Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Біскуп Юрый Касабуцкі: Молімся аб спыненні палітычных рэпрэсій

Біскуп Юрый Касабуцкі: Молімся аб спыненні палітычных рэпрэсій

Біскуп Юрый Касабуцкі: Молімся аб спыненні палітычных рэпрэсій

25 сакавіка Касцёл адзначае ўрачыстасць Звеставання Пана. Вось як гэтую падзею апісвае евангеліст Лука:

“У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага,і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца”. І сказала Марыя анёлу: “Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?” Анёл сказаў Ёй у адказ: “Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага”. Тады Марыя сказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл”.

Гэта гістарычная падзея адчыняе новую старонку ў гісторыі збаўлення. Для Марыі распачынаецца час шматлікіх пакутаў і выпрабаванняў…

Прайшло шмат гадоў… 25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Гэта адчыніла новую старонку ў гісторыі нашага народу. І хоць БНР праіснавала ў тым выглядзе вельмі кароткі перыяд часу, для нас, беларусаў, гэта знакамітая дата.

25 сакавіка — гэта дзень асаблівай малітвы за нашу Бацькаўшчыну, за Беларусь. Мы молімся за наш шматпакутуючы народ, аб спыненні палітычных рэпрэсій, якія ахапілі нашу краіну, калі кожны дзень мы чуем звесткі аб чарговых арыштах, прысудах і іншых формах пераследу грамадзян за іх погляды і грамадзянскую пазіцыю. Мы молімся аб спыненні насілля супраць нашага народу ў нашай роднай Беларусі.

Мы молімся аб еднасці, салідарнасці, узаемапавазе і ўзаемападтрымцы паміж усімі жыхарамі нашай краіны, розных нацыянальнасцей, поглядаў, рэлігійных перакананняў… Мы адна нацыя, імя якой — “беларускі народ”.

Я асабіста буду маліцца ў гэты дзень за наш народ, за палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі (я не пералічваю паімённа, але ахопліваю малітоўнай памяццю ўсіх без выключэння), за ўсіх тых, хто патрабуе Божай дапамогі…

МАЛІЦЕСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ І НАШ НАРОД!

Facebook біскупа Юрыя Касабуцкага

Фота: jan.by


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава