Аналітыка, каментарыіВыступленні, допісы ў фэйсбуку, інтэрв'юГрэка-Каталіцкая ЦаркваКАНФЕСІІМОВЫПа-беларускуПраваслаўная ЦаркваСЛОВЫХРЫСЦІЯНСКАЯ ВІЗІЯ

“Вы або крыжык здыміце…”

Rerum Novarum

Аўтарскі канал пра Беларусь, Касцёл і ўсяго патроху.

Іншыя нататкі

“Хрысціянская візія” апублікавала свежы ліст праваслаўнага мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веніяміна да епіскапаў БПЦ. І хоць скончваецца ліст словамі “С братской во Христе любовью”, знайсці там сляды хрысціянства вельмі цяжка.

Падзабыўшы словы з Евангелля пра “па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою” (Яна 13:35), мітрапаліт ідзе ў наступ на такіх самых хрысціянаў – беларускіх грэка-каталікоў, або ўніятаў.

Пры гэтым крытыка ідзе нават не з прычыны нейкіх багаслоўскіх разыходжанняў. А выключна за іх дзейнасць, абсалютна траваедную: уніятаў крытыкуюць за тое, што яны ўшаноўваюць памяць сваіх папярэднікаў, напрыклад, забітага нацыстамі экзарха Антона Неманцэвіча, ладзяць выставы, выдаюць кнігі. Усё гэта, кажа мітрапаліт, сведчыць “об активизации греко-католиков (униатов) в Республике Беларусь”.

На гэта можна было б не звяртаць увагі, калі б не аргументы, на падставе якіх мітрапаліт Веніямін заклікае калегаў па епіскапскім цэху «принимать все необходимые меры по недопущению пропаганды унии и развитию деятельности греко-католиков в нашей стране».

❗️Sic! Гаворка ідзе пра перашкоды дзейнасці канкрэтнай канфесіі з боку іншай, хоць артыкул 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь даволі цвёрда кажа: “Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам”. Ці варта гэты заклік расцэньваць, што кіраўніку БПЦ не толькі не да Бібліі, але і не да Канстытуцыі?

Якія ж аргументы прыводзіць мітрапаліт, каб апраўдаць рэпрэсіі супраць грэка-каталікоў? Выключана палітычныя:

✖️“в августе-ноябре 2020 года униаты активно поддержали уличные протесты”;
✖️спроба “уйти из-под удара властей, чтобы сохранить силы для дальнейшей оппозиционной активности”;
✖️“не в состоянии открыто выражать свое негативное отношение к властие”,
✖️“распространял в Интернет перепечатки с сайта, признанного экстремистским”.

Ведаючы, наколькі ідэалагічна блізкія стасункі ў сённяшняга кіраўніцтва БПЦ з дзейным рэжымам і якім рэпрэсіям з боку свайго ж начальства падвергліся праваслаўныя ж святары, епіскапы і ко, для якіх Евангелле было на першым месцы і якія не змаглі трываць гвалту і хлусні, нельга выключаць, што гэты ліст стане свайго кшталту маніфестам далейшага пераследу грэка-каталікоў у Беларусі.

Роўна тыдзень таму мы пісалі пра магчымыя рэпрэсіі супраць каталікоў. З улікам таго, што рыма-каталікоў у Беларусі ў разы больш дый іх уплыў у свеце куды большы, пачаць могуць якраз з іх меншых грэка-каталіцкіх братоў. А там, як атрымаецца, то й на большых можна перайсці.

Вось такая яна “братская во Христе любовь”?

P.S. А вось і рэакцыя саміх грэка-каталікоў.