Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Замест голасу праўды — цытаты з Пушкіна

Замест голасу праўды — цытаты з Пушкіна

Замест голасу праўды — цытаты з Пушкіна
Аўтар

ІгнатКлешч

Праваслаўны вернік.

Гартаючы беларускія царкоўныя медыя, часам бачыш спробы разбавіць рэпартажы з архіерэйскіх служб «культурна-асветніцкім» кантэнтам. З прэтэнзіяй на раскрыццё хрысціянскіх сэнсаў літаратуры, жывапісу, музыкі…

І гэта добра. У тэорыі.

А на практыцы гэтыя спробы выдаюць такую правінцыйную абмежаванасць, адсутнасць уласнага аўтэнтычнага стылю, няздольнасць прапанаваць нешта сапраўды жывое і сваё, што цяжка ўстрымацца ад фэйспалмаў.

Наталля Васілевіч аднойчы гучна высмеяла тое, як у Гродзенскай епархіі «вывучаюць святых айцоў па матыватарах укантакце». І вось, імаверна, натхняючыся тымі ж крыніцамі, епархіяльны тэлеграм-канал змясціў публікацыю пра духоўнасць у паэзіі.

На прыкладзе Пушкіна.

Допіс прысвечаны гадавіне смерці класіка. Акцэнт — на тое, што гэтая дата сімвалічна супадае з днём памяці прападобнага Яфрэма Сірына. Чыю велікапосную малітву Пушкін пераклаў у вершаванай форме незадоўга да сваёй трагічнай пагібелі праз дуэль («незадоўга» — так на канале; насамрэч, за паўгода). Сам верш — «Отцы пустынники и жены непорочны…» — прыводзіцца цалкам. Згадваюцца факты глыбока духоўных перадсмяротных паводзін Пушкіна, які дараваў свайму забойцу Дантэсу і вельмі скрушана спавядаўся святару з бліжэйшай царквы.

Здавалася б, нічога кепскага ў такім допісе няма. Пушкін — прызнаны сусветам геній, а фінал яго жыцця ўтрымлівае ў сябе пэўную хрысціянскую педагогіку.

Але ўсё яно — са свету рускай культуры! Якую нават у кантэксце вайны Расеі супраць Украіны, што цягнецца ўжо амаль 4 гады, адміністратары канала не лічаць неабходным… не, не кэнсэліць, крый Божа, а хаця б не папулярызаваць лішні раз! Бо, хоць Пушкін і не адказвае за Пуціна, але вайна ўсё ж вядзецца ад імя «русского мира», неад’емнай часткай якога ёсць Пушкін. Імперскі паэт з імперскімі поглядамі.

І калі ёсць патрэба пісаць пра паэзію ў святле хрысціянскай традыцыі — то чаму б не звярнуцца да постацяў беларускай літаратуры? Мінімум дзеля таго, каб рабіць свежы, арыгінальны кантэнт, а не займацца другаснымі перапрацоўкамі суседскай культурнай спадчыны?

Заўважым у дужках: ёсць адзін айчынны паэт, у жыцці і творчасці якога можна знайсці ўсё, што канал Гродзенскай епархіі імкнецца падсвяціць у Пушкіне.

Паэт, што важна, з Гродзеншчыны.

Маецца на ўвазе, канешне, Ларыса Геніюш. Чыё беларускае паэтычнае слова — адно з прыгажэйшых, чый лёс — прыклад стаяння ў праўдзе перад абліччам сталінскага тэрору, чыё жыццё ў Зэльве — жыццё сталай парафіянкі мясцовага храма, чыя вера — гарачы пошук Бога і чыя смерць — мірны адыход у вечнасць без маральна неадназначнага спосабу абароны гонару.

А калі ісці шляхам пошуку сімвалаў, то ў яе выпадку з гэтым таксама няма праблем. Ларыса Геніюш памерла 9 жніўня, калі паводле юліянскага календара адзначаецца памяць мучаніка лекара Панцеляімана. Традыцыйна ён выяўляецца на іконах у вобразе юнака з гаючымі зёлкамі ў руках і шануецца як увасабленне міласэрнасці. Нішто не замінае інтэрпрэтаваць смерць Геніюш у такі дзень як знак Божай ласкі, якая прыняла ў свае абдымкі з палону зямных пакут душу шчырай верніцы.

Але для мыслення ў такім рэчышчы, падаецца, трэба хоць трошкі пазбавіцца правінцыйнасці і перастаць глядзець на былую метраполію ў пошуках духоўных узораў і прыкладаў! Тым больш назіраючы нечуваны пасля Другой сусветнай вайны тэрор холадам і цемрай, які Расея разгарнула супраць мірнага насельніцтва суседняй праваслаўнай краіны. Пры поўным маўчанні РПЦ і яе філіяла — БПЦ, ад якіх мы не чуем ні спачування, ні заклікаў спыніць такі спосаб вядзення вайны. Замест голасу праўды і асуджэння зла — цытаты з Пушкіна!

Што ж, калі гэта ўсё, на што цяпер здольныя праваслаўныя іерархі і падкантрольныя ім медыя, то ў такім разе нашмат больш карэктным, адказным і адэкватным часу жэстам была б публікацыя, прынамсі, вось такога верша Генадзя Бураўкіна.

Тут ёсць усё, што трэба: і Бог, і чалавек, і Радзіма.

Ці вернуцца гэтыя катэгорыі на пазіцыі галоўных для Праваслаўнай Царквы ў Беларусі?

Малітва

Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.

У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.

Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё вакол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем
I цяплом.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост