Каталічку, былую чыноўніцу з Бешанковічаў асудзілі паводле пяці палітычных артыкулаў
У абноўлены спіс МУС «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», унеслі 56-гадовую Галіну Усцюгову з Бешанковічаў. Прысуд ёй вынес Мінскі гарадскі суд, рашэнне ўжо набыло моц. Якое пакаранне атрымала жанчына, невядома, аднак цяпер яна яго адбывае.
У адкрытым профілі Усцюговай ва «УКантакце» пазначана, што яна каталічка. На сваёй старонцы жанчына часам дзялілася трансляцыямі каталіцкіх набажэнстваў і навінамі Касцёла.
Раней Усцюгова шмат гадоў узначальвала аддзел землеўпарадкавання Бешанковіцкага райвыканкама і была дэпутаткай райсавета 28-га склікання. Пазней яна працавала спецыялісткай па правядзенні абследаванняў у раённым аддзеле статыстыкі. Апошняя знойдзеная публічная згадка пра яе працу датуецца жніўнем 2025 года.
Усцюгову прызналі вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК), «удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1), «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130), «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1) і закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361).






