Царква і палітычны крызіс у Беларусі

«Самае страшнае — гэта жыццё ў страху». Біскуп Яшэўскі падчас тэлетрансляцыі быў прынцыповы

«Самае страшнае — гэта жыццё ў страху». Біскуп Яшэўскі падчас тэлетрансляцыі быў прынцыповы

«Самае страшнае — гэта жыццё ў страху». Біскуп Яшэўскі падчас тэлетрансляцыі быў прынцыповы

У мінулыя гады на Нараджэнне Хрыстова дзяржаўнае тэлебачанне вяло трансляцыю з мінскай катэдры, але ў гэтым годзе стрым вёўся з Магілёва. Вікарны біскуп Магілёўскі Аляксандр Яшэўскі, упершыню апынуўшыся на авансцэне, выступіў з прамовай настолькі ж выверанай па фармулёўках, наколькі прынцыповай па сваім мэсэджы.

Крыніцы «Нашай Нівы» ў Касцёле расказалі, што тэлебачанне прапанавала, каб імшу вёў любы біскуп, толькі не Юрый Касабуцкі. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай арцыдыяцэзіі біскуп Касабуцкі звярнуў увагу на сябе палкімі казаннямі ў верасні і кастрычніку, калі з краіны быў выгнаны мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Калі планавалася тэлетрансляцыя, сам Кандрусевіч яшчэ быў не ў краіне, улады далі яму дазвол вярнуцца перад самымі святамі.

Касцёл прапанаваў зладзіць трансляцыю з Магілёва, з касцёла Унебаўзяцця Святой Дзевы Марыі і Святога Станіслава.

Вікарны біскуп Аляксандр Яшэўскі пачаў сваю прамову падчас службы з падзякі ўсім тым, чыімі малітвамі і высілкамі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч змог вярнуцца да сваёй паствы.

Біскуп маліўся, каб «у гэты складаны час каранавіруса і грамадска-палітычнага крызісу, каб Бог спыніў эпідэмію і каб перамагла Божая праўда і справядлівасць».

Далей біскуп гаварыў пра цынічныя паводзіны цара Ірада, прэфекта Юдэі Понтыя Пілата, а таксама першасвятара Каяфы. І вось у гэты «безнадзейны час у гісторыі, падчас гэтага беззаконня Бог прыйшоў у свет», — сказаў біскуп. «Ён не прыйшоў, каб знішчыць ірадаў, Ён прыйшоў як святло надзеі, гаючае святло, ціхае святло», — адзначыў біскуп.

«Бог бачыць шарлатанаў, якія скажаюць Божую праўду, але працягвае ціха жыць у чалавеку». «Спакой Божы прыходзіць адным шляхам — праз выкананне Божай Волі, калі мы імкнёмся быць добрымі да нашых бліжніх», — казаў біскуп.

«Самае страшнае — гэта грэх, — цытаваў святога Францішка Сальскага біскуп Яшэўскі. — Але другое самае страшнае — гэта жыццё ў страху, ці калі адсутнічае мір».

«Народ, які не прызнае Бога, ходзіць у цемры», — нагадаў біскуп Яшэўскі.

«Людзі цемры неабходны дыялог замяняюць на маналог і баяцца іншадумцаў, яны вядуць і іншых да вечнай цемры».

«Сыны святла ведаюць сваю канчатковую мэту, вядуць дыялог у любой сітуацыі і прыслухоўваюцца да іншадумцаў». «Менавіта таму нараджэнне Хрыста можна параўнаць са святлом», — казаў біскуп.

«Колькі існуе тэрору, гвалту і рэпрэсій!» — сказаў біскуп пра цяперашнюю сітуацыю на свеце. 

«У гэтым годзе свята не такое радаснае», — адзначыў біскуп. «Увесь свет скаланула пандэмія каранавіруса, а Беларусь — грамадска-палітычны крызіс. Ці можа быць поўнаю радасць, калі за сямейным сталом з’яўляюцца пустыя месцы або калі ў сям’і жалоба?» — пытаў біскуп, намякаючы на палітычных зняволеных і забітых на вуліцах беларускіх гарадоў.

Ён таксама гаварыў пра «выпрабаванне пандэміяй». «Няхай нашы ўрачы і ўвесь медперсанал адчуваюць падтрымку ад Бога і ад нас, вельмі ўдзячных ім людзей».

«Няхай у нашай краіне настане супакой, пераможа Божая праўда, справядлівасць і свабода, — заклікаў біскуп Яшэўскі. —Каб стаць народам, трэба сустрэцца адно з адным у дыялогу, тварам у твар і плячо ў плячо. Няхай Беларусь наноў стане краінай міру і ўзаемапавагі», — зноў падкрэсліў біскуп у прамове, настолькі ж выверанай па фармулёўках, наколькі прынцыповай па сваім змесце і заключаным у ім пасланні.

Паслухаць прамову біскупа Яшэўскага можна з 40:00.

Пасля казані людзі на розных мовах — па-беларуску, расейску, польску, англійску, літоўску — прыгожа маліліся ў тым ліку за ўлады, каб яны прыслухоўваліся да людзей, і за тых, хто не можа сустрэць свята дома праз эміграцыю і іншыя прычыны. А таксама за хворых на каранавірус і за маці, якія чакаюць нараджэння дзяцей.

Сяргей Гезгала, Наша Ніва


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава