Ксёндз Генрых Акалатовіч перадаў з-за кратаў вернікам звестку пра сваю справу

Выданне «Katolik.Life», якое аб гэтым паведамляе, адзначае, што гэта адбылося напярэдадні яго 65-годдзя, якое святар адзначыў 8 красавіка ў СІЗА Мінска.
Як вядома, ксёндз Генрых Акалатовіч асуджаны на 11 гадоў зняволення па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве». Суд праходзіў у закрытым рэжыме, і ніякіх звестак пра справу пробашча з Валожына дагэтуль не было.
Святар перадае, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана», што з’яўляецца «грубай правакацыяй» У ягонай справе «няма ні слова праўды, ні аднаго факту, які выкрывае яго ў шпіянажы, а ўсё абвінавачванне будуецца на хлусні, пагрозах і шантажы».
«Гэта палітычны працэс», – лічыць святар, які падкрэсліў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а «ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі».
Паколькі у паведамленні згадваюцца эксперты з Міністэрства абароны, выданне робіць выснову, што святару маглі інкрымінаваць нібыта перадачу нейкіх звестак на ваенную тэматыку, бо ў Валожыне знаходзіцца вайсковая частка, якая размешчана ў самым цэнтры горада ў былым палацы па суседстве з касцёлам.
Да таго ж з паведамлення стала вядома, што святара схілялі да правакацый супраць некаторых каталіцкіх іерархаў, але ён адмовіўся ў гэтым удзельнічаць. Ксёндз Генрых падкрэслівае, што ён ганарыцца тым, што можа пацярпець за Каталіцкую царкву, за веру, за Бога і просіць Яго даць яму сіл, каб да канца заставацца годным вучнем Хрыста.
Выданне адзначае, што ў святара інваліднасць, хворае сэрца, гіпертанія, дыябет і іншыя сур’ёзныя праблемы са здароўем, але яму не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. Хутка яго, паводле прысуду, павінны накіраваць у калонію ўзмоцненага рэжыму.