Зрабіў мост, ставіў помнікі, дбаў пра царкву. Чым вядомы пэнсіянэр, якога арыштавалі за прапановы ў Канстытуцыю
Пракуратура санкцыянавала арышт на два месяцы для 68-гадовага Мікалая Віцікава зь Церухі Гомельскага раёну. Цяпер ён падазраваны ў крымінальнай справе аб «распальваньні варожасьці». Пэнсіянэр трапіў за краты пасьля таго, як аднёс у раённую газэту «Маяк» ліст з прапановамі ў Канстытуцыю.
Газэта «Маяк» выпусьціла артыкул з нагоды затрыманьня Мікалая Віцікава, дзе зьдзекліва напісала пра яго так: «сельскі жыхар, які свае пасквілі разносіць ня горш за сэктанта», «правінцыйны інтэлігент пэнсійнага ўзросту», «на пасадзе дэпутата зьдзейсьніў шэраг скандальных учынкаў», «правакатар».
Блізкія і знаёмыя Мікалая Герасімавіча былі, па іх словах, шакаваныя такімі фармулёўкамі і падзяліліся са Свабодай тымі добрымі справамі, якімі ён вядомы ў Церусе.
Мікалай Герасімавіч з 1980 году жыве ў вёсцы Церуха. Ён сапраўды вясковы інтэлігент — з 1982 па 1992 год быў намесьнікам дырэктара ў мясцовай школе. У школе ён стварыў гурток юных садаводаў і кіраваў ім. Пры Віцікаву ў школе быў закладзены сад, ён быў узорны. Сад прыносіў грошы, і калі здарыўся землятрус у Сьпітаку — сродкі ад саду накіравалі на дапамогу ахвярам.
Доўгі час Віцікаў займаўся фэрмэрствам, хоць і зь перашкодамі. Ён прасіў ва ўладаў зямлю, але атрымліваў няўдобіцы.
У 2010 годзе яго абралі дэпутатам сельскага Савету. На пасадзе дэпутата ён адзначыўся «скандальнымі ўчынкамі» — ня раз задаваў нязручныя пытаньні, напрыклад, пра сапраўдны падзел галін улады, бо старшыня сельскага Савету і старшыня сельскага выканкаму — адна асоба, прызначаная райвыканкамам. Уздымаў такія тэмы, як фармаваньне мясцовага бюджэту з прыцягненьнем падаткаў арганізацый на тэрыторыі сельскага Савету, або — хто павінен утвараць выбарчыя камісіі: сельскі выканкам ці раённы.
Быўшы дэпутатам, за свае сродкі і сваімі сіламі Віцікаў зрабіў мосьцік праз раку Ютранку — каб дзецям зручна было хадзіць у школу. У 2013 годзе ён узяў самы чынны ўдзел ва ўстанаўленьні памятнага знаку зажыва спаленым жыхарам вёскі Церуха.
«Герасімавіч сваімі рукамі бэтанаваў падмурак пад памятны камень, добраўпарадкаваў тэрыторыю вакол. Ён дапамагаў у рэканструкцыі школьнага музэю ваеннай славы, якім кіравала ягоная жонка, з 2005 году актыўна дапамагаў царкве — ад прыбіраньня тэрыторыі да таго, што зрабіў лавы і лесьвіцу на стромкім пад’ёме да храма», — расказалі землякі.
У 2017 годзе на месцы разбуранай бальшавікамі царквы паставілі памятны крыж. Усе арганізацыйныя пытаньні ўзяў на сябе Віцікаў.
«Ён усё жыцьцё стараўся, каб было па законе, па справядлівасьці! У 2020 годзе пасьля выбараў Віцікаў дабіваўся, каб абнародавалі пратакол галасаваньня. І вось тады на яго першы раз выклікалі міліцыю! 24 сакавіка 2021 году яго прыехала затрымліваць міліцыя нібыта за ўдзел у маршах! Без аніякай пастановы. Ён адмовіўся ехаць, яны вярнуліся з пастановай і забралі яго. Тады Віцікаў запатрабаваў ад пракурора запіс аб тым, што ён не зьдзяйсьняў ніякіх правапарушэньняў. Ён тым больш ня ўдзельнічаў ні ў якіх маршах», — кажуць людзі, знаёмыя зь Віцікавым.
Апошнія гады Мікалай Герасімавіч працуе на сваёй гаспадарцы. Займаецца пчоламі, цяпліцамі, садовымі дрэвамі. Апроч усяго, піша вершы.