Яшчэ адна супрацоўніца сыйшла з інфаслужбы БПЦ

Таццяна Кузняцова абвясціла ў facebook пра свой зыход з інфаслужбы БПЦ.

На изображении может находиться: 3 человека, люди стоят
Таццяна Кузняцова (злева) з айцом Сяргеем Лепіным

БЫВАЙ, ЕПАРХІЯ!

Тое, пра што я пішу сёння, у першы дзень 2021 года, адбылося насамрэч 28 снежня. Але якая ўжо розніца?

Я адбарабаніла згодна з законам месяц пасля таго, як падала мітрапаліту сваё прашэнне. І вось месяц скончыўся, і я на свабодзе.

Мой зыход быў абумоўлены салідарнасцю з а. Sergy Lepin, звольненым з пасады прэс-сакратара Беларускай Праваслаўнай Царквы пасля смелага выказавання пра знішчэнне народнага мемарыяла Рамана Бандарэнкі, і немагчымасцю далей ісці на кампрамісы з сумленнем. Пра гэта я казала цалкам адкрыта, у тым ліку Экзарху, што могуць пацвердзіць і прысутныя тут сведкі.

Увесь гэты месяц я ніводнага разу не пашкадавала аб сваім рашэнні. Калі б можна было адматаць назад — зноў зрабіла б так і толькі так! І зараз развітанне з епархіяй лічу адным з лепшых крокаў у сваім жыцці.

Гэта не было лёгка. Я сваімі рукамі забіла тое, што за 10 год стала значнай часткай майго існавання: стабільнасць, які-ніякі статус у вузкіх колах, магчымасць атрымліваць нармальныя грошы за працу галавой. Але… “якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць?” (Мф. 16:26).

Чалавек я досыць цынічны, пафігістычны і канфармісцкі, але ва ўсяго ёсць свая мера і свая мяжа. Аднойчы да кожнага з нас прыходзіць Божанька і задае пытанне, на якое можна адказаць “так, так” ці “не, не”, і трэцяга не дадзена. У другой палове гістарычнага 2020 года Бог прыйшоў па маю душу.

Трэба аддаць належнае епархіі, якая развіталася са мной па-людску, нават больш за тое. Я ўдзячная мітрапаліту Веніяміну за лагоднае і тактоўнае стаўленне, за павагу да майго выбару. Удзячная епархіяльнаму сакратару а. Андрэю Волкаву, якога наогул ведаю як вельмі прыстойнага чалавека.

…удзячная вялізнаму мноству людзей.

Удых, выдых.

Сэрца б’ецца.

Я свабодная.

Хутка Раство.

З facebook Таццяны Кузняцовай.

euroradio