Як сям’я гасцінных баптыстаў стала “тэрарыстамі” ў Беларусі, а цяпер ладзіць рэлігійнае жыццё дыяспары ў Варшаве
Да ліпеня 2021 сям’я Вайтовічаў жыла цікавым і насычаным жыццём, поўным працы, грамадзкай дзейнасці, выхавання дзяцей, служэння ў мясцовай царкве. Ажно пакуль у іх дом не “завіталі” КДБ і АМАП. Марыю Вайтовіч абвінавацілі ў тэрарыстычнай дзейнасці і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, ёй пагражаў сур’ёзны тэрмін. Пасля раптоўнага вызвалення з-пад варты сям’я перабралася ва ўкраінскі Ірпень, каб далей асесьці ў Варшаве.
Цяпер Іван і Марыя з двума дзецьмі школьнага ўзросту змагаюцца з выклікамі эміграцыі, пошукаў сябе і дапамогай ўладкавання рэлігійнага і сацыяльнага жыцця суайчыннікаў. Напярэдадні Раства Вайтовічы нават зладзілі для беларусаў Варшавы і Кракава неверагодную Батлейку, якая збірала аншлагі на розных беларускіх пляцоўках.
Іван і Марыя распавялі “Хрысціянскай Візіі” пра складанасці пераезду, тугу па Радзіме, выкліках хрысціянскага служэння для дыяспары, чаму цяжкасці жыцця апошніх трох гадоў яшчэ ярчэй умацоўваюць іх веру, а таксама як зладзілі дле беларускіх сем’яў у Польшчы святочную Батлейку на Раство.
Свята сярод болю
2022 год выдаўся не зусім прыдатным для радасных святаў. Менавіта так Іван і Марыя тлумачаць, чаму вырашылі зладзіць беларускую Батлейку ў Варшаве напярэдадні Раства, калі настрой у многіх быў, мякка кажучы, не самы святочны.
“Нам хацелася зрабіць добрае свята для сем’яў з Беларусі і, магчыма, Украіны, якія былі вымушаны пакінуць родныя дамы ў пошуках бяспечнага прытулку. Хацелася так творча і ярка нагадаць пра надзею, якую прынёс людзям Хрыстос. Дарэчы, таксама ў цяжкіх абставінах. Хацелася, каб людзі адчулі нешта светлае такое,” — кажа Іван Вайтовіч.
Вайтовічы згадваюць, што дзесьці ў пачатку кастрычніка задумаліся, што было б няблага зладзіць невялікае свята для беларускіх сем’яў у эміграцыі. Часу было няшмат, але з дапамогай людзей з беларускай царквы Святой Троіцы ў Варшаве і польскай хрысціянскай супольнасці, якая месціцца на вуліцы Пулаўскай, атрымалася змайстраваць драўляную двухпавярховую скрыню для Батлейкі, стварыць два наборы лялек з гліны і дрэва для пастаноўкі, а таксама знайсці адаптаваны традыцыйны сцэнар. Усяго адбылося шэсць паказаў, якія агулам наведалі звыш шасціста чалавек, большасць з якіх — беларускія дзеці, чые бацькі былі вымушаны эміграваць праз палітычны пераслед.
“Сказаць, што нам няпроста тут — нічога не сказаць. Але хай адчуваеш стомленасць пасля рэпетыцый, паездак і інш — ты натхнёны і ведаеш, што пасеяў нешта значнае. Гэта дае сілы, насамрэч. Мы не толькі іншым дапамаглі, але і сабе, каб трымацца на плаву. Ва ўмовах эміграцыі важна захоўваць баланс адпачынку і працы. Важна не сядзець на канапе. Мы разумеем, хто як не хрысціяне могуць дапамагаць і служыць людзям вакол у такі цёмны і складаны час,” — мяркуюць Вайтовічы.
Батлейка ўяўляе сабой традыцыйны жанр вандроўнага лялечнага тэатра, які з’явіўся ў Беларусі прыкладна паўстагоддзі таму. З яго дапамогай батлейшчыкі распавядалі жыхарам Вялікага Княства гісторыю нараджэння Ісуса Хрыста ў Бэтлееме. Адсюль і пайшла назва гэтага жанру — “Батлейка”.
Кожная пастаноўка абдывалася з музычным суправаджэннем Хора Вольных Беларусаў, у якім таксама ўдзельнічае сям’я Вайтовічаў. Цікава, што дзейнасць хора пачалася яшчэ ў Беларусі ў 2020 годзе, у выглядзе мясцовай бараўлянскай ініцыятывы.
Уплыў веры на грамадзкае жыццё ў Бараўлянах
“Увогуле мы жылі цікавым і насычаным жыццём яшчэ да 2020. Улетку таго года яно сталася яшчэ больш насычаным. Працавалі і гадавалі дзяцей, збудавалі дом у Бараўлянах. Шмат займаліся грамадзкай дзейнасцю, бо мы цудоўна разумелі, што адбываецца ў краіне і да 2020 года. Мы пачалі шмат рэгіянальных ініцытываў, якія мелі сацыяльнае, культурнае і экалагічнае значэнне. Вера дапамагае чалавеку бачыць трошкі далей за ўласны сад і дом,” — кажа Іван Вайтовіч.
Мужчына ўзрушана гаворыць, што бачучы сацыяльную раз’яднанасць у Беларусі, іх сям’я прыняла рашэнне пабудаваць валейбольную пляцоўку за плотам уласнага дома. На ёй пачалі збірацца суседзі і нават людзі з навакольных раёнаў. Неўзабаве паўстала аматарская каманда, якая заняла прызавое месца на раённых спаборніцтвах. Агулам пляцоўка стала кропкай прыцягнення і камунікацыі.
Вайтовічы шмат укладалі ў разьвіццё лучнасці людзей у раёне. Яны ладзілі роварныя паходы, сплавы на байдарках, арганізоўвалі адкрытыя вячэры ды творчыя вечарыны на якія запрашалі вядомых выканаўцаў.
Яшчэ адным выклікам для Вайтовічаў у Беларусі была абарона зялёнага асяроддзя. Мясцовыя ўлады планавалі маштабную вырубку зялёных насаджэнняў пад забудову. Паўстала ініцыятыва супраць самаўладства. Грамада спрабавала легальным шляхам усталяваць дыялог з уладамі, каб знайсці рацыянальнае выйсце з сітуацыі. Таксама Марыя спрабавала балатавацца ў мясцовыя дэпутаты.
Вайтовічы адзначаюць, што іхняя грамадзкая актыўнасць мае глыбокія карані ў веры:
“Я не магу аддзяліць сваю грамадзянскую пазіцыю ад веры. Гэта ўладкавана ў мой светапогляд. Безумоўна, любы хрысціянін не становіцца святым і ідэальным, бо ты грэшнік, і мы ўсе памыляемся. У тым ліку, калі хочам паклапаціцца і дапамагчы. Але калі тваімі дзеямі рухае клопат пра бліжняга і добрыя справы — гэта нармальнае жаданне. Напрыклад талаку зладзіць і прыбраць лес, зрабіць трэнажоры на вуліцы, каб усе людзі з ваколіцы маглі карыстацца і супрацоўнічаць. Я бачу, што дзеці суседзяў ходзяць па дарозе, дзе шмат машын, якія могуць іх збіць… А ў мяне ёсць веды, каб напісаць ліст у дзяржаўны ворган ці журналістаў запрасіць, каб у прэсе паднялі пытанне. Мы разам можам шмат зрабіць, каб знайсці выйсце і даць рады нашым агульным праблемам,” — падсумавала стаўленне да грамадзкага жыцця з пункту гледжання хрысціян Марыя.
У мясцовай баптысцкай царкве Вайтовічы таксама займаліся служэннем. Яны ладзілі хатнія групы па вывучэнні Бібліі, сямейны і жаночы клуб і шмат чаго яшчэ.
Праз актыўную грамадзянскую пазіцыю ў ліпені 2021 да Вайтовічаў прыйшлі
У дом вернікаў прыйшлі ў супрацоўнікі АМАП і КДБ. Марыя Вайтовіч згадвае, што затрыманне адбывалася надзвычай брутальна. Марыі было прад’яўлена абвінавачванне ў тэрарыстычнай дзейнасці.
“Першая рэакцыя была панічная — стрэс і страх. Ты не супраціўляешся, а табе пагражаюць зброяй, на цябе крычаць. Безумоўна, ад гэтага з’яўляюцца паніка і страх. Але гэта было і да таго, як яны ўварваліся. Затрыманне заняло менш за хвіліну. Я тады думала, што магу зрабіць, каб нікому не нашкодзіць. Калі я зразумела, што на сітуацыю няшмат магу паўплываць, я пачала маліцца, але ўсё калацілася. З намі быў 8-гадовы сын, ён калаціўся, як лісток, на кухні. Другі сын быў у садку. Нас нават пачалі шантажаваць дзецьмі. Мужа паклалі на падлогу. Было страшна, бо ты адказны за лёс тых, хто побач. Нават сабак,” — згадвае Марыя Вайтовіч.
Марыя кажа, што падчас арышту згадала словы аднаго старога пастара, які распавядаў, як бальшавікі разбіралі дом, а яго маці карміла злодзеяў абедам. Яна разумела, што нават гэтыя няшчасныя — таксама людзі.
“Я адчула за іх жаль і спачуванне, што яны такія бедакі. Не хацелася з імі спрачацца і лаяцца. Маладыя такія хлапцы былі. Было спякотна і я прапанавала ім вады папіць. Праявіла клопат. Словы малітвы разгорнутыя не йшлі. Я проста “Ойча наш” малілася, бо не магла ад стрэсу настроіцца на малітву,” — згадвае той дзень Марыя Вайтовіч.
8 сутак яны адседзела на Акрэсціна ў няведанні. Да яе не пушчалі адваката. Жанчыну проста трымалі за кратамі з прад’яўленым абвінавачваннем у тэрарызме. Марыя Вайтовіч адзначае, што гэта быў файны час для духоўнага аднаўлення.
“Столькі вольнага часу ў мяне не было больш ніколі і нідзе. Шмат можна было маліцца за ўсіх, паразважаць і правесці інвернтарызацыю свайго жыцьця. Я верыла, хаця дзяўчаты казалі, што ў Гомельскай калоніі будзе так, а ў Магілеўскай — так, усёроўна пойду дадому. Я шмат малілася і спадзявалася, каб пайсці дадому. Посціла”, — з сумам прыгадвае Марыя Вайтовіч.
Вымушаная эміграцыя
Вайтовічы ніколі не планавалі з’язджаць з Беларусі. Яны не маглі на гэта знянацку настроіцца і падрыхтавацца.
“Я жыла адным днём пасля арышту. Прыйшлося проста даверыць сваё жыццё невядомым людзям, каб выехаць з Беларусі ў Кіеў. Пазьней, калі пасля сонечнага Кіева мы селі ў цягнік і прачнуліся ў халоднай і дажджлівай Варшаве, я не прымала гэтага і не магла прыняць. Я не ўспрымала ні мову, ні архітэктуру. Не таму што я ныцік. Проста не была маральна падрыхтаваная. Быў жнівень і пачатак навучальнага году,” — распавядае пра дарогу да Варшавы Марыя Вайтовіч.
Жанчына адзначае, што ў такой няпростай сітуацыі развітання з Радзімай менавіта дзеці дапамаглі не закісаць. Яна таксама дадала, што прыйшлося без ведання мовы і разумення ляцець у школы, каб дзеці змаглі 1 верасня пайсці навучацца.
“Мы жадалі быць законапаслухмянымі. Мы ж беларусы. Не так лёгка даваліся пошукі жытла. Не вельмі хацелі заключаць дамову з тымі, у каго няма працы і сталага даходу, а ў дадатак яшчэ двое дзяцей. Было шмат людзей, якія дапамагалі. Дапамглі валанцёры. Мы не маглі нават двух слоў звязаць, давалі слухаўку, каб кантактаваць з дырэктарам школы. Беларусы шмат юрыдычнай дапмогі аказвалі і нават вопратку і кампутары падарылі, тэлефоны. Дзецям нам пасылка прыляцела ад вернікаў з Аўстрыі. Праз хрысціянскае і беларускае сеціва мы моцна адчувалі, што не выкінутыя на ўскраіну свету,” — згадвае Іван Вайтовіч.
Мужчына дадае, што на ўласныя вочы пабачыў сапраўдную хрысціянскую гасціннасць. Пастар польскай царквы, які не ведаў зусім сям’ю Вайтовічаў і ў вочы не бачыў Беларусі, аддаў на 10 дзён сваю кватэру.
“Проста далі ключы і кватэру з поўнай лядоўняй і мы так жылі. Потым нам далі свой офіс, бо мы не знайшлі жытло за 10 дзён, і так мы пражылі яшчэ 10 дзён. Унутрана было цяжка. Праўда адчувалася, што Бог дзейнічаў праз людзей. Вось яна была сусветная царква. Валадарства Божае не сканчваецца, калі ты з’язджаеш з Беларусі. Вернікі і людзі добрай волі клапаціліся пра нас. Гэта было адчуванне, і яно застаецца цяпер,” — дзеляцца Вайтовічы.
Перажыць наступствы гвалту дзецям яшчэ цяжэй, чым дарослым
«Неўзабаве нас нагнаў стрэс, які дзеці перажылі трошкі раней. У нас прыёмныя дзеці. Яны бачылі, што адбывалася ў 2020. Мы не раз былі ў колах АМАПу і ваеннай тэхнікі. Яны на ўласныя бачылі затрыманні, да нас дадому “праваахоўнікі” прыязджалі. Потым пераезды, потым уздрыгванні, калі мы бачылі ваенных і паліцыянтаў у форме,” — згадвае Іван Вайтовіч.
Мужчына адзначае, што ўжо ў Польшчы яны ўсё яшчэ ўздрыгвалі, калі бачылі паліцэйскіх ці паліцэйскія бусікі. Праз месяц у Варшаве пачалі праяўляцца новыя асаблівасці і складнасці адаптацыі. Іван Вайтовіч лічыць, што дарослыя мелі час на адаптацыю, а дзеці прабылі 10 дзён у Польшчы і пайшлі ў школьны калектыў, дзе нонстоп былі ў асяроддзі, у якім ўсе размаўляюць на іншай мове. Ён кажа, што дзеці, у адрозненні ад дарослых, не могуць сфармуляваць, як гэта складана.
“Мы нават не ўяўляем, праз што праходзяць дзеці, і мы дагэтуль прапрацоўваем стрэс. Нашыя дзеці, у якіх і так было шмат траўмаў ад нараджэння, цяпер праходзяць праз лютыя цяжкасці. Я дагэтуль не магу паўнавартасна працаваць, бо кожны дзень і тыдзень у нас праца над іх псіхалагічным станам”, — дадае пра стан дзяцей пасля пераезду Марыя Вайтовіч.
Вайтовічы мяркуюць, што любому чалавеку няпроста даецца пераезд. Яны адзначаюць, што мелі ў Беларусі вельмі ўладкаванае жыццё з царквой, дзецьмі, домам, працай. Але пасля пераезду твая адукацыя і досвед не маюць такога значэння, бо не кожную прафесію можна тут адразу інтэграваць у жыццё ды працаваць па спецыяльнасці. Паўстаюць выклікі банальна зарабляць на хлеб, аплаціць камуналку і жытло, якое даражэй. Вернікі падсумоўваюць, што ад пачатку эміграцыі ты бачыш, што ты ніхто і нішто, хаця пра іх добра паклапаціліся.
“Думаеш, якую мову вучыць, якую спецыяльнасць пацвярджаць ці засвойваць. Тым болей, было непрыняццё сітуацыі. Я падпарадкоўвалася таму, што адбывалася ў жыцці і давярала, але не ўспрымала. Выклікаў шмат,” — сумна ўздыхае Марыя Вайтовіч.
Што дае надзею ў такі час?
Разважаючы, у чым палягае надзея для чалавека ў такі супярэчлівы час, Вайтовічы ў адзін голас кажуць, што надзея толькі на Бога.
“Сілы надаюць людзі побач. Калі адчуваеш, што ты не адзін у гэтай сітуацыі, што ёсць людзі, якія адчуваюць і баяцца таго самага. Ты разумееш, што ты не адзін. Глядзіш на рэчаіснасць з пазіцыі вечнасці… Нас так вучылі ў царкве. У дадзены момант нам здаецца, што пануе безвыходнасць і трагедыя. Але так часта бывала ў жыцці, калі гэта мінае, ты азіраешся на тыя моманты, якія здаваліся невыноснымі і мегаскладанымі — і дзівішся, што з гэтага атрымалася нешта добрае ды карыснае,” — мяркуюць Вайтовічы.
Яны дадаюць, што ўдзячныя ў такіх абставінах Богу ўжо хаця б за тое, што ў іх сям’і над галавой не свісцяць кулі і не перажываюць гвалт бліжнія. Вайтовічы лічаць, што ўсё, што цяпер адбываецца, з’яўляецца прамым вынікам грахоўнасці свету. Праз гэта людзі робяць выбар на карысць зла. Аднак сярод няпростых абставінаў надзею сям’і дае разуменне таго, што ўсё знаходзіцца пад кантролем Бога, Які выводзіць нават з безвыходнай сітуацыі і робіць дабро са зла.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расейскай Федэрацыі ва Украіну сям’я Вайтовічаў пачала валанцёрскую дзейнасць у адмысловым пункце дапамогі ўцекачам.
“Ты разумееш, што ёсць людзі, якім яшчэ горш. Ты можаш быць для кагосці кропкай апірышча. 24 лютага мы сядзелі ў ступары. Не маглі адключыцца ад навінаў, проста, каб рабіць бытавыя рэчы. Здавалася, што надыйшоў канец свету. Пачаў дзейнічаць валанцёрскі пункт дапамогі украінцам. І вось яна — надзея ў гэтых справах, і ты імкнешся дапамагчы, палепшыць сітуацыю тых, каму складаней, чым табе самому. Калі глядзіш на бамбёжкі, то думаеш, як бы сам сустрэў іх? Калі я гляджу на супольнасць вернікаў, то я бы хацеў быць разам з царквой і маліцца ў такі час,” — падсумоўвае Іван Вайтовіч.
Арганізацыя рэлігійнага жыцця ў Варшаве
Пасля пераезду ў Варшаву Вайтовічы пайшлі да евангельскай польскай царквы, якая была заснавана місіянерам з Кобрына. Неўзабаве туды пачалі прыходзіць і іншыя беларусы. Разам з палякамі яны пачалі думаць, як зрабіць, каб на набажэнствах было зручна тым, хто не ведае польскай мовы. Тым болей, што пасля пачатку вайны пачалі прыходзіць і ўкраінцы. Так паўстала служба перакладаў і некаторыя іншыя ініцыятывы ў хрысціянскім цэнтры на вуліцы Пулаўскай.
“Стараемся дапамагаць, робім малітоўныя вечары і семінары, вандроўкі, летні лагер сямейны рабілі. Пункт сустрэч мігрантаў і гуманітарнай дапамогі. Людзі атрымліваюць і матэрыяльную, і духоўную дапамогу,” — распавядаюць пра рэлігійную дзейнасць для беларусаў у Варшаве Вайтовічы.
Польская царква таксама дала памяшканне для рэпетыцый Хора Вольных Беларусаў і сустрэч. Нягледзячы на тое, што гэта не царкоўны праект, але беларусы тут сустракаюцца і разважаюць пра жыццё і пасля рэалізуюць розныя карысныя праекты. Месца сталася своеасаблівым пунктам сустрэчы аднадумцаў, якія імкнуцца дапамагчы суайчыннікам сярод няпростых акалічнасцяў.
На пытанне, ці складана ў такі час верыць, Вайтовічы адказваюць з лёгкай усмешкай: “Наадварот, мы не ведаем, як людзі без Госпада трымаюцца ў такі час”.