Лукашэнка не задаволены выказваньнямі сьвятароў пра зьнішчэньне мэмарыялу Бандарэнкі
Лукашэнку не спадабалася, што ў сеціве разгром плошчы Пераменаў назвалі сатанінскім таптаньнем. Такую фразу раней выказаў Сяргей Лепін, прадстаўнік праваслаўнай царквы.
«Не разумею, навошта гэты зьдзек з партрэтаў забітага, з кветак у яго памяць, навошта гэтае сатанінскае таптаньне лямпад і абразкоў, барацьба з імправізаваным мэмарыялам у двары, уздоўж дарог…? У чым сэнс? Ня ўзгоднена, так? А вось такія паводзіны і стаўленьне — яно ўзгодненае? З кім?», — напісаў у сваім Facebook Сяргей Лепін.
Лукашэнка зачытаў на нарадзе 17 лістапада выказваньні біскупа Касабуцкага пра тое, што «сёньняшнія паводзіны сілавікоў паказваюць павелічэньне страху і боязі дзяржаўнай улады ў дачыненьні да беларускага народу», і прэс-сакратара Беларускай праваслаўнай царквы Сяргея Лепіна пра зьнішчэньне мэмарыялаў Бандарэнкі і запатрабаваў, каб «праваахоўныя органы далі ім ацэнку».
«Спытайцеся, дзе і хто дазволіў зьдзекавацца з абразоў, лямпадаў і кветак?.. Мы рот нікому не закрываем. Але кажыце праўду! Сказаў няпраўду — адказвай», запатрабаваў Лукашэнка.
Ён заявіў, што ўсе кветкі з народных мэмарыялаў акуратна перавезьлі на могілкі – «туды, дзе ім і належыць быць». Насамрэч кветкі на мэмарыяле Тарайкоўскага на «Пушкінскай» АМАПаўцы ў нядзелю тапталі нагамі.