Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Зьміцер Дашкевіч: На суд Ён прыйшоў у Беларусь, каб тыя, што бачаць асьлеплі, а тыя, што былі сьляпымі – убачылі.

Зьміцер Дашкевіч: На суд Ён прыйшоў у Беларусь, каб тыя, што бачаць асьлеплі, а тыя, што былі сьляпымі – убачылі.

Зьміцер Дашкевіч: На суд Ён прыйшоў у Беларусь, каб тыя, што бачаць асьлеплі, а тыя, што былі сьляпымі – убачылі.

Я ўжо хацеў улегчыся ў стакане Бараўлянскага РУУС спаць, як у камеру закінулі папаўненьне – дзецюка майго веку, трохі пад градусам. Я падумаў: «Супер, вось ён электарат самаабвешчанага! Вось цяпер я зразумею, што яны ад нас хочуць?!» – Сямейны скандал? – Так, – «Клас! – падумаў я ізноў, аж сон адбіла!» – Жонка здала? – Не, маці. – Буяніў? – Ды не, бутэлькі размалёўваў. – Якія бутэлькі? – Шампанскага. – І навошта яны табе? – Кліент папрасіў. – І шо ты там маляваў? – Сьцяг бел-чырвона-белы. – Сьцяг?! – прыўстаў я. – Сьцяг! – горда адказаў той, – і гэта, – паказаў рукамі сардэчка, кулак і вікторыю. – А маці ў мяне «ябацька», дык пачалі мы зноў сварыцца і яна міліцыю выклікала. «Во це і трохпрацэнтны», – з расчараваньнем падумаў я і паставіў сабе задачу працягнуць пошукі, а сукамернік гэтым часам зацягнуў: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах, успомню Вострую Браму сьвятую і ваякаў на грозных канях!..»

У 4-мясцовую камеру ІЧУ Менскага раёну мяне закінулі ўжо за поўнач. У ёй было два арыштанты: у аднаго 18 турэмных гадоў за плячыма, у другога – пару, абодва – падазраваныя па крыміналках. – За што? – не вылазячы з-пад коўдры запытаў самы сядзелец. – За Курапаты. – Стаіце там яшчэ? – Стаім. – І што там? – У кабак жраць езьдзяць. – Як там жраць можна, там жа людзей забівалі? – зьдзівіўся зэк і падняўшыся прысеў на нару. Зьдзівіўся і я: чалавек, які палову сьвядомага жыцьця катаўся па зонах, лепш бачыць за тых, хто яго ў гэтыя зоны садзіў. Мы пра тое-сёе пагаманілі, зэкі разоў пяць закурылі маленькую камеру і перад сном самы сядзелец узьняў кулак і гукнуў сукамерніку: – Жыве Беларусь! – Жыве! – адказаў той і абодва заваліліся спаць. «Афігець!..» – падумаў я і палез на нару.

Пасьля адбою ў 8-мясцовую камеру да змагароў зайшоў дзяцюк гадоў 35-ці і на роспыты адказаў, што пасадзілі яго быццам бы за п’янае брыдкаслоўе на вуліцы. Адарваўшыся ад кнігі, я глянуў на хлапака і зьдзівіўся – надта ўжо прыстойна і акуратна ён выглядаў, каб апынуцца п’яным дзебашырам. Высьветлілася, што хлопец працуе вэтэрынарам, а ў суседнім калгасе скралі нейкае дарагое вэтэрынарскае абсталяваньне. А як нехта паказаў на яго, то кіраўнік крымінальга вышуку Бараўлянскага РУУС вэтэрынара пад ноч проста з хаты і прыхапіў. Але прад’явіць чалавеку не было што і ён пачаў абурацца, чым раззлаваў міліцэйскага начальніка і той, дадзенай самазванцам уладай, абвесьціў: «Як ты такі борзы, то пасядзіш трохі! Выбірай за што сядзець будзеш: за сьцяг ці за мацяршчыну?» – Які такі сьцяг? – зьдзівіўся небарака. – Не кажы толькі, што на мітынгі не хадзіў? – хмыкнуў шакал. – Ну хадзіў, мама прасіла схадзіць зь ёй, дык мы разам і былі. – Ну дык вось і сядзеш! Мы ўсіх пасадзім! Кожную камеру прагледзім! Кожную морду ўстановім!

Гледзячы на ўсё гэта я па-іншаму чытаў на нарах словы Ісуса Хрыста пасьля таго, як Ён адкрыў вочы ад нараджэньня сьляпому: «На суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сьляпыя». Дзьве тысячы год таму сьвятары – самыя адукаваныя Ісусавы суайчыньнікі – абурыліся праўдзе: «Няўжо і мы сьляпыя?!» На што Ён ім адказваў: «Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б грэху. Але цяпер вы кажаце, што бачыце, таму грэх ваш застаецца на вас». Тысячы настаўнікаў, якія чвэрць стагодзьдзя фальсыфікуюць выбары; тысячы судзьдзяў, якія чвэрць стагодзьдзя чыняць прадажны суд; тысячы супрацоўнікаў «праваахоўчых» органаў, якія чвэрць стагодзьдзя ілжэсьведчаць і б’юць; і што самае страшнае, тысячы сьвятароў, якія маўчаць – усе яны кажуць, што бачаць, хоць насамрэч сьляпейшыя за апошняга зэка з 20-гадовым стажам. Глядзяць на сфальсыфікаваныя выбары і кажуць: «80% за Бацьку хлусьні». Глядзяць на нявінна затрыманых і кажуць: «15 сутак» ці «3 гады калоніі». Глядзяць на зьбітых і без віны асуджаных і кажуць: «Мы ні пры чым – наша местажыцельства на небе». І калі б яны былі сьляпыя, то ня мелі б грэху. Але ж яны кажуць, што бачаць – і злычынства іхняе застаецца на іх. У гэты самы час народжаным сьляпымі вяртаюцца вочы. І гэта ёсьць сьведчаньнем, што сёньня на суд Ён прыйшоў у Беларусь, каб тыя, што бачаць асьлеплі, а тыя, што былі сьляпымі – убачылі.

Фэйсбук аўтара


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава