Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі распавёў пра найважнейшыя патрэбы Касцёла на Беларусі
Будаўніцтва новых святыняў, асабліва ў вялікіх гарадах, падрыхтоўка навуковых кадраў, фармацыя свецкіх асоб і развіццё каталіцкіх СМІ — гэта тое, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў найважнейшымі патрэбамі Каталіцкага Касцёла на Беларусі.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў варшаўскай базыліцы Святога Крыжа з нагоды Дня малітвы і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе, які адзначаецца ў 21-ы раз.
У размове з КАІ старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі сказаў: «Касцёл у Польшчы быў адным з першых, які пасля падзення камунізму працягнуў руку дапамогі Касцёлу на Усходзе, за што мы незвычайна ўдзячныя. Я меў гэты досвед, служачы ў Беларусі і Расіі.
Пасля падзення камунізму былое касцёльнае жыццё ўяўляла сабой пустыню: зруйнаваныя святыні, адсутнасць святароў, сясцёр законных, катэхетаў, духоўных семінарый, выкладчыцкіх кадраў.
І Касцёл у Польшчы так з самага пачатку нам дапамагаў, дасылаючы святароў, кансэкраваных асобаў, а таксама адкрываючы магчымасці падрыхтоўкі мясцовага духавенства і свецкіх вернікаў. У ліку першых ініцыятараў дапамогі быў кардынал Юзаф Глемп, які адным з першых іерархаў прыехаў да нас па запрашэнні тагачаснага праваслаўнага Мітрапаліта Філарэта ў 1988 годзе, калі яшчэ існаваў Савецкі Саюз.
На працягу 21 года супольнасць дапамогі Касцёлу на Усходзе дапамагла ў рэалізацыі мноства праектаў, найперш тых, якія датычыліся аднаўлення і рамонту святынь. Большасць з іх была адноўлена і функцыянуе, хоць, як часта паўтараў рэктар маёй семінарыі ў Каўнасе, „як Пан Бог вечны, так і рамонты святыняў — вечная праца“».
«Цяпер вялікім выклікам з’яўляецца будаўніцтва новых касцёлаў у вялікіх гарадах, такіх, як Мінск, Гродна, Брэст ці Магілёў. Там у нас ёсць вялікія раёны з высокай колькасцю католікаў, якія не маюць сваіх святыняў. Калі няма касцёла, вернікі становяцца ананімнымі, нельга праводзіць нармальнай душпастырскай працы, сакрамэнтальнага жыцця, апекі над дзецьмі і моладдзю», — сказаў іерарх.
«Яшчэ адна важная задача — фармацыя свецкіх асоб.
Гэта „ахілесава пята“ Касцёла на Усходзе. На жаль, кіраўніцтва парафіямі і іншымі касцёльнымі арганізацыямі ляжыць на плячах духоўных асоб, хоць, як вядома, святар — не спецыяліст па рамонтах і будаўніцтве, хоць, з іншага боку, у нас святар усё яшчэ павінен быць крыху і архітэктарам, і будаўніком.
У самім Мінску ў нас афіцыйна зарэгістравана 20 парафій, але пры гэтым дзейнічаюць шэсць касцёлаў і шэсць капліц. Яшчэ доўга нам трэба чакаць, каб кожная парафія мела сваю святыню. З іншага боку, у некаторых раёнах няма месца для будаўніцтва, таму мы карэктуем межы парафій, каб вернікі знаходзіліся як мага бліжэй да свайго касцёла», — дадаў арцыбіскуп.
«Яшчэ адно важнае пытанне — падрыхтоўка ўласных навуковых кадраў. У нас няма тэалагічных факультэтаў ва ўніверсітэтах, таму мы павінны даваць людзям адукацыю на Захадзе, найлепш у Польшчы з прычыны блізкасці, мовы і культуры.
Акрамя таго, мы павінны развіваць каталіцкія СМІ.
Пандэмія паказала, якую вялікую ролю яны могуць адыграць у гэты час, напрыклад, праз магчымасць трансляцыі святой Імшы, набажэнстваў, рэлігійных урачыстасцяў і правядзення рэкалекцый.
Я сам праводзіў адвэнтавыя рэкалекцыі з 3 па 6 снежня для вернікаў маёй архідыяцэзіі. У іх удзельнічала больш за 16 тысяч чалавек. Яны трансляваліся непасрэдна на Youtube і змяшчаліся на нашым партале Сatholic.by. Гэта паказвае, што, калі б не новыя камунікацыйныя тэхналогіі, ніколі ў маёй катэдры не сабралося б столькі чалавек на рэкалекцыях», — адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
«Не ўяўляю сабе сёння евангелізацыі без мас-медыя. Яны незвычайна дапамагаюць таксама ў катэхізацыі. У Беларусі няма ўрокаў рэлігіі ў школах. Катэхізацыя праводзіцца ў межах так званых „нядзельных школак“. На жаль, з прычыны пандэміі каранавірусу яны не могуць функцыянаваць, таму мы як мага хутчэй перанеслі катэхізацыю ў інтэрнэт, і гэта добра функцыянуе», — сказаў іерарх.