу ў Росіцы – і зрабіць з гэты нейкую супольную выснову? Як тут не згадаць спробы забараніць штаны, бо іх насіў Гітлер.

Дарэчы, калі ўжо на тое пайшло, забітыя нацыстамі айцы Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч паходзілі з Друйскага кляштару марыянаў. Калі ён быў зачынены? Правільна, у 1939 годзе пасля прыходу савецкіх уладаў. А што стала з манахамі таго манастыра, хто не стаў ахвярай нацыстаў?

Фабіян Абрантовіч – арыштаваны ў 1939 годзе. Памёр ад катаванняў у 1946 годзе ў Бутырскай турме.

Андрэй Цікота – арыштаваны ў 1948 годзе. Памёр у савецкім канцлагеры ў 1952 годзе.

Язэп Германовіч і Тамаш Падзява – арыштаваныя ў 1948 годзе і асуджаны да лагероў. У 1955 годзе здолелі пакінуць СССР.

Друйская місія марыянаў вызначалася сваёй любоўю да Беларусі, за гэта яе і пераследавалі. Ейныя прадстаўнікі бралі актыўны ўдзел у беларускім жыцці, стаялі ля вытокаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, а Абрантовіч і Цікота навалі былі чальцамі рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Ці нагадаць шаноўным аўтарам, якім быў сцяг БНР – першай беларускай незалежнай дзяржавы ў 20-м стагоддзі — і які сцяг прызнавалі нацыянальным у БХД задоўга да Другой сусветнай вайны? Ці забойствы і катаванні гэтых беларусаў абсалютна прымальныя для аматараў “часам не да законаў”?

Запомніце, фашызм і нацызм – гэта не год напісання гімну, не тое, што камусьці захацелася выкарыстаць нацыянальны сцяг для сваіх мэтаў. Фашызм і нацызм – гэта такія артыкулы, дзе распальваюць варожасць да тых, хто не хоча прыняць беззаконня. Да тых, хто абараняе пакрыўджаных і бязвінна зняволеных і катаваных. Да тых, хто нязгодны маўчаць і згаджацца са спушчанай зверху “праўдай”.

Скажу нават больш. Сённяшнія каталіцкія святары, якія не прымаюць гвалту і хлусні, працягваюць маліцца за вызваленне Беларусі ад зла, падтрымліваюць вернікаў, якія зазнаюць пераслед, — менавіта яны ёсць пераемнікамі бласлаўлёных айцоў Юрыя і Антонія з Росіцы, якія да апошняга заставаліся са сваімі парафіянамі, а не шукалі магчымасці апраўдаць ці прайсці міма беззаконня.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава