Заяву Ватыкана па Беларусі каментуе эксперт Пётра Рудкоўскі

У вечаровым эфіры тэлеканала “Белсат” сённяшнюю заяву Ватыкана па Беларусі каментуе эксперт Пётра Рудкоўскі з Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў.
“Да гэтага часу Ватыкан быў вельмі скупы на заявы па беларускай тэматыцы, як, зрэшты, і па іншых аналагічных тэмах, напрыклад, па венесуэльскім крызісе. Тым не менш, заява прагучала, і там з’явіліся такія вартыя ўвагі словы, што “Святы Пасад захоўвае прыхільнасць дэмакратычным і мірным рашэнням”. Ватыкан часта акцэнтуе “мірныя рашэнні”, але не так ахвотна выкарыстоўвае словы “дэмакратычныя рашэнні”, а тут яны былі выкарыстаныя. Таксама гаворка ідзе пра “легітымныя патрабаванні беларускага народа”. Гэтыя два выразы, на першы погляд вельмі агульныя і расплывістыя, на агульным фоне дыпламатыі і знешняй палітыкі Ватыкана яны маюць пэўную інфармацыйную моц”.
“У Лукашэнкі быў пэўны рэспект да Святога Пасаду і па псіхалагічных прычынах, і таксама па тактычных прычынах – няма патрэбы сварыцца з тымі, хто асабліва не жадае сварыцца з табою, гэта аксіёма, якой Лукашэнка прытрымліваецца. Таму да гэтага часу складваліся даволі нармальныя, цёплыя адносіны з Ватыканам. У выпадку пантыфіката Францыска гэтая рыторыка Лукашэнкі пра “добрага папу”, які “разумее нас”, яшчэ больш выразная. На гэта ёсць прычыны, бо папа Францыск, у адрозненне ад папы Яна Паўла ІІ, гэта той папа, які робіць стаўку на “будаванне мастоў”, у тым ліку з аўтарытарнымі рэжымамі. Лічыць, што так будзе лепш для простых людзей, якія жывуць у гэтых краінах.”