Віктар Жук SJ: Бог і Ягоныя слугі не стаяць на ўзбоччы
ГАМІЛІЯ НА ІІI НЯДЗЕЛЮ АДВЭНТУ, ГОД B
ЧЫТАННЕ СВЯТОГА ЕВАНГЕЛЛЯ ПАВОДЛЕ ЯНА
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло.
І вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Ерузалема святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: Хто ты? Ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: Я не Хрыстус.
І спыталіся ў яго: Дык хто ж? Ты Ілля?
І сказаў: Не.
Ты прарок?
І ён адказаў: Не.
Тады сказалі яму: Хто ж ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?
Ён сказаў: Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая.
А пасланцы ж былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля, і ні прарок?
Ян сказаў ім у адказ: Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях ягоных.
Было гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.
Ян 1, 6–8. 19–28
«ГОЛАС, ЯКІ КЛІЧА»
Евангелле ў гэтую трэцюю нядзелю Адвэнту зноў ставіць перад нашымі вачыма Яна Хрысціцеля, заклікаючы больш уважліва прыгледзецца да прадвесніка Езуса, яго ідэнтычнасці, паслання і лёсу.
У сённяшнім урыўку сам Ян адказвае на пытанне пра тое, хто ён такі: ён — не Месія і не прарок (хоць пазней Езус назаве яго прарокам); Ян — «голас, які кліча ў пустыні». Мы ўжо чулі ў мінулую нядзелю, да чаго заклікае гэты голас: «раўняць дарогу Пану», то бок засыпаць ямы нашых дэпрэсій і адчаю надзеяй і даверам да Бога, панізіць пагоркі нашай пыхі і саманадзейнасці сапраўднай пакорай: такім чынам, каб мы разлічвалі не на ўласную хітрасць і чалавечую — «надта чалавечую» — мудрасць, а мелі Бога і Яго слова як адзіны аўтарытэт.
Ян Хрысціцель заклікаў тых, хто да яго прыходзіў, перш за ўсё адварочвацца ад зла і быць справядлівымі ва ўсіх сваіх справах: нікога не крыўдзіць, не браць больш за належнае, дзяліцца з іншымі, калі маеш удосталь…
Ян не сцішаў свой голас і перад абліччам «моцных гэтага свету»: мы добра памятаем, што за крытыку Ірада, які жыў з жонкаю свайго брата, Ян быў пасаджаны ў вязніцу і пазней забіты.
Напэўна, у тыя часы нехта (або і шмат хто) казаў, што «не трэба было Яну туды лезці» — лепш было пакінуць у спакоі Ірада (бо глядзі, да чаго гэтая крытыка прывяла), каб магчы спакойна далей прапаведваць і хрысціць, робячы дабро. Ці за сваю смеласць Ян не заплаціў занадта высокую цану? Ці не зашмат узяў на сябе? Ці не лепш было «не высоўвацца» занадта?
У нашыя дні, у сваю чаргу, тыя самыя пытанні можна задаць адносна паводзінаў некаторых святароў — каталіцкіх і праваслаўных, — якія за крытыку незаконных і несправядлівых дзеянняў улады трапілі ў вязніцу.
БОГ І ЯГОНЫЯ СЛУГІ НЕ СТАЯЦЬ НА ЎЗБОЧЧЫ
Ян Хрысціцель не мог інакш. Для яго пабуджэнне казаць праўду і заклікаць да навяртання было важнейшае і мацнейшае за абывацельскую разважлівасць і асцярожнасць. У выніку ён загінуў, хоць тэарэтычна мог яшчэ шмат гадоў пражыць, шмат добрага зрабіць…
Відавочна, логіка тых, хто кіруецца Божым Духам, зусім іншая. Важна тое, што справа Яна не загінула разам з ім, бо быў «Той, хто ідзе за ім», «мацнейшы за яго». Езус, які некаторы час быў у ліку вучняў Яна, «пераняў эстафету»: з Евангелляў мы ведаем, што Езус менавіта тады распачаў сваю публічную дзейнасць, калі Ян апынуўся ў вязніцы.
Можна сказаць, што Езус пераняў «неразважлівасць» свайго настаўніка: Ён таксама «палезе на ражон», пойдзе ў Ерузалем, дзе стане ахвярай насілля «ў росквіце сіл».
У час Адвэнту, калі ў нашым уяўленні мы чакаем як найхутчэй убачыць мілае дзіцятка ў яслях, слова Божае нагадвае нам пра тое, што Бог, прыходзячы ў гэты свет у чалавечай постаці, прымае ўсю драматычнасць гісторыі чалавечага роду, уваходзіць у яе, не стоячы на ўзбочыне. Наш Бог адмаўляецца перамяніць гэты свет моцай насілля і перавагі (хоць нам прынамсі час ад часу, напэўна, хацелася б, каб менавіта такім чынам Ён пакараў усіх злых і несправядлівых людзей). Божая моц у іншым: у Ягоным слове, якое Ён разам са сваім Духам няспынна скіроўвае да чалавецтва праз прарокаў, а «ў апошнія дні — праз Сына» (пар. Гбр 1, 1–2), які адкрыў нам канчаткова твар Айца.
«ДУХ ПАНА БОГА НА МНЕ»
«Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім…» — гэтыя словы цытуе Езус у сінагозе ў Назарэце на пачатку сваёй місіі. У чарговы раз з нашых сэрцаў вырываецца малітва: «Так, Пане, як жа і сёння нам патрэбна, каб былі перавязаны раны змучаных сэрцаў, каб палонныя пачулі вестку аб вызваленні, а вязні выйшлі на свабоду!» Як жа нам патрэбна, каб узышла, як сонца, справядлівасць, следам за якой ідзе слава, паводле словаў прарока Ісаі!
«Пан Бог так учыніць», — абвяшчае прарок, але ці ён мае на ўвазе, што мы пры гэтым нічога не павінны рабіць, што мы застаемся пасіўнымі назіральнікамі?.. «Дух Пана Бога на мне», — прадказвае біблійны аўтар прыйсце Месіі, але гэтыя словы адносяцца і да яго самога, і да кожнага прарока і сведкі, якія прыйшлі ў імя Пана.
Гэтыя слова датычацца і цябе і мяне, калі мы захочам ісці за Тым, хто ішоў за Янам Хрысціцелем.
Прыняцце нашага паклікання як удзелу ў збаўчай місіі Хрыста, якая нясе аздараўленне ранаў, вызваленне і сапраўдную свабоду вязням, — вось шлях да нашай уласнай свабоды і славы, якую дае Бог і якая не вымяраецца чалавечымі стандартамі перавагі над іншымі, а знаходзіць асалоду ў дзейснай любові — служэнні. «Верны той, хто вас кліча; Ён гэта і здзейсніць», — чуем мы ў другім чытанні ад святога Паўла. Бог прагне даць нам Свайго Духа — таго Духа, які натхняў і надалей натхняе прарокаў, сведкаў і ўсіх Божых слугаў-вучняў. Ці мы прагнем Яго прыняць, ці гатовыя адважыцца пайсці за Яго натхненнем?..
На фота – кс. Вячаслаў Барок на беразе ракі Ярдан падчас пілігрымкі ў Святую зямлю.
З 3 снежня святар адбывае 10 сутак арышту ў віцебскім СІЗА.