Пра нас
«Хрысціянская візія для Беларусі», скарочаная назва «Хрысціянская візія», ХВ.
Грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае духавенства, багасловаў і актывістаў з праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай і евангельскіх цэркваў у Беларусі і замежжы. Створана ў верасні 2020 года для каардынацыі інфармацыйнай, аналітычнай, праваабарончай, сацыяльнай, культурнай, дыпламатычнай, навуковай і пастырскай дзейнасці ва ўмовах паглыблення беларускага палітычнага крызісу, а з лютага 2022 года — расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Мэтамі арганізацыі з’яўляюцца: захаванне годнасці і правоў чалавека ў Беларусі, дэмакратычнае развіццё краіны, нацыянальнае адраджэнне, міжканфесійны дыялог і супрацоўніцтва, спыненне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, аднаўленне прынцыпаў вяршынства права, справядлівасці і недыскрымінацыі, усталяванне справядлівага і ўстойлівага міру ў рэгіёне, спрыянне агульнанацыянальнаму дыялогу і міжнацыянальнаму прымірэнню.
Накірункі працы «Хрысціянскай візіі»:
развіццё хрысціянскага сацыяльнага вучэння, палітычнай тэалогіі, фармуляванне актуальнага для сучаснага беларускага грамадскага кантэксту хрысціянскага погляду на чалавека, грамадства і палітыку;
інфармацыйная дзейнасць — навіны з жыцця рэлігійных супольнасцяў, іх узаемадзеяння з палітычнымі суб’ектамі і грамадствам, як у Беларусі, так і ў дыяспары, каментары і аналітыка;
умацаванне патэнцыялу цэркваў і іншых рэлігійных арганізацый як суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, спрыянне багаслоўскай і грамадзянскай адукацыі вернікаў і духавенства, іх сеткавай супрацы, пашырэнню ўдзелу міран, у тым ліку, жанчын, у фармуляванні публічнага дыскурсу цэркваў і дзейнасці ў грамадскай сферы, падтрымка дзейнасці рэлігійных актывістаў і супольнасцяў ва ўмовах рэпрэсій;
падтрымка беларускіх хрысціянскіх актывістаў, лідараў, супольнасцяў, праектаў і медыя ў Беларусі;
маніторынг і дакументаванне пераследу беларускіх хрысціянскіх актывістаў, даследаванне патрэбаў, забеспячэнне інфармацыйнай падтрымкі, юрыдычнай, візавай і матэрыяльнай дапамогі, а таксама дапамогі па рэлакацыі;
падтрымка палітычных зняволеных хрысціян і іх сем’яў, кампаніі салідарнасці з палітвязнямі, рэабілітацыя палітвязняў, падтрыманне інфармаваннен грамадзянскай супольнасці па праблемах беларускіх палітвязняў, супраца з праваабарончымі арганізацыямі і дэмакратычным рухам па спрыянні дыпламатычным высілкам, скіраваным на вызваленне і рэабілітацыю палітвязняў;
падтрымка беларускіх хрысціянскіх дзеячаў, супольнасцяў і праектаў у дыяспары: развіццё пастырскай, сацыяльнай і культурнай дзейнасці, супрацоўніцтва з іншымі беларускімі арганізацыямі дыяспары, з мясцовымі цэрквамі, СМІ і грамадствам;
падтрыманне беларускага парадку дня ў межах міжнароднай хрысціянскай супольнасці: узаемадзеянне з хрысціянскімі СМІ, цэрквамі, лідарамі і экуменічнымі арганізацыямі, інфармаванне іх пра сітуацыю ў Беларусі, пераслед хрысціянскіх дзеячаў і супольнасцяў, дзейнасць хрысціян і цэркваў па спрыянні грамадскаму развіццю і дэмакратычным пераменам;
узаемадзеянне і супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі дэмакратычнага руху, а таксама незалежнымі СМІ, павышэнне бачнасці хрысціян унутры дэмакратычнага руху, прадастаўленне дэмакратычнаму руху, СМІ, даследніцкім арганізацыям матэрыялаў і экспертызы ў сферы хрысціянскага сацыяльнага вучэння, свабоды рэлігіі і дзейнасці рэлігійных арганізацый;
праект «Христиане против войны»: супрацоўніцтва з украінскімі хрысціянамі і цэрквамі, а таксама з расійскімі антываеннымі хрысціянскімі актывістамі ў сферы спрыяння справядліваму міру, перапынення расійскай агрэсіі супраць Украіны, фарумляванне агульнай хрысціянскай пазіцыі ў дачыненні да вайны і антываеннай дзейнасці, дакументаванне рэакцый цэркваў і царкоўных дзеячаў на вайну, маніторынг пераследу за антываенную і праўкраінскую пазіцыю, дапамога пацярпелым ад пераследу хрысціянам;
праца па супрацьдзеянні прапагандзе гвалту, варожасці, экстрэмізму, багаслоўская крытыка і дэканструкцыя псеўдахрысціянскіх палітычных наратываў і міфалагем.
16 жніўня 2023 года суд Міёрскага раёна прызнаў экстрэмісцкім Тэлеграм-канал «Хрысціянскай візіі». 7 верасня 2023 года суд Лідскага раёна прызнаў Телеграм-канал экстрэмісцкімі матэрыяламі паўторна. Акрамя таго экстрэмісцкім быў прызнаны былы лагатып канала ў выглядзе «крыжа, які апавіваецца двума васількамі». У той жа дзень экстрэмісцкімі матэрыяламі былі прызнаны сацсеткі «Хрысціянскай візіі» у Інстаграме, Фэйсбуку, Твітэры і «Вконтакте», такое рашэнне прыняў суд Кастрычніцкага раёна г. Віцебска. 7 сакавіка 2024 года Міёрскім раённым судом г. Віцебскай вобласці экстрэмісцкімі матэрыяламі была прызнана старонка «Хрысціянскай візіі» ў Аднакласніках.
Арганізацыя афіцыйна зарэгістравана як публічная ўстанова ў Літве пад назвай «Christian Vision for Belarus».
Адрас: Kalvariu g. 125 08221 Vilnius Lithuania
Рахунак:
IBAN: LT403500010014904527 SWIFT/BIC EVIULT2VXXX Paysera LT, UAB
Bank address: Pilaitės pr. 16, Vilnius, LT-04352, Lithuania
Сайт: https://belarus2020.churchby.info/
Тэлеграм: https://t.me/christianvision
Бот: https://t.me/christianvisionBot
Емэйл: christian.vision.by@gmail.com
Заявы «Хрысціянскай візіі»: https://belarus2020.churchby.info/zayavleniya-hristianskoj-vizii/