Ліст праваслаўных вернікаў са зваротам да архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія
26 жніўня 2020 года архіепіскапу Гродзенскаму і Ваўкавыскаму Арцемію быў адпраўлены ліст са зваротам і с падзякай за мужную пазіцыю епіскапа.
Яго Высокапраасвяшчэнству АРЦЕМІЮ,
Архіепіскапу Гродзенскаму і Ваўкавыскаму
Гродзенская епархія
Беларускай Праваслаўнай Царквы
230023, г. Гродна, вул. Ажэшкі, 23.
Копія: епіскапу ВЕНЬЯМІНУ Мінскаму і Слуцкаму,
Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі
220004, г. Мінск, вул. Вызвалення, 10
Ваша Высокапраасвяшчэнства,
У няпросты для нашай краіны час, пасля татальнай фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ў сітуацыі надзвычайнага гвалту і катаванняў з боку сілавых ведамстваў, з якімі сутыкнуліся жыхары Беларусі, Ваш голас, голас праваслаўнага іерарха, прадыктаваны хрысціянскім сумленнем і клопатам за лёс нашай Царквы, нашай дзяржавы, яе народа і кожнага чалавека, стаў важным сведчаннем для многіх праваслаўных вернікаў.
Не сакрэт, што за апошняе дзесяцігоддзе давер да Праваслаўнай царквы ў нашым грамадстве значна зменшыўся — пра гэта сведчаць і дадзеныя сацыялагічных даследаванняў.
У асяроддзі праваслаўных вернікаў таксама назіраецца расчараванне ў лідарах і кіраўніках Праваслаўнай царквы. Царква, пакліканая быць голасам сумлення ў гэтым свеце, як вы слушна заўважылі, павінна заўжды выступаць на баку праўды, толькі так яе голас можа быць прароцкім. У сённяшнім палітычным крызісе менавіта Ваш голас прагучаў дастаткова гучна, упэўнена і пераканаўча.
Група праваслаўных вернікаў, царкоўных людзей, для якіх шмат значыць і літургія, і літургія пасля літургіі, і служэнне перад алтаром, і служэнне бліжняму, вырашылі напісаць вам словы ўдзячнасці.
Ніжэй я прыводжу кароткі тэкст падзякі, а таксама спіс тых, хто пад ёй падпісаўся. Копія гэтага ліста будзе адпраўленая таксама і епіскапу Веньяміну, новаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, каб прадэманстраваць, што для досыць вялікай групы праваслаўных вернікаў у гэты складаны час надзвычай важнай стала пазіцыя Гродзенскага епіскапа, якую таксама падтрымліваюць і святары епархіі, з’яднаныя ў павазе вакол свайго архіпастара, як хіба ні ў якой іншай вядомай мне епархіі.
Я маю радасць ведаць Вас асабіста цягам дваццаці гадоў, калі Вы ўзначальвалі Аб’яднанне моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы, а я ўдзельнічала ў каардынацыйнай радзе гэтай арганізацыі. Ужо з тых часоў я была прасякнутая павагай да Вас і Вашай прынцыповай пазіцыі, а таксама адкрытасці да моладзі і наогул “малых гэтых” у царкоўнай іерархіі. І ўсе гэтыя гады мая павага да Вас толькі ўзрастала і ўмацоўвалася. Дзякуй Вам!
З глыбокай пашанай,
Наталля Васілевіч,
багаслоў, дырэктар Цэнтра “Экумена”, галоўны рэдактар акадэмічнага багаслоўскага часопіса “Збожжа”.
Зварот праваслаўных беларусаў да Архіепіскапа АРЦЕМІЯ Гродненскага
Шаноўны ўладыка і айцец,
Дзякуем Вам за тое, што вы адкрыта ўзвысілі свой голас, голас епіскапа, супраць беззаконня, падману і гвалту, які чыніцца ў нашай краіне. Вашыя словы было вельмі важна пачуць многім — і вернікам, і нявернікам. Дазвольце выказаць Вам нашу пашану!
Τόν Δεσπότην καὶ Ἀρχιερέα ἡμῶν, Κύριε φύλαττε, εἰς πολλὰ ἔτη, Δέσποτα!
Ліст падпісалі 285 чалавек, сярод іх 29 багасловаў, 21 прадстаўнікі малых чыноў — іпадыяканы, чытары, рэгенты, іканапісцы, званары, выкладчыкі нядзельнай школы, 16 праваслаўных святароў (апроч таго, яшчэ некалькі каталіцкіх), 10 супрацоўнікаў царкоўных структур БПЦ.