Светлагорск і Акцябрскі засталіся без каталіцкага святара
22 лістапада ў Светлагорску развіталіся са шматгадовым пробашчам Тадэвушам Саморэкам. Польскі місіянер, які служыў у Беларусі 27 гадоў, пакідае краіну. Ён таксама быў пробашчам парафіі ў Акцябрскім, таму без сталага святара засталіся адразу два райцэнтры, паведамляе Katolik.life.
Паводле выдання, Саморэк атрымаў новы дазвол на рэлігійную дзейнасць толькі на кароткі тэрмін і вырашыў з’ехаць праз адсутнасць далейшых перспектыў. У Пінскай дыяцэзіі, якая адчувае востры недахоп святароў, замену яму пакуль не знайшлі.
Цяпер у Светлагорску ў будні Імшы не адбываюцца. Чакаецца, што па нядзелях будуць прыязджаць святары з іншых гарадоў. Парафіяне ў Светлагорску і Акцябрскім збіраюцца на малітву без святара.
У суседніх гарадах магчымасці таксама абмежаваныя: пробашч у Жлобіне, больш як за 50 кіламетраў ад Светлагорска, служыць яшчэ і ў Рагачове. У Рэчыцы, да якой каля 60 кіламетраў, каталіцкі святар толькі адзін.







