Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Аляксандр Шрамко, святар: «Царква за прымірэнне? Калі ёсць канкрэтнае зло, з ім трэба змагацца!»

Аляксандр Шрамко, святар: «Царква за прымірэнне? Калі ёсць канкрэтнае зло, з ім трэба змагацца!»

Аляксандр Шрамко, святар: «Царква за прымірэнне? Калі ёсць канкрэтнае зло, з ім трэба змагацца!»

Якой павінна быць роля Праваслаўнай царквы ў сённяшняй Беларусі? Ці з’яўляецца асуджэнне царкоўнымі дзеячамі гвалту з боку ўлады ўмяшаннем у палітыку? Чаму кіраўнікі беларускіх манастыроў выступаюць са скандальнымі заявамі, якія супярэчаць царкоўным канонам? Пра ўсё гэта мы пагутарылі з праваслаўным святаром Аляксандрам ШРАМКО.

– Ойча Аляксандр, новапрызначаны мітрапаліт Веніямін нядаўна заявіў, што пераадолець супрацьстаянне паміж уладай і грамадствам дапамогуць малітва і пост (не той, што ў сацсетках). І што царква павінна застацца па-за палітыкай. Вы згодны з такім меркаваннем?

– Царква сапраўды мае быць па-за палітыкай. Але ў нас часта людзі блытаюць самі паняцці. На мой погляд, умяшанне царквы ў палітыку – гэта калі яна будзем аддаваць перавагу якому-небудзь кандыдату ці партыі на выбарах. А калі царква ўздымае свой голас супраць гвалту над мірнымі людзьмі, якая ж тут палітыка? Царква павінна заяўляць пра гэта! Бо нават у “Асновах сацыяльнай канцэпцыі Праваслаўнай царквы” (ёсць такі дакумент) пра гэта гаворыцца. Калі парушаюцца запаведзі (не ілжэсведчы, не забі), царква ніякім чынам не павінна маўчаць! У тым дакуменце, дарэчы, прадугледжваецца нават крайняя мера – грамадзянскае непадпарадкаванне. Царква можа заклікáць і да яго.

– А ўдзел кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы ў розных прыўладных мерапрыемствах (напрыклад, у цырымоніі ўручэння штогадовай прэзідэнцкай прэміі) – гэта “па-за палітыкай”?

– Сапраўды, на словах адмяжоўваючыся ад палітыкі, царква прымае ўдзел у розных палітычных акцыях. Напрыклад, у так званых “усебеларускіх сходах”, якія праводзіліся звычайна пад выбары. Па сутнасці, гэта былі перадвыбарныя мерапрыемствы. І на іх заўсёды выступаў наш мітрапаліт. Выступаў – значыць, падтрымліваў самі ведаеце каго. Вось гэта і ёсць самая сапраўдная палітыка. А калі ўлада змушае людзей да масавых фальсіфікацый (да граху ілжэсведчання), да гвалту, царква кажа: мы не павінны ўмешвацца. Але гэта – сістэмны прымус парушаць запаведзі!

– Не ўсе царкоўныя дзеячы маўчаць. Згадайма пропаведзь архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія ці адзіночны пікет гомельскага святара Уладзіміра Драбышэўскага. Ён проста выйшаў на вуліцу з таблічкай “Спыніце гвалт!”, а яму за гэта далі 25 сутак…

– Аднойчы ён увогуле выйшаў з трэцім законам Ньютона, напісаўшы на таблічцы: “Дзеянне роўнае супрацьдзеянню”. Чалавек дзейнічае па веры сваёй, па сваім сумленні і – падвяргаецца ганенням. І тое, што каталіцкага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусцілі ў краіну – гэта дакладна ганенні. Мітрапаліт не выходзіў з пратэстамі на вуліцу, ён нічога супрацьпраўнага не зрабіў – за што з ім так абыходзяцца? Відаць, Лукашэнка сёння шмат якія рашэнні прымае, што называецца, на нервах, а гэта толькі падвышае градус напружанасці ў грамадстве.

– Царква павінна гэты градус паніжаць? Выступаць за прымірэнне?

– Царква за прымірэнне – гучыць прыгожа, але насамрэч гэта крывадушная (“лукавая”) пазіцыя. Згадайце, калі была Вялікая Айчыннай вайна, царква дапамагала народу ў змаганні з нацызмам матэрыяльна і духоўна. Яна ж не заклікала: давайце прымірымся! Калі ёсць канкрэтнае зло, з ім трэба змагацца. А не змірыцца з тым, што зло існуе. І Ісус Хрыстос гаварыў: “Вы думаеце, я мір прынёс? Не мір, а меч!” Само хрысціянскае вучэнне патрабуе ад чалавека ў пэўных умовах рашучых крокаў. Так, сутнасць хрысціянства – мір. Але – Божы мір, дзе пераможана зло. Калі хтосьці кагосьці збівае і гвалціць, хрысціянін не можа падысці і сказаць ахвяры: змірыся і расслабся. Ён павінен заступіцца!

– Улада палічыла, што мітрапаліт Павел заступіўся? Яго раптоўны выезд у Расію, на Кубань, выглядае як высылка.

– Ці ён заступіўся… Па-першае, ён наведаў у бальніцы збітых на акцыі пратэсту і пажадаў ім не падаць духам. Па-другое, у СМІ прайшла інфармацыя, што ён папрасіў прабачэння ў прыхаджан за віншаванне Лукашэнкі з перамогай на выбарах. Потым царкоўная прэс-служба апошняе аспрэчвала. Але так яно, у прынцыпе, і было. Мітрапаліт Павел выйшаў на царкоўны цвінтар, там сабраліся людзі на малебен і запыталіся, чаму ён паспяшыў з віншаваннем. І ён літаральна сказаў: “Прабачце мне, калі некага з вас гэта пакрыўдзіла”. Гэтага аказалася дастаткова для “высылкі”. Разумееце, у нас улічваецца нават не тое, што ты “супраць”, але і што недастаткова “за”. А што мітрапаліт Павел хістаўся, было бачна.

– Канкрэтна “супраць” можна разглядаць пропаведзь архіепіскапа Арцемія, які параўнаў брутальныя дзеянні ўлады з апрычнінай часоў Івана Жахлівага. Добра, што яго не пасадзілі на суткі… А што ў Беларусі можна зрабіць з непакорным епіскапам?

– Тут цікавая рэч. У Беларускім Экзархаце зняць епіскапа больш складана, чым нават мітрапаліта. Мітрапаліта здымае і ставіць толькі маскоўскі Сінод на чале з патрыярхам. А вось справу аб прызначэнні ці зняцці епіскапа павінен спачатку разгледзець Сінод беларускіх епіскапаў у Мінску, а ўжо з іх прапановы мусіць прыняць рашэнне Сінод у Маскве. Два этапы павінны быць. Ну і, дасягнуўшы 75-гадовага ўзросту, епіскап абавязкова піша прашэнне аб адстаўцы. Яно ляжаць да пары да часу, у любы момант яму могуць даць ход. Так было ў свой час і з мітрапалітам Філарэтам.

– Вялікі розгалас апошнім часам выклікалі два публічныя выступленні царкоўных дзеячаў – ігуменні Гаўрыілы з Багародзіца-Раждзественскага жаночага манастыра ў Гродне на жаночым форуме і архімандрыта Савы Мажука з гомельскага Мікольскага манастыра на праваслаўным тэлеканале “Спас”. Матушка Гаўрыіла назвала сотні тысяч людзей на мірных шэсцях “деструктивной сектой”, а лозунг “Жыве Беларусь!” – “бесовским выкриком”. Скажыце, што за людзі кіруюць беларускімі манастырамі?

– Трэба сказаць, што Гаўрыіла пасля сустрэчы з мітрапалітам Веніямінам ўсё ж выбачылася. Але выбачылася не па змесце, а зноў жа, як у выпадку з мітрапалітам Паўлам, з агаворкай: калі гэта кагось пакрыўдзіла… Што да людзей манастырскіх, то яны, як правіла, трохі адарваныя ад звычайнага жыцця. Святар у царкве размаўляе з вернікамі, у яго ёсць жонка, якая ходзіць на працу, ёсць дзеці, якія наведваюць школу, ён больш кантактуе з грамадствам, ён не можа так адарвацца. А вось знаходзячыся ў манастыры, чалавек пачынае жыць у сваім свеце, са сваімі забабонамі. Да таго ж гродзенскі жаночы манастыр – стаўрапегіяльны…

– А што азначае гэты статус?

– Ён не падначалены архіепіскапу Гродзенскаму, толькі наўпрост мітрапаліту. Бо ў некаторых СМІ пісалі, якая смелая Гаўрыіла – выступіла супраць свайго начальніка. Арцемій – не яе епіскап, ён не мае над ёй улады. У тым манастыры нават подпісы супраць Арцемія збіралі. Можа быць, каб не напружваць абстаноўку, мітрапаліт Веніямін, прыехаўшы нядаўна ў Гродна на прастольнае свята манастыра, служыў там не з Арцеміем, а з епіскапам Навагрудскім і Слонімскім Гурыем. Аддамо ўсё ж належнае мітрапаліту – ён сказаў, што факты гвалту павінны быць разгледжаны, а вінаватыя – пакараны. Праўда, ён дадаў – і з таго, і з другога боку. Гэта сказана ў час, калі ніякага гвалту са свайго боку дзяржава не прызнае…

– Атрымліваецца, што і словы матушкі Гаўрыілы, і словы архімандрыта Савы відавочна разыходзяцца з пазіцыяй мітрапаліта Веніяміна?

– Як паведаміў прэс-сакратар БПЦ айцец Сергій Лепін, Гаўрыіла на тым форуме выказала сваю ўласную пазіцыю. Але ж яна прызналася, што атрымала на сваё выступленне дабраславенне Веніяміна. А ён нібыта быў не ў курсе… Што да выступлення Савы на “Спасе” – суцэльная хлусня! Па-першае, ён там гаварыў, што людзі на шэсцях выступаюць супраць беларускай дзяржаўнасці. Хоць усё якраз наадварот – яны за дзяржаўнасць! У дзяржаве не працуюць законы, няма парадку дзяржаўнага – людзі і выйшлі. Па-другое, Сава сказаў, што факты гвалту з боку ўлады своечасова разглядаюцца ў судах. Дзе ён гэта пабачыў? Мы ж ведаем: чалавек выйшаў з кветкамі – яго тут жа ў аўтазак, яму тут жа – суткі ці штраф. А колькі спраў заведзена на тых, хто збіваў людзей?

– У Гродне заведзена адна справа.

– А іх мусілі б быць сотні! Па-трэцяе, Сава заявіў, што пратэстоўцы выступаюць за аўтакефалію БПЦ. Адкуль ён гэта ўзяў? Я ўваходжу ў суполку “Хрысціянская візія” пры Каардынацыйнай радзе, дзе ёсць каталікі, праваслаўныя, пратэстанты. Ніхто ад імя КР гэтай тэмы ўвогуле не ўзнімаў! Магчыма, ілжывую сутнасць архімандрыта Савы ацэняць у Маскве і зробяць яго епіскапам. Але няхай ён запомніць: сапсаваная рэпутацыя застанецца яго спадарожнікам назаўжды.

– Пасля прызначэння мітрапаліта Веніяміна вы выказалі асцярогу, што можа быць звужана (і так вельмі вузкая) сфера багаслужбовага выкарыстання беларускай мовы. Але мітрапаліт, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў, сам размаўляе па-беларуску – і са святарамі, і з вернікамі.

– Тут варта ўдакладніць: багаслужбовая мова – гэта адно, а гаварыць па-беларуску – гэта другое. Я ведаў аднаго беларускамоўнага святара, які катэгарычна не хацеў служыць на мове. Я чаму выказваў асцярогу? Бо ў самой БПЦ вельмі баяцца праяў сепаратызму і нацыяналізму. І калі, напрыклад, беларускай мове ў царкве спрыяў рускі чалавек з Разані (маецца на ўвазе мітрапаліт Павел. – М.С.), то звінаваціць яго ў нацыяналізме было складана. А калі тое самае будзе рабіць беларус з нараджэння мітрапаліт Веніямін, то яго лёгка могуць западозрыць у сімпатыі да нацыяналістаў, да аўтакефаліі. Да слова, мітрапаліт Павел, хоць яго і называлі маскоўскім стаўленікам, гаварыў святарам: “Дзе людзі жадаюць службаў па-беларуску – служыце!”

– Але святары мала дзе скарысталіся з яго парады.

– Так, галоўным тормазам былі якраз бацюшкі на месцах. Ну, уявіце сабе: усё ў прыходзе ідзе нармальна, а тут новае нешта ўвядзеш – заўтра палова вернікаў на службу не прыйдзе. Многія святары, відаць, так думалі. Па-другое, дзе знайсці беларускамоўны хор? Бо шмат пеўчых адмаўляецца спяваць па-беларуску. І ўсё ж святар, на маю думку, павінен тут праяўляць ініцыятыву. Як рабіў я, калі служыў у мінскім мікрараёне “Сухарава”. На жаль, не заўсёды ёсць месца, дзе служыць. Скажам, у сталічным Пятра-Паўлаўскім саборы служба па-беларуску праходзіць вельмі рана, ці не ў сем раніцы ў суботу, да асноўнай службы. Самі святары часам ставяць беларускамоўныя службы ў маргінальнае становішча. А потым кажуць: дык жа мала людзей прыходзіць…

– Два гады таму вам забаранілі служэнне ў царкве на пэўны тэрмін – з-за вашага вальнадумства ў інтэрнэце. Вы збіраецеся вярнуцца да паўнапраўнай святарскай дзейнасці?

– Калі зверху будзе ініцыятыва, тады і паглядзім. Сам я ініцыяваць гэта не хачу. Летась мяне выклікáў на размову мітрапаліт Павел. І ў епархіі мне сказалі, што сваімі паводзінамі я не выявіў пакаяння. Цяпер жа такая сітуацыя ў краіне, што дзейныя святары пакутуюць, бо іх сумленне кажа ім адно, а царква патрабуе іншага.

– Дык мітрапаліт змяніўся. Можа быць, уладыка Веніямін захоча зняць з вас спагнанне свайго папярэдніка?

– Не ведаю. Пакуль я застаюся святаром па-за штатам, так бы мовіць, пастаўлены на паўзу. У 2018 годзе мне забаранілі служэнне на год. А летась на епархіяльным савеце мяне зноў звінавацілі ў камунікацыі з аўтакефалістамі, з ерэтыкамі… Прычым вінавацілі людзі, удвая маладзейшыя за мяне, яны вучылі мяне жыць.

– Дык вы чакаеце запрашэння на размову ад новага мітрапаліта?

– Калі мітрапаліт запросіць на гутарку – чаму ж не схадзіць? Усё будзе залежаць ад таго, у якім тоне са мной будуць гаварыць. Калі, як і летась, ва ўльтыматыўным, я гэтага прыняць не магу і не бачу магчымасці для свайго вяртання.

Міхась Скобла, Народная Воля


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава