«Злодейство твоё обрушится на тебя». Гісторыя валанцёркі, якая выходзіла на акцыі з цытатамі з Бібліі
Гамяльчанку Ларысу Сауціну судзілі за ўдзел у акцыі, якая прайшла ў Гомелі 27 верасня. Тады ўвесь Інтэрнэт абляцелі кадры, на якіх супрацоўнікі АМАП для разгону мірных дэманстрантаў выкарысталі светлашумавую ракетніцу і газ. Ларыса ў той дзень выйшла на пратэст з плакатам са словамі са Святога Пісання: “Вот гряду скоро, чтобы воздать каждому по делам его”. За гэта ёй далі штраф у памеры 5 базавых . “Я не ведаю, чаму параўнальна малы штраф далі. Але заўжды кажу ў такіх выпадках: “На ўсё воля Божая!”, — гаворыць Ларыса. Увосені 2020 года яна доўгі час хадзіла па горадзе з трывожнай сумкай, у якой былі цёплыя шкарпэткі і Біблія. “Кожны раз, калі я выходзіла з дому, гаварыла: “Божа, калі ты мне вызначыш цяжкае выпрабаванне, нават турму, я буду і там несці свой крыж…”, — згадвае гераіня артыкула.
Пра “выбары”
Калі пачаліся выбары, з’явілася шмат прэтэндэнтаў. На некаторых з іх было цікава глядзець. Потым іх знялі з дыстанцыі. Аднаго пасадзілі, іншага выгналі… Мяне агарнуў смутак, паколькі Святлана Ціханоўская, адзіны незалежны кандыдат, які застаўся, пачала хістацца. Здавалася, што канец усяму. А потым, калі аб’ядналіся штабы, я пачала на гэтых трох неймаверных дзяўчат (Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала) глядзець. Мне падалося, што нейкая звышсіла ўзяла гэтых жанчын і павяла выконваць тое, што прадвызначана. І я зразумела, што мне таксама трэба ісці за сілай, якая павяла гэтых дзяўчын.
Пра акцыі
У горадзе перыядычна адбываюцца масавыя акцыі, нейкія дзяржаўныя святы, на якія выходзяць масы людзей. І звычайна ўсё праходзіць мірна, без канфліктаў і гвалту. Навошта ж было ў жніўні, калі грамадзяне мірна пратэставалі, выводзіць аўтазакі, браць у рукі дубінкі?! Навошта было біць людзей?!
Пра плакаты
Першыя выхады людзей у Гомелі былі спантаннымі. Я таксама не магла спачатку разабрацца спачатку з тым, што адбываецца. Я не магла зразумець, што за гвалт. Гэта было дзіка. У маёй галаве засела думка: “Як я магу гэтаму супрацьстаяць? Што я магу зрабіць, каб хоць неяк дапамагчы нашаму грамадству?” У Новым Запавеце напісана, што закон Божы выконваецца, калі мы носім цяжары іншых. Мая свядомасць мне падказвала: “Ты будзеш вяшчальнікам Божага слова!” І я вырашыла, што буду тут як ваяр Хрыстовы з Божым словам. Тады я падрыхтавала некалькі плакатаў з цытатамі з Евангелля, Прыпавесцяў Саламона, з кніг Старога Запавету.
Рэакцыя праваахоўнікаў на плакаты
Вы ведаеце, спецыяльна міліцыянты да мяне не падыходзілі, нічога не казалі. Ужо пазней, у кастрычніку, калі прайшоў суд за ўдзел у адной з акцый, мяне згадалі. Хутчэй гэта не яны, а я падыходзіла да міліцыянтаў з плакатамі, гаварыла ім: “Калі ласка, азнаёмцеся са зместам…” Неяк я ішла з плакатам, мяне абагнаў амапавец. Дзіўна, што ён мяне не схапіў, не вырваў плакат з рук, але пачаў штурхаць. Я яму сказала, што хутка не магу ісці бо баліць нага. Ён мне кінуў фразу: “Зараз ваш плакат засуну куды-небудзь!” Хацелася адказаць, што цудоўна ведаю, на што яны здольныя… Гэта было яшчэ ў верасні. У асноўным жа міліцыянты моўчкі ківалі галовамі. Думаю, сярод іх ёсць усякія, не толькі агрэсіўныя. Яны маўчаць… Але хай кожны вызначае сваю ролю на гэтым адрэзку гісторыі.
Валанцёры
Я раней чула па тэлевізару: “Валанцёры таго шукаюць, іншага…” Я задумвалася тады: “Што гэта за дзіўныя людзі!” Калі я тут пачала сустракаць валанцёраў, я зразумела, што валанцёры — Божыя пасланнікі, анёлы ў чалавечым целе, таму што выконваюць законы Хрыста. Калі я бачу іх справы, калі сама ўдзельнічаю ў нейкіх ініцыятывах, пішу лісты палітвязням, заўжды дзякую Богу за гэтых людзей. Хрыстос гаварыў пра сваіх паслядоўнікаў: “Вы — соль зямлі!” Што такое соль? Гэты элемент, які не дае прадуктам сапсавацца. Калі няма солі, калі соль страціць сваю моц, прадукт згніе. Валанцёры і людзі падобныя ім — гэта соль зямлі, выратоўваюць грамадства ад гніення. На валанцёраў трэба раўняцца.
Я мару сваімі ўчынкамі прыўнесці ў душы людзей трошкі цяпла. Магчыма, калі я напісала ліст камусьці, ён нават і не дойдзе ў турму. Гэта Бог вызначае шлях ліста, ён вызначае ролю ўчынка, ці дойдзе ён да адрасату. Магчыма, для Бога важна, каб хтосьці іншы прачытаў мае словы. Цэнзары, напрыклад. Мне прыемна ад усведамлення таго, што я не дарма жыву, а перадаю цяпло іншым людзям. Гэта прыносіць задавальненне і радасць.
Ці змянілася грамадства?
Я думаю, што мы змяніліся. Справа ў тым, што Бог задумаў, каб у нашым грамадстве адбыліся вялікія і добрыя перамены. Я лічу, што кожны народ варты свайго кіраўніка. Нашым бацькам ёсць у чым каяцца і пераасэнсоўваць многае. Мы, можна сказаць, нясем кару за віну нашых продкаў. Адзін святар неяк сказаў, што АМАП — гэта кара Госпада. Некаторыя абурыліся на гэтае выказванне, пакрыўдзіліся на гэтага святара. А што сказаць? Што АМАП — гэта блаславенне Госпада? Магчыма, і блаславенне, бо смутак у душы чалавека здараецца не для таго, каб яго зламаць, а каб яго навучаць. І я малю Бога, каб нашае грамадства змянілася, каб у нас, нарэшце, з’явіўся годны кіраўнік. Беларусы змяніліся. Я разумею, што ва ўсіх пераменах апошніх месяцаў — рука Госпада. Нашыя дзеці ўжо іншыя, яны больш добразычлівыя і заслугоўваюць лепшай долі.