Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Тракельcкі санктуарый: дзяржаўныя ільготы за лаяльнасць?

Тракельcкі санктуарый: дзяржаўныя ільготы за лаяльнасць?

Тракельcкі санктуарый: дзяржаўныя ільготы за лаяльнасць?
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

«Касцёл і дзяржава ідуць поплеч, прытрымліваючыся аднолькавых каштоўнасцей – клопату аб чалавеку, міру і згоды». З такой назвай у жніўні 2020 года ў прарэжымных медыя разыйшлося інтэрв’ю з кс. Ежы Бяганскім, кусташам (“захавальнікам”) санктуарыя ў Тракелях. Гэты тэкст многія каталікі ўспрынялі тады як падтрымку Лукашэнкі перад надыходзячымі выбарамі. Супраца тракельскага святара з уладамі з таго часу стала толькі яшчэ больш шчыльнай.

Разам з тым, кс. Бяганскі вядомы тым, што за апошнія пару гадоў да непазнавальнасці акультурыў святыню і прылягаючую да яе тэрыторыю, а колькасць іх наведвальнікаў падвоілася. Што стаіць за подобным поспехам – палымянае жаданне служыць і адухоўліваць таксама і чыноўнікаў, свядомая і шчырая падтрымка дзеючай улады ці гульня на два фронты — узаемадзеянне з рэжымам дзеля забеспячэння саступак з яго боку?

Росквіт Тракеляў

Сам кусташ зазначае, што для яго маўчанне і адсутнасць дзеяння самае горшае, што можа быць. Святар адрозніваўся актыўнасцю і да “тракельскага” перыяду. Будучы капеланам Лідскага цэнтральнага раённага шпіталя, ладзіў супрацоўніцтва з медперсаналам: праводзіў калядныя сустрэчы, арганізоўваў пілігрымкі для дактароў і іх сем’яў у Польшчу, асвячаў аўтамабілі хуткай дапамогі. Пры спрыянні кс. Ежы была адчынена і дагледжана шпітальная капліца. Святар таксама абараніў доктарскую дысертацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча).

Кс. Бяганскі быў прызначаны кусташам санктуарыя ў Тракелях (Гродзенская вобл., Воранаўскі раён) у 2018 годзе. Пасля гэтага навакольная тэрыторыя і жыццё мясцовага касцёла змяніліся. У выніку добраўпарадкавання ля санктуарыя з’явіліся вадаёмы, капліцы, барэльефы Крыжовага шляху, алея Маці Божай, алея 12-ці Апосталаў і г. д. Ксёндз ладзіць дзясяткі мерапрыемстваў і сустрэч. Колькасць паломнікаў, прыбываючых на мясцовы фэст у ліпені, павялічылася з 6 да 13 тысяч чалавек.

Адкуль такая ўзаемная любоў уладаў і кусташа?

Настолькі красамоўных выказванняў кс. Ежы, як у вышэйзгаданым артыкуле, у СМІ больш не знайшлося. Звычайна канонік абмяжоўваецца словамі падзякі ўладам. Аднак святар ахвотна ўдзельнічае ў дзяржаўных ініцыятывах — наведвае супрацоўнікаў РАУС, жадаючы ім надалей “забяспечваць нам бяспеку”, запрашае дэпутатаў Гродзеншчыны, функцыянераў БРСМ, сельвыканкамаў ці ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальсцяў. Пры гэтым, падчас сустрэчы з апошнім, робіцца акцэнт на “недапушчальнасці палітызацыі рэлігіі”. Аднак у той жа час дзяржаўная прапаганда ўзгадвае, што “абраз Маці Божай Тракельскай, які адсланяецца толькі падчас службаў, у якасці выключэння паказваюць дэпутатам”.

Разам з тым у інтэрв’ю для “Onliner”, якое выйшла ўжо пасля 2020 года, кс. Ежы разважае, што беларусам патрэбна свабода і параўноўвае іх з рыбкамі ў акварыюме, якія маглі б зрабіць куды больш, знаходзячыся ў вольным плаванні. Кусташ падкрэслівае, што Беларусь – гэта еўрапейская краіна і на пытанне “А если подпишут протокол и поставят печать, что нам в другую сторону?”, адказвае, што гэта немагчыма і Беларусь ад Еўропы ніколі не адарвецца.

У імкненні садзейнічаць развіццю санктуарыя і папулярызаваць яго, кусташ выказвае сваю прыхільнасць на палярных пляцоўках.

Ці апраўдвае сябе падлашчванне да рэжыма?

Што атрымалі Тракелі ад узаемадзеяння кусташа з уладамі? Ці падобная пазіцыя святара больш горшыць, ці наадварот, яднае людзей? Ці атрмыліваецца ў кс. Ежы захоўваць баланс у наладжванні кантактаў, ці наадварот, санктуарый ужо славіцца як рэжымны аб’ект?

Без спрыяння ўладаў не быў бы магчымы шэраг ініцыятываў кусташа. Яны выдзелілі санктуарыю дадатковыя 2,5 гектараў зямлі, далі дазвол на добраўпарадкаванне мясцовых могілак з вялікай колькасцю надмагілляў на польскай мове, перадалі на бязвыплатнай аснове Тракельскай парафіі капліцу ў вёсцы Марысева Дварышчанскага сельсавета, не перашкаджалі набыць на аўкцыёне будынак былой адміністрацыі калгасу, які ў будучыні стане прытулкам для паломнікаў. Вядома, падобныя лаяльныя крокі з боку сістэмы патрабуюць дабранадзейнасці наўзамен.

Актыўнасць кусташа не зводзіцца да забяспячэння матэрыяльных даброт у санктуарыі. Кс. канонік арганізоўвае шмат акцый – спаборніцтвы па аматарскім рыбалоўстве, творчыя конкурсы, сустрэчы для дзяцей з шырокай забаўляльнай праграмай, забяспечвае прысутнасць санктуарыя ў сацыяльных сетках. Як паказала статыстыка, падобныя мерапрыемствы прыцягваюць вялікую колькасць людзей. Але не пакідае ўражанне, што гэта добрая праца мэнэджэра без вялікага ўдзелу духоўніка, якая, адпаведнае, прываблівае выключна людзей, якія ставяцца да паломніцтваў па-спажывецку.

Кампраміс, які абраў кс. Ежы ва ўзаемадзеянні з уладай дзеля рэалізацыі сваіх задумаў, адбіўся і на верніках. Выказванне расчаравання ў кусташы можна спаткаць у ФБ-групе “Каталікі Беларусі”. Найбольшая хваля крытыкі паднялася менавіта пасля публікацыі інтэрв’ю святара праўладным медыя ў перыяд выбараў 2020 года. Гэта інтэрв’ю і стала выкананнем умовы сацыяльнага кантракту з дзяржавай. Падобны заказ выканаў тады і кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі. Такім чынам рэжым намагаўся заручыцца падтрымкай Касцёла і стварыць лаяльную да сябе альтэрнатыву ў адказ на ініцыятыву вернікаў “Католік не фальсіфікуе”, фокус якой быў скіраваны на справядлівыя выбары.

Як бы не пашыралася поле дзейнасці тракельскага кусташа — яго ўдзел у, на першы погляд, бяскрыўдных праўладных мерапрыемствах адштурхоўвае частку не толькі каталікоў, але і ўсяго грамадства. Акцыянізм і ландшафтны дызайн, вядома імпануе, але сёння людзі чакаюць ад Касцёла большага.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава