Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь: адбылася сустрэча арцыбіскупа Антоніо Меніні з Мітрапалітам Веніямінам
6 кастрычніка ў другой палове дня арцыбіскуп Антоніо Меніні, спецыяльны дарадчык Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, і ксёндз Махэр Шаммас, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь, сустрэліся з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам.
На сустрэчы прысутнічалі таксама намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Алейнік і протаіерэй Мікалай Коржыч, Старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства.
Размова адбылася ў вельмі сардэчнай атмасферы ўзаемнай прыязнасці. Арцыбіскуп Антоніо Меніні перадаў Мітрапаліту Веніяміну віншаванні Святога Айца Францішка з нагоды яго прызначэння Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі разам з памятным медалём сёмага года пантыфікату Папы і шчырымі пажаданнямі поспеху ў яго пастырскай місіі. Мітрапаліт Веніямін шчыра падзякаваў за віншаванні і таксама перадаў сардэчнае прывітанне Святому Айцу.
Абодва бакі пагадзіліся, што сёння неабходна, каб Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква ў Беларусі працягвалі па-братэрску супрацоўнічаць на ўсіх узроўнях дзеля дабра краіны і грамадства.
Асаблівым чынам было падкрэслена, наколькі гэта супрацоўніцтва важнае, каб перадаць маладым пакаленням, якія сёння часта становяцца ахвярамі секулярызму і спажывальніцтва, евангельскія каштоўнасці.
І Мітрапаліт Веніямін, і арцыбіскуп Меніні, а таксама Сяргей Алейнік звярнулі ўвагу на глыбока ўкаранёную асаблівую рысу Беларусі, у якой вернікі розных рэлігійных канфесій жывуць у згодзе і ўзаемнай павазе. Абодва іерархі падкрэслілі, што неабходна працягваць маліцца, каб у краіне запанаваў супакой і згода дзеля дабра ўсяго грамадства.
Апостальская нунцыятура спадзяецца, што атмасфера згоды і супакою сапраўды настане тады, калі ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію вернецца яе законны пастыр.