Мікола Дзядок: Анархізм грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях

Усе тры мае Бібліі ў мяне скралі КДБшнікі
Вера для мяне — гэта ўсведамленне таго, што наша жыццё мае яшчэ адно вымярэнне, што мы самі, і наш свет, і наша жыццё — гэта не толькі малекулы, цела з ягонымі патрэбамі, але гэта яшчэ і нешта большае, тое, што мы называем словам «Бог» альбо «іншасвет». Што ўсе нашы ўчынкі і думкі маюць таксама духоўнае вымярэнне, і наша жыццё не абмяжоўваецца толькі матэрыяльным, яно мае і духоўны бок. Ён непарыўна звязаны з нашым штодзённым жыццём, іх нельга адарваць адно ад аднаго. Але мы ў сваім паўсядзённым жыцці не заўсёды гэта бачым і не заўсёды аб гэтым задумваемся.
Да пэўнай канфесіі я не належу, але на свабодзе наведваў царкву «Ян Прадвеснік».
Магчымасць [атрымаць Біблію] у турме збольшага ёсць. Толькі ў ШІЗА не даюць Біблію. Але ж Біблія ў такім звычайным перакладзе ўва ўсіх турмах ёсць, можна, у прынцыпе, узяць і чытаць.
Як вядома, [быццам бы] ніхто не забараняе маліцца табе столькі, колькі трэба. Аднак я ведаю выпадкі, калі людзі ўставалі маліцца ў 4 ці 5 гадзін ранку — на іх пісалі рапарты і саджалі ў ШІЗА за парушэнне рэжыму дня.
З дыскрымінацыяй як вернік я не сутыкаўся наўпрост. Адзінае, што трэба сказаць: пра пратэстантаў у большасці зэкаў скажонае і дурное ўяўленне, нейкія абсалютна ідыёцкія міфы распаўсюджаны. Хоць я і не быў чальцом царквы афіцыйна, але ўсё роўна мне было гэта крыўдна чуць.
З рэлігійных прадметаў у мяне была толькі Біблія. Тры Бібліі было: новае выданне на ангельскай мове, Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна і мая ўласная маленькая кішэнная Біблія, якая са мой ездзіла яшчэ з магілёўскай крытай турмы. І якая з тых часоў, то бок з 2013-14 гадоў, са мной была, ляжала ў кішэні, калі мяне катавалі… Ляжала ў кішэні курткі, калі мяне катавалі ў ГУБАЗіКу. Яна такая трохі… моцна патрапаная — столькі прайшла, столькі камер, тэрмінаў, гадоў, ізалятараў… Але ўсе гэтыя тры Бібліі ў мяне перад выездам адабралі КДБшнікі, проста ў маю адсутнасць. Можна сказаць — скралі з маіх сумак. Таму, нажаль, нічога гэтага зараз у мяне няма.
Увогуле лічыцца, што прадметы рэлігійнага культу магчыма мець, але я ведаю, што ў іншых вязняў іх маглі адбіраць.
Я вывучыў у турме на памяць Нагорную казань
Я неаднаразова пісаў у гарадзенскай турме (дакладней, бацькі мае пісалі і звярталіся нават святары), каб пабачыцца з каталіцкім ці пратэстанцкім святаром. Усе гэтыя звароты засталіся без адказу. На гарадзенскай крытай ёсць такая практыка, што да святара можа хадзіць толькі той чалавек, які стучыць аператыўнікам, які добра выслужваецца перад сваім куратарам з операддзела, працуе на адміністрацыю доўга і старанна і верна, і тады яго пусцяць да святара. Усе астатнія — колькі я ведаю людзей: дзесяткі, дзесяткі пішуць наконт святароў! — нават праваслаўны з цяжкасцю прыходзіць, не кажучы ўжо пра ўсіх астатніх… Па шчырасці, я ведаю толькі аднаго чалавека, да якога прыходзіў святар, і гэта быў так званы «кумаўскі», які працуе на адміністрацыю. Шанцаў там аніякіх няма.
Штодзённа чытаў Біблію, гэта быў мой рытуал. Нагорную казань, гэта раздзелы 5-7 Евангелля ад Матфея, вывучыў на памяць. У якасці духоўнай трэніроўкі і трэніроўкі памяці. На беларускай мове, на расейскай і на ангельскай. Планую на свабодзе час ад часу паўтараць, каб не забыцца.
Выпісваў пратэстанцкае выданне «Звон» («The Bell»). Аднак толькі адзін месяц яго атрымліваў. Потым яго, здаецца, закрылі. Мне проста перасталі прыносіць.
З вернікаў я бачыўся з Паўлам Рэзановічам… Ну як бачыўся? Мы з ім сядзелі ў ШІЗА непадалёку, некалькі разоў размаўлялі, падтрымлівалі адзін аднаго. Я спытаўся, ці моліцца ён, Павел адказаў: «Так, я малюся…» Вось такія нядоўгія ў нас былі размовы. Змітра Дашкевіча пабачыў ужо за дзень да вызвалення, у СІЗА КДБ.
Наконт права на свабоду веравызнання. Распавяду пра выпадкі, якія я ведаю па горацкай калоніі. У 2015 годзе я там быў, і была невялічкая суполка пратэстантаў, блізу 12 чалавек. Іх рэгулярна прэсавалі і саджалі ў ШІЗА проста за тое, што яны пратэстанты. Яны доўга-доўга дабіваліся, каб да іх пачаў хадзіць пратэстанцкі святар. У выніку ён пачаў хадзіць, але адміністрацыя вельмі баялася, не хацела, каб вязні заставаліся са святаром сам-насам. Таму зрабілі так, каб да яго падаслаць чалавека з нізкім статусам, так званага «пеўня». Каб ён з ім абняўся, паціснуў руку. І пасля гэтага праз сваіх «блатных» абвясцілі: цяпер ваш святар «зашквараны», хто з ім абдымецца ці зойдзе да яго, будзе лічыцца аўтаматычна «пеўнем». То бок нават такога бруду яны не пасаромеліся, каб не дазваляць вязням бачыцца са святаром. Вось такую брудную камбінацыю разыгралі ў Горках дзесяць гадоў таму. Ну і зноў жа, саджалі ў ШІЗА і ў ПКТ стабільна гэтых вязняў, якія хадзілі да пратэстанцкага святара. Гэта я памятаю дакладна.
Салідарнасць — хіба гэта не любоў да бліжняга?
Што тычыць сумяшчальнасці веры ў Бога і анархізму. Традыцыйна, канешне, анархізм досыць крытычна ставіцца да рэлігіі, бо ён, як і ўсе астатнія палітычныя ідэалогіі вельмі прагрэсіўнага кшталту, ёсць дзіця эпохі Асветніцтва.
Варта памятаць, што калі анархізм з’явіўся на пачатку ХІХ стагоддзя, царква была зусім не тым, што яна ёсць зараз. Гэта быў ў вялізнай ступені інстытут падтрымкі дзяржавы, ідэалагічная апора дзяржавы і усёй гэтай сістэмы прыгнёту, якая эксплуатавала абсалютную большасць насельніцтва. Мы бачым, што шмат дзе, нажаль, святары падтрымлівалі, нават яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, аўтарытарныя рэжымы, фашысцкія рэжымы. Альбо падтрымлівалі, альбо мірыліся з гэтым. То бок царква як інстытут, канешне, анархістамі заўсёды моцна крытыкавалася, ставілася ў адзін шэраг з дзяржавай і капіталізмам. Але пры ўсім пры гэтым, калі я звярнуўся да Пісання, да Евангелля, я зразумеў, што гэта фактычна база маіх поглядаў, што анархізм — гэта тое самае хрысціянства, аднак працягнутае ў палітычнай плоскасці. Што, у прынцыпе, увесь анархізм грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях. Гэта — не рабіць чалавеку тое, чаго ты не хочаш, каб ён рабіў табе. Тут супярэчнасці ніякай з анархізмам няма і нават не можа быць. Гэта жаданне падтрымаць слабейшага, гэта дараванне, гэта любоў да бліжняга. Салідарнасць, якую так узносяць анархісты, — хіба гэта не любоў да бліжняга? Гэта давер да чалавека, гэта імкненне рабіць добрае і не рабіць злога. Гэта памкненне не цярпець несправядлівасць. Каштоўнасны сэт абсалютна аднолькавы, фактычна, у анархізма і хрысціянства. Проста ў палітычнай плоскасці так атрымалася, што хрысціянскія рухі і суполкі больш маюць нахіл управа. Так склалася гістарычна. Чаму? Аб гэтым можна вельмі доўга казаць. Для мяне супярэчнасці паміж хрысціянствам і анархізмам у прынцыпе ніякай няма і быць не можа. Гэта ўсё ў мяне ў галаве і ў душы вельмі гарманічна ўжываецца.
Пра сябе дадам, што я нарадзіўся у сям’і, дзе вера ў Бога была нормай. І так, мне пра Бога заўсёды нешта казалі бацькі. Але пры ўсім пры гэтым ніколі мая сям’я такой ужо моцна рэлігійнай не была. І па-сапраўднаму сур’ёзна, глыбока я прачытаў Евангелле толькі падчас першага свайго тэрміну на магілёўскай крытай. І яно стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Я проста зразумеў, што калі людзі пачнуць жыць па евангельскіх прынцыпах, то не трэба нават ніякіх рэвалюцый, проста анархісцкі лад настане аўтаматычна. То бок толькі аб гэтым і кажуць евангельскія прынцыпы: не шукаць панавання над бліжнім, не шукаць кіраўніцтва, не шукаць выгады з бліжняга, а наадварот, імкнуцца яму даваць больш. Што ў прынцыпе і ёсць, паўтаруся яшчэ раз, той самы анархізм.
Так што з часоў магілёўскай турмы я лічу сябе вернікам, хрысціянінам. Ну, мажліва, я не такі хрысціянін… прама дагматычны. Пры гэтым я паважаю ўсе астатнія рэлігіі, асабліва аўраамічныя. То бок я лічу, што няма, мусіць, ніводнай рэлігіі на свеце, якая б казала: забівай, крадзі, рабі зло бліжняму, хлусь. Правільна? Вось таму я паважаю іншыя рэлігіі, лічу, што да Бога можна прыйсці рознымі шляхамі. Аднак, усё ж такі, я нарадзіўся ў Еўропе, ментальна і культурна я еўрапеец, таму вера ў Іісуса Хрыста да мяне найбліжэйшая і я яе прытрымліваюся.
Фота spring96.org