«Сілавікі — мілейшыя людзі». Магчымасць размовы святара з імі ў кантэксце 7 лістапада.
Вось кажаце сілавікі… але ж і за іх памёр Хрыстос. Пытаецеся мяне, як я магу дзяліць у сваіх разважаннях людзей на бандытаў і небандытаў. (Глядзі тут ..👍 https://youtu.be/JvJKQoelVlc Агрэсія — адкуль бярэцца? Што кажа пра яе Касцёл і Бог. Лёс агрэсараў.) А я, з досведу апошніх дзён, скажу так: сапраўды маеце рацыю, бо сілавікі мілейшыя людзі… Яны шукаюць праўду, як ніхто іншы… і так сталася, што акурат перад гадавінай бальшавіцкага перавароту, яны, як згаварыўшыся, усе па чарзе палічылі патрэбным мне патэлефанаваць.
Супрацоўнікі пракуратуры, МУС і следчага камітэту настойліва прапанавалі сустрэцца з імі і паразмаўляць. (тое відэа https://youtu.be/JvJKQoelVlc пасля якога абудзілася жаданне гаварыць .. Уручэнне даверчых грамат нунцыем — што гэта палітычная гульня, здрада альбо дыпламатыя?) Ну не бесы ж гэта імкнуцца праз іх паўтарыць гісторыю, што 7 лістапада, так званай рэвалюцыяй, распачалася 103 гады таму? Ад таго моманту на дзяржаўным узроўні адбывалася ганенне на Царкву. Змагаліся з Богам, а значыць і з тымі прынцыпамі, кіруючыся якімі чалавек ёсць Чалавекам.
Аднак, прызнаюся шчыра, я адмовіўся ад прапанаваных сустрэч з прадстаўнікамі ўлады, пакідаючы ім шанец на спатканне ў храме на службе, калі я прапаведую. Спатканне пры іншых абставінах магчыма толькі праз афіцыйную позву. Чаму? Ведаеце, таму што я бачу ў калектыўным вобразе сілавікоў, які складаецца з міліцыі, унутраных войскаў, арміі, следчых, пракурораў ды, нават, суддзяў, зборны вобраз біблейскіх фарысеяў і вучоных у Пісанні. А з імі i Сын Божы быў стрыманы ў кантактах ды не скупіўся ў словах крытыкі. Хрыстос пазбегаў выказванняў з абвінавачваннямі у адрас канкрэтнага чалавека, але вось фарысеям прадказваў і “гора” і называў іх “грабамі пабелянымі”…
Чаму такая розніца ў рыторыцы? Таму што канкрэтны чалавек заўсёды мае шанец на перамену і навяртанне. Але вось сістэма, збудаваная на няправільных фундамента, не паддаецца ўратаванню. Фарысеі – гэта чальцы сістэмы, якая існавала як бы для папулярызацыі Закона Божага ў народзе ізраільскім, а насамрэч, яны сталі тымі, хто праз свае паводзіны і вычварэнскія прынцыпы, ўяўлялі насмешку над тым самым Законам. І вось таму Хрыстос не праяўляў міласэрнасці да хворай сістэмы. Так выглядае сёння і справа з усёй сістэмай правасуддзя ў Беларусі. Іх адыход не толькі ад Закону але нават ад усіх паняццяў, якімі можна казаць, яны кіраваліся раней, і пераход да поўнага беззаконня, гаворыць толькі аб адным: гора “сілавікам” і ўсім прыхвасням улады, што забыліся пра сваё сумленне, бо разам згубілі усялякую легітымнасць і сталі насмешкай над Законам.
І канешне, не трэба быць празарліўцам і выбітным аналітыкам, каб зрабіць выснову, што тая частка народу, якая дабіваецца вяртання вяршэнства закону ў нашым грамадстве, а стане гэта магчымым толькі праз новыя выбары, бо апошнія былі сфальсіфікаваныя, ніколі ўжо не адмовіцца ад свайго жадання. Як і той чалавек, які аднойчы паверыў у Бога, ніколі не спыніцца ў прапаведванні. Апостал Павел казаў: “гора мне калі б не прапведваў». Вельмі сумніўна, што ў прапаведніка можна забраць голас-гэта ж не голас выбарцаў, што можна скрасці. Прапаведніка пасадзіш-ён і адтуль будзе прапаведваць. Яго зняславіш, скампрамітуеш, а Бог і так зробіць сваю справу. У (1 Цім 1,15) Апостал Павел называе сябе “першым сярод грэшнікаў» і гэта не стала перашкодай. Прапаведніку пусціш кулю ў патыліцу… Так і косткі ўмеюць прамаўляць.
У свой час, некалькі гадоў таму назад, хадзіў па Хайсах пад Віцебскам. На месцы тысяч расстраляных людзей. Злачынства здзейсняла НКВД у 30ые гады мінулага стагоддзя. Рабілася яно пад чырвонымі і чырвона-зялёнымі сцягамі. Так вось, там у лесе косткі тырчалі з-пад зямлі. Бо забітыя ніколі не былі па людзку пахаваныя. Умець хаваць памерлых — гэта прывілея высакароднага грамадства. У камуністычнай ідэалогіі на гэта не было месца. У лесе ў Хайсах я сам трымаў у сваіх руках косткі людзкіх ахвяраў камунізма і людзкія прастрэляныя чашкі з дзіркамі ад кулі. Тады, маўчанне гэтых костак да мяне прамовіла так гучна, як ні воднае іншае слова пачутае раней. Маўчанне людзкіх костак невінных ахвяраў аглушае. Так яно ёсць. Так і з тым, хто прапаведае – будзе пачуты заўсёды. Яго голас не заглушыш … І вось вы, “сілавікі», ці разумееце гэта? Вы, якія ўсе хаваецеся за выкананнем загадаў, вы, якія адказвалі мне “Мы – не лезем у палітыку» тады, калі я пытаўся вас дзе вы былі са сваім законам, калі фальсіфіцыраваліся выбары? Вы кажаце, што вы Радзіму бароніце, тады, як я бачу ў вашых дзеяннях усяго толькі клопат пра ўласныя штаны. Забяры вам пайку, паняцце Радзімы адразу зменіцца.