«Фенаменалогія Беларусі» як альтэрнатыва «русскому миру»: ідэалогія Паўла Севярынца
АляксандрРажкоў
Аляксандр Ражкоў — выпускнік Інстытута Тэалогіі БДУ (2021), магістр сацыялогіі (2022), магістр багаслоўя (2023). Даследчык у галінах: філасофія традыцыяналізму, нетрадыцыйная рэлігійнасць ў відэагульнях, відэагульні як інфармацыйна-адукацыйная серада, нетрадыцыйная рэлігійнасць у ВКЛ, анарха-індывідуалізм. Чытар Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Павал Севярынец – адзін з найбольш знакавых палітычных актывістаў сучаснай Беларусі, які адстойвае свае палітычныя ідэі з спасылкай на хрысціянскае веравучэнне. На цяперашні момант больш за 4 гады знаходзіцца за кратамі як палітвязень. Яго публічныя выступы і мастацкія творы, выкарыстоўваючы хрысціянскую топіку, накіраваны на фармаванне містычнага піетэту да Беларусі і яе гістарычнага лёсу, тым самым накіроўваючы людзей на праз асаблівы выклік да рэлігійнага пачатку чалавечай душы.
Сёння, калі хрысціянскі наратыў выкарыстоўваецца прыхільнікамі «рускага свету» для легітымізацыі памкненняў Расеі, цікавым для разглядання можа быць вывучэнне таго, як ідэі Пісання могуць выкарыстоўвацца ў адваротных па сэнсе праектах, адзін з якіх і прапаноўвае Павал. У межах гэтага артыкулу мы звярнем увагу на сістэму поглядаў Паўла, на падставе яго твора «Фенаменалогія Беларусі», дзе актывіст спрабаваў сістэмна рэпрэзентаваць «Беларускасць» як духоўны феномен.
Свой праект Павал супрацьпастаўляў іншым нацыянальна-будаўнічым праектам, такім як «літвінізм» («Вялікалітва»), «крывізм» («Крывія»), «савецкі», «паганізм» і «ваяўнічы» (Беларусь як супрацьлегласць «Расеі Ворагу»). Пры гэтым, змест дадзеных канцэпцыяў ён не раскрывае, проста пералічваючы іх:
Гэтая кніга – выклік ужо існуючым канцэпцыям беларускай нацыянальнай ідэі. “Савецкай”, “ваярскай”, “літоўскай”, “крыўскай”, “славянскай”, “паганскай”. А значыць – запрашэньне на дыспут у маштабах усяе Беларусі. Гэтая кніга – выклік “дзяржаўнай ідэалёгіі”, спробам прыўласьціць краіну, зрабіць яе аб’ектам гандлю, і тым больш усім вымогам сфармуляваць Беларусь не па-беларуску.
Ён сцвярджае, што зместам «беларушчыны» з’яўляецца надканфесійнае хрысціянства. Значыць, Беларусь з’яўляецца для яго «феноменам» (выяўленным) хрысціянствам у межах этнічнай суполкі.
Самая вялікая цяжкасьць для ўсіх дасьледнікаў беларушчыны заўжды была ў тым, што беларуская нацыянальная ідэя – фэномэн у значна большай ступені духоўны, чым этнічны або тэрытарыяльны.
Мы дагэтуль перабіраем розныя імёны – Крывія, Вялікалітва, Белая Русь… Мы зацыкліваемся на Расеі-Маці, або Расеі-Ворагу. Замест беларускіх духовых імпэратываў мы шукаем пацьверджаньняў беларускае ваяўнічасьці…
Паводле Севярынца, нацыя – гэта этнас/ы, асвятлённыя Евангеллем, а значыць без хрысціянства нацыяналізм немагчымы, інакш ён апынаецца «матэрыялістычнай філасофіяй», а не «існым фактам».
Усе сучасныя замяняльнікі нацыянальнай ідэі – і дзяржаўная ідэалёгія, і побытавы гонар “хвалі сваё”, і нават прасунуты апазыцыйны “нацыяналізм” ёсьць усяго толькі бледным водбліскам сапраўднай нацыянальнай ідэі. Той адзінай гістарычна і сьветапоглядна апраўданай ідэі, у якой звышмэтай зьяўляецца Сам Ісус Хрыстос.
Нацыянальная ідэя – гэта не навуковая дысэртацыя, не філязофія й не бэлетрыстыка. Гэта канстатацыя факту.
Такі нацыяналізм, на думку Севярынца, змог з’явіцца толькі з пачаткам Рэфармацыі. Паводле яго, менавіта асноўныя прынцыпы Рэфармацыі – Sola Gratia, Fides, Scriptura, Christus – і становяцца зместам нацыянальнай палітыкі.
У Рэфармацыі было толькі чатыры мэты. Толькі чатыры “толькі”.
Sola gratia: толькі ласка Божая!
Мы маем жыцьцё й збавеньне ня дзякуючы якомусьці выпадку ці ўласным добрым справам, а выключна зь літасьці Боскай. Sola gratia! – Беларусь, краіна Ласкі Божай, схілялася перад Госпадам, вызнаючы Ягоную волю.
Sola fides: толькі вера!
Толькі асабістай вераю ў Хрыста можна дасягнуць Царства Нябёснага. Толькі вера ёсьць сілаю, якая ператварае народ у нацыю.
Sola scriptura: толькі Сьвятое Пісьмо!
Рэфармацыя ўзьняла на сьцяг абсалют Слова Божага. Біблія ставілася ў цэнтр грамадзкага й палітычнага жыцьця, і гэта давала моцны штуршок кнігадрукаваньню, законатворчасьці, асьвеце, адукацыі.
Нарэшце, Solо Cristo: Толькі Хрыстос!
Рэфармацыя вяртала чалавецтва да Ахвяры Ісуса, ставіла ў прыклад жывую духовасьць раньняга хрысьціянства й заклікала да асабістых стасункаў з Хрыстом – без пасярэднікаў, без абразоў, без сумневаў.
Гэтыя Sola – сапраўднае сола ў гімне беларускага Залатога веку й праўдзівая соль беларускай гісторыі»
Беларускі нацыяналізм як ідэалогія, якую прапануе Севярынец, ёсць выяўленнем хрысціянства праз беларусаў як супольнасць. Адпаведнасць хрысціянству заключаецца, паводле ягонага меркавання, у строгім персаналізме, дзе кожная асоба з’яўляецца носьбітам нацыянальнага духу, выяўляючы яго асаблівым чынам, то бок з’яўляецца «катэгорыяй духу».
Нарэшце, беларускасьць выключна асабовая, бо адпачатку духовая: асоба – гэта катэгорыя духу.
Хрысьціянскі пэрсаналізм – ключавое вымярэньне нацыянальнае ідэі.
Гэта надзяляе Беларусь як «Новы Ізраіль» асаблівай духоўнай місіяй, якая становіцца сэнсам беларускай геапалітыкі, якім ёсць «місіянерства». Беларусь як «сэрца-храм» павінна прасвятляць Еўропу і Сусвет святлом Евангелля.
А значыць, наперадзе Беларусь чакае яшчэ больш вялікая гісторыя. Гісторыя падарожжаў, пакутаў і павучаньняў, празь якія народы пойдуць да спазнаньня Бога. Гісторыя місіі й пропаведзі ашаламляльных маштабаў – па ўсім зямным шары.
Мэтой такой геапалітычнай асветы з’яўляецца рэалізацыя «падабенства» і шлях да будовы Царства Нябёснага. Але гісторыя можа прывесці да гэтай мэты толькі тады, калі сама гісторыя пачне атаесамляцца з феноменам «веры», бо менавіта яна дае «Волю» як ласку Св. Духа.
Беларускае сьвятло ператвараецца ў азарэньне, асьвятляе ўсю дрыжучую й захопленую душу і патрабавальна вядзе за сабою да Валадарства Нябёснага.
Воля, заснаваная на веры. Воля, якая пераадольвае фізычныя законы, бо ведае закон вышэйшы – закон духу.
Беларуская воля, натхнёная Духам Сьвятым, сплаўляецца ў кулак, пераадольвае чалавечае, падначальвае сабе душу, розум, сэрца – і пераварочвае цэлыя эпохі й краіны.
Заснаванасць місіі на прынцыпе «любові» мае наступствам розныя формы «сінтэза», пачынаючы ад «міжмоўнасці» да «зборна-служкавай» эканомікі.
Беларуская талеранцыя, мяккасьць, натхнёная ўзвышанасьць, цяга да слова як сродку размовы й паразуменьня, самаадданасьць і міжмоўе здольныя прымірыць, паглынуць і распусьціць у наскім растворы любові нават сусьветную міжканфэсійную нецярпімасьць.
Прытым ажыцяўляецца яна пераважна «Словам-Закона», ад чаго самыя выбітныя Беларусы – гэта паэты, прапаведнікі, празаікі, а самыя значныя артэфакты Беларусі – гэта законы, мастацкія творы і г. д.
Такая місія павінна супрацьстаяць «Еўрапейскаму дэкадансу» і «саветызму», т. я. яны вядуць да «Безбожжа» і заняпаду чалавечай цывілізацыі ў граху. Таксама такая «місія» паэтычна супрацьстаіць «імперыялізму», які заснаваны на зневазе асобы як феномена, а значыць на зневазе самаго Бога.
Беларушчына, натхнёная, духовая, мае ўсе шанцы неўзабаве ўварвацца сьвежым ветрам ў затхлае закатнае валадарства Старога Сьвету – як альтэрнатыва эўрапейскаму дэкадансу, на чале цэлае хвалі з Новай, Усходняй Эўропы.
Сэнсам нацыі ёсьць адасабленьне дзеля кшталтаваньня чалавека і шанаваньня Бога, а сэнсам імпэрыі – зьмяшаньне і зьнішчэньне нацыяў дзеля падпарадкаваньня асобы і замяшчэньня Бога ідалам.
Хрысьціянства – і як сыстэма каштоўнасьцяў, і як аснова здаровага нацыянальнага сьветапогляду, і ўвогуле як вобраз найэфэктыўнейшага жыцьця – павінная стаць альтэрнатывай бездуховаму саўковаму рэжыму й грамадзкаму упадку.
Таму, палітычна такая сістэма адстойвае ідэалы дэмакратызму, індывідуалізму і капіталізму, а ўзорам для іх з’яўляецца Веруючая Амерыка. Палітычна сістэма прапаноўвае канфедэратыўны праект «Міжмор’я» як «Рачнога Хартлэнда», які духоўна праз рачныя «воды» з’яўляецца атлантысцкім, але фактычна з’яўляецца геапалітычнай «сушай».
Першае, што мусіць зрабіць сарцавіна Эўропы сёньня – зьяднаць нядаўна вызваленыя з-пад улады зла краіны Міжмор’я. Украіна, Польшча, Малдова, Літва, Латвія, Эстонія, якія фармуюць паміж Балтыкай і Чорным морам Новую Эўропу, маюць зь Беларусяй супольныя інтарэсы на Захадзе й аднолькавыя праблемы з Усходам.
Вобраз Нашай Эўропы – колішняе Вялікае Княства Літоўскае, галоўная ідэя беларускае геапалітыкі, эканомікі й культуры. Трэба паставіць сваёй задачай, паралельна ўступленьню ў Эўразьвяз, сыстэмную інтэграцыю ад мора да мора, сваім найпершым прыярытэтам – гаспадарчыя, фінансавыя, інфармацыйныя й культуровыя праекты з суседзямі, сваёй місіяй – яднаньне ўсходнеэўрапейскай прасторы й забесьпячэньне стратэгічнага ўплыву як на Захад, так і на Ўсход.
Пры гэтым, дадзеная сістэма будуецца на чарзе спрэчных для багаслоўскай думкі тэзаў. Напрыклад, атаесамленне з «беларушчыны» з асабістай ідэяй Хрыста, Беларусі з «уцелаўленнем Хрыста» выклікаюць засцярогу, бо фактычна ствараюць новую рэлігію шляхам сінтэза беларускага нацыяналізму і хрысціянства. Гэта выяўляецца і ў атаесамленні гісторыі Беларусі з Біблейскай Гісторыяй.
Беларусь – такое ж цудоўнае ўцелаўленьне Хрыста, як і ягонае нараджэньне ад найчыстае Дзевы Марыі 2000 гадоў таму “Слова сталася целам” – фэномэн Божае волі, які лёгка ўгадваецца ў Беларусі.
Цяпер ясна, што беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Хрыста: Ісус стварыў Беларусь, і Яму, Мэсіі, насьледуюць і гісторыя, і культура, і асобы.
Беларуская гісторыя, як і ізраільская, адбывалася паводле Бібліі.
Чым больш разьбіраесься ў гісторыі Беларусі, тым больш яна нагадвае Біблію. Прычым настолькі ўражліва й пранізьліва, што момантамі здаецца: вобразы й падзеі Сьвятога Пісьма наноў ажываюць і паўтараюцца ў нашай краіне, а тысячагадовая Беларусь паўстае як жывая ілюстрацыя да Кнігі Кнігаў – разгорнутая пасярод Эўропы, на скрыжаваньні, каб было відаць усім.
Пры ўсім гэтым, пэўныя канцэпцыя, прапанаваныя Паўлам, знаходзілі пэўны водгук у беларускіх масах. Так, напрыклад, вядома, што пры разгляданні справы пратэстанцкага верніка С. Мельянца, апошні, абараняючы сваё права на выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга, называў яго сымбалям хрысціянскай веры, спасылаючыся на кнігу прарока Ісаі. П. Севярнец жа напрамкі называў бел-чырвона-белы сцяг сцягам «Хрыста». Падкрэслім, што раней у 90-я гады падобныя тэзы сцвярджаў іншы бачны дзеяч беларускай апазіцыі – Зянон Пазняк: «А можа, невыпадкова, што нацыя, якая стагоддзямі ўваскрасае ў пакутах і муках, мае сьцяг Ісуса Хрыста?». Тым не менш, менавіта Павал Севярынец змог папулярызваць гэтую ідэю сярод беларускай дэмакратычнай апазіцыі.
Такім чынам, Павал Севярынец стварыў сістэму, што акрэслівае жыццёвыя гарызонты народа, тым самым легітымізуючы яго духоўную ролю ў Гісторыі. Праект гэты грунтуецца на іншых ідэйных пачатках, чым ідэалогія «рускага свету», тым самым прадстаўляючы яму альтэрнатыву, але сутнасна з’яўляецца такім жа нацыянальным працягам біблейскага наратыву, што можа супярэчыць багаслоўскім асновам хрысціянскай рэлігіі.
Напрыклад, параноўваючы сістэму поглядаў П. Севярынца і А. Дугіна (як ідэолага «русского мира», які звяртаецца ў сваіх будовах таксама да хрысціянскага наратыву), можна выбудаваць наступную табліцу:
Крытэр/Аўтар | П. Севярынец | А. Дугін |
Цяга прадставіць свой праект, як альтэрнатыву існуючым. Стаўленне да Еўрапеізму і Саветызму | Так. Негатыўнае (да еўрапейскага досведу з акалічнасцямі). | Так (4-я палітычная тэорыя). Негатыўнае (да савецкага досведа з акалічнасцямі). |
Краіна як «адлюстраванне Боскай ідэі» | Так. Беларусь як «феномен звышнатуральнага ўцелаўлення», «феномен хрысціянства» | Так. Расія як «носьбіт Логаса» |
Змест нацыянальнай ідэі | Надканфесійнае хрысціянства | Рускі Логас (утрымлівае ў сабе праваслаўе) |
Разуменне нацыі/народа | Этнасы, асвятлённыя Евангелем | Народ – «этнічнае ядро з элементамі этнічных меншасцяў», што аўтэнтычна экзістуюць у межах адзінага Логаса (тэрмін нацыя мае негатыўную канатацыю) |
Стаўленне да персаналізму і капіталізму | Пазітыўнае | Негатыўнае |
Стаўленне да рэфармацыі | Пазіўтыўнае, як да корня «правільнага нацыяналізму» | Негатыўнае, як да адлюстравання далейшай ступені Заходне-Еўрапейскай (Англа-саксонскай) апастасіі |
Краіна ўзор-арыентыр | ЗША | Візантыя (з акалічнасцямі) |
Геапалітычная ідэнтычнасць краіны | «Суша з ідэалогіяй мора» | «Суша» |
Роля роднай краіны ў Сучаснай Гісторыі | Беларусь як «Новы Ізраіль», што «ахвярна асвятляе Еўропу» | Расія як «Катэхон», задача якога – утрымліваць прышэсце Антыхрыста |
Сэнс «місіянерства краіны» | Шлях да «ўпадабнення» з Владарствам Нябёсным | Шлях да «ўпадабнення» з Владарствам Нябёсным |
Нацыянальная ідэя ў стаўленні да ідэяў нац.меншасцяў | Сінтэзуе іх з сабой на шляху да надідэйнай ідэі Хрыста | Яднае ўнутры сябе ў межах шляху да яднання з «Розумам Ствараючым» |
На падставе дадзеных табліцы відаць, што ў вялікай колькасці пунктаў, логіка А. Дугіна і П. Севярынца з’яўляеццаа тоеснай. Абодва інтэлектуала асэнсоўваюць свае краіны як духоўныя феномены, а іх гісторыю – як фрагмент агульна-чалавечай эсхаталогіі, канчатковая кропка якой – будова Валадарства Нябёснага, частковым адлюстраваннем якога з’яўляюцца краіны, апалагетамі якіх яны выступоўваюць. Іх метафізічныя і фенаменалагічныя будовы аднолькава супрацьстаяць актуальным палітычным ідэалогіям, а таксама крытычна ставяцца да досведу сучасна-еўрапейскага і савецкага часоў.
Розніцы прысутнічаюць на ўзроўне рознай геапалітычнай скіраванасці двух інтэлектуалаў, што фармуе спецыфіку дзьвюх сістэм, а таксама месца радзімы ў межах гэтых сістэм. Калі для А. Дугіна персаналізм і капіталізм з’яўляюцца непрымальнымі, то для П. Севярынца яны з’яўляюццца адлюстраваннем «сапраўднага ладу існавання». Таксама варта адзначыць, што для А. Дугіна большую значнасць грае «рускасць» як такая, а хрысціянства праваслаўнае з’яўляецца аднім з модусаў яе адлюстравання, у той час калі для П. Севярынца беларушчына – гэта адлюстраванне хрысціянства.
Тут можна сведчыць аб тым, што на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы існуюць як спробы стварыць «нацыянальную міфалогію» праз сваеасаблівую рэінтэрпрэтацыю хрысціянства (якая не мусіць здзіўляць у часы папулярызацыі New Age брыкалажу), так і існуе частковы попыт на гэтыя канцэпцыі, што сведчыць аб духоўных пошуках сваёй ідэнтычнасці людзей як Расіі, так і Беларусі. З-за прычыны заняпаду актуальнасці свецкіх форм нацыянальнай ідэалогіі ідзе працэс «пераачароўвання» палітычнага: поле палітычных ідэалогій наноў пачынае спасылацца на метафізічныя аргументы як крытэры ісцінасці сваёй пазіцыі.
З улікам таго, што працэс «пераачароўвання сусвету» звязан з сеткавізацыяй грамадства, дамінацыяй прынцыпаў перыніялізму і халізму і г. д., новыя «духоўныя нацыянальныя міфы» актыўна сінтэзуюць у сябе як ідэі сучаснай філасофіі, дак і звяртаюцца да «традыцыі» (у тым ліку і Хрысціянскай), ствараючы яе «духоўны працяг» без санкцыі пэўных інстытуцыяў. Гэта напрамую ўплывае на тое, што з’яўляюцца інварыянты хрысціянскай дактрыны, якія, сутнасна, абагаўляюць краіны, этнасы і дзяржавы, выстаўляючы іх за выявы Боства.
Такім чынам, можна сцвярджаць тое, што духоўна-палітычныя будовы П. Севярынца, якія абгрунтоўваюць асобую ролю Беларусі ў гістарычным працэсе, не з’яўляюцца чымсьці абсалютна ўнікальным на тэрыторыі Ўсходне-Славянскага Рэгіёну сёння. Аналагічныя канцэпцыі, хоць і з іншымі геапалітычнымі арыентырамі, выбудоўваюцца ў Расіі. Гэта з’яўляецца непасрэдным следствам рэінтэрпрэтацыі «традыцыі» праз «нацыянальнае» (што ілюструе постмадэрнічную дыялектыку ў вобласці інтэлектуальнага), характэрнага для працэсу «пераачароўвання сусвету» ў сферы палітычнага.
Выява для артыкула: Віцебская Вясна