Уладзімір Кавальчук, іканапісец: «У цёмныя часы беззаконня жадаю тым, хто ў засценках, трымацца»
19.10.2021
Хата мастака Уладзіміра Кавальчука ў слынных Жыровічах кідаецца ў вочы ўсім, хто праходзіць і праязджае па Саборнай вуліцы. Над ёй – высокая вежа, на вільчыку якой – анёл, які дзьме ў трубу. Апавяшчае свету добрую вестку. Задраўшы галаву, любуюся творам невядомага каваля, а тым часам з хаты выходзіць гаспадар. Жыццярадасны, поўны энергіі і настроены на загадзя дамоўленую гутарку.
– Уладзімір Міхайлавіч, іконы пісаць – не пейзажы маляваць, тут, як мне падаецца, нейкі дадатковы дар патрэбны. Што трэба мастаку, каб сесці і напісаць абраз для царквы?
– Па-першае, трэба верыць у Бога. Я праваслаўны вернік, уся мая сям’я – шчырыя вернікі. Раней манахі-багамазы пісалі іконы, трымаючы пост і молячыся. Я таксама стараюся посціць, ну, можа, не так строга. Звычайна стаўлю царкоўную музыку, духоўныя песняспевы, каб настроіць на адпаведны лад душу. Бо ва ўзрушаным стане ікону не напішаш. Выкарыстоўваю мінеральныя фарбы. Бяру сухія пегменты – охру, бялілы – і перамешваю іх з яйкавым жаўтком. А каб ён не псаваўся, дадаю вінаградны воцат. Ну і, вядома ж, усё раблю з малітвай, з цярпеннем.
– А ці ёсць нейкія правілы, якіх мастак мусіць трымацца?
– Тут трэба разумець адну рэч: ёсць кананічныя і некананічныя іконы. Некананічныя яшчэ называюць «жывападобнымі». Святыя на іх – як жывыя людзі на фотаздымку. А кананічная ікона паказвае нам сакральны свет – на ёй няма ценяў. Таму што і ў Евангеллі гаворыцца: «Бог ёсць Святло, і няма ў Ім ніякай цемры». Таму ніякіх святлаценяў быць не павінна. Апошнім на іконе пішацца аблічча і робіцца надпіс: напрыклад, «Свяціцель Мікалай Цудатворац» ці «Прападобная Еўфрасіння Полацкая». Некананічны іканапіс набыў асаблівую папулярнасць на Захадзе ў часы так званага Рэнесансу, можна назваць імёны Мікеланджэла, Рафаэля, другіх знакамітых мастакоў. Яны малявалі «ад сябе». І гэта не іконы, хутчэй царкоўны жывапіс.
– Славутая на ўвесь свет «Сіксцінская Мадонна» – не кананічная?
– Вядома ж, не, бо там ёсць святло і цені. Кананічная ікона – вобразна выказаная малітва. Яна павінна быць, кажучы па-руску, «беспристрастной» – не перадаваць ніякіх думак ці пачуццяў. Яна павінна быць спакойнай, ураўнаважанай. І глядзець табе проста ў сэрца.
– Хіба магчыма «беспристрастно» намаляваць Распяцце?
– Магчыма. Узоры вядомыя – Андрэй Рублёў, Дзіянісій – іканапісец XVII стагоддзя, які распісаў Ферапонтаў манастыр. Згадайце: у Рублёва Хрыстос, прыбіты цвікамі да крыжа, не курчыцца ў пакутах. Расхінутымі рукамі ён абдымае ўсё чалавецтва, дае любоў усяму свету. Гэта ўжо вобраз, сімвал. Гэта называецца сімвалічны рэалізм.
– У саборы Усіх Беларускіх Святых у Гродне я бачыў іконы, на якіх супрацоўнікі НКВД вядуць на расстрэл святароў. Тыя іконы не ўсім царкоўнікам падабаюцца, хтосьці прапаноўвае іх вынесці з храма. А вы што скажаце?
– На тых іконах – гістарычны факт. Святароў у часы бязбожнай улады сапраўды масава расстрэльвалі. Колькі іх, напрыклад, на Бутаўскім палігоне ляжыць… Да таго ж іконы тыя напісаны па канонах. Там няма святлаценяў. Гэта сімвал пакутніцтва, сімвал бязвінна пралітай крыві. Як можна іх кудысьці выкінуць?
– Мастакі свае карціны падпісваюць. А ці пазначаеце вы нейкім чынам свае іконы?
– Не. Гэта і не патрэбна. Гэта ж не мой твор, я толькі выканаўца. Ніводнай іконы я не падпісаў.
– Калі падпісаць, гэта будзе грэх?
– Ну, не грэх, але самазадаволенасць, праява гардыні.
– А дзе можна пабачыць вашы іконы?
– Ой, шмат дзе, я нейкага спецыяльнага ўліку не вяду. Нядаўна вось напісаў ікону «Неупиваемая чаша» для вясковай царквы пад Баранавічамі. Бацюшка прыехаў і падзяліўся клопатам: співаецца народ, буду служыць малебны. Пісаў я ікону і для старажытнай царквы-крэпасці Раства Багародзіцы ў Мураванцы. Туды я падараваў «Спаса нерукатворнага». Там мой зяць служыць – айцец Кірыл Кубрак. Хацеў і роспіс зрабіць – нельга. Царква – помнік архітэктуры, ахоўваецца дзяржавай. Цвічка без дазволу нельга ў сцяну забіць. Зяць расказваў, як прыязджала дзяржаўная камісія. Усё агледзела і зрабіла заключэнне: трэба ўмацоўваць фундамент, прапітку сцен рабіць, каб не разбураліся. А за якія сродкі? Шукайце самі! Вось бацюшка і ходзіць азадачаны. А там немалыя сродкі трэба. Дзе ты знойдеш? А праз тры гады царкве споўніцца 500 гадоў.
– Вы згадалі храм у Мураванцы, а я прыпомніў яшчэ адну царкву-крэпасць – Сынкавіцкую. Старажытныя фрэскі ў ёй аднаўляў ваш калега Алесь Пушкін, які ўжо другі год сядзіць у турме невядома за што (без выраку суда). Што вы можаце пажадаць яму?
– Як мага хутчэйшага вызвалення. А яшчэ – паспачуваць, бо што мы, мастакі, можам зрабіць? Не штурмаваць жа тую турму… Такое цяпер бяспраўе і беззаконне. Калі кіраўнік дзяржавы кажа, што «часам не да законаў», то чаго застаецца чакаць… А колькі апрача Пушкіна сядзіць! Ужо тысячы. У цёмныя часы беззаконня жадаю тым, хто ў засценках, трымацца. Трымацца, трымацца і трымацца… Вось нядаўна па дзяржаўным радыё пачуў: толькі за каментарый у інтэрнэце больш за 130 чалавек арыштавалі. Што гэта робіцца? Вось выйдзе наша гутарка ў «Народнай Волі», і да мяне могуць прыйсці… Мой сын (яму 55 гадоў) кажа: «Я прыхільнік таго, каб дзейнічалі законы для ўсіх. Любыя, хай самыя жорсткія, але для ўсіх». І я з ім згодны. Самае страшнае, калі для аднаго закон дзейнічае, а для другога – не. Адных садзяць невядома за што, а другі чалавека скалечыць ці нават заб’е – і не нясе ніякага пакарання. Гэта жах…
– У вас творчая сям’я. Вы – мастак, шмат гадоў штатна працавалі ў жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры. Ваша жонка Галіна Аляксееўна стварыла пры Жыровіцкім цэнтры культуры вакальны гурт «Крыніца» і сама цудоўна выконвае беларускія народныя песні. Дачка Юлія займаецца фларыстыкай, упрыгожвае на святы манастырскія храмы. І вы (усе трое) пішаце вершы на беларускай мове. Якім быў ваш шлях да беларушчыны?
– Даволі пакручасты. Я нарадзіўся ў 1946 годзе ў вёсцы на Пухаўшчыне. Праз два гады загінуў бацька. Жылося цяжка. Галодныя пасляваенныя гады, мёрзлую бульбу на полі збіралі, каласкі. А ў маці жылі сваякі ў Сібіры, ажно ў Іркуцкай вобласці, і ў 1960 м мы пераехалі туды. Пяць гадоў я там пражыў. Помню, прыйшоў у тамтэйшую у школу, слова па-беларуску скажу – увесь клас смяецца… Вывучыў рускую мову, скончыў чыгуначнае вучылішча, працаваў на ўзбярэжжы возера Байкал. Але цягнула на радзіму. Прыехаў да цёткі, якая жыла ў Мар’інай Горцы. Пайшоў неяк на танцы пад радыёлу. З адной дзяўчынай патанцаваў, з другой, бравіруючы сваёй рускай мовай. Пасля танцаў мясцовыя хлопцы адвялі мяне ўбок: «Адкуль ты такі ўзяўся?» – «З Сібіры, – кажу, – а родам мясцовы». – «Дык а што ты тут нам русіш?» І ў нюхаўку мне, у нюхаўку!..
– Вось які жорсткі ўрок нацыянальнай годнасці чакаў вас на радзіме.
– Ну, так атрымалася. Потым мы з мар’іна-горскімі хлопцамі пасябравалі.
– Вы адзінаццаць гадоў былі штатным мастаком Жыровіцкага манастыра. Бачылі яго, што называецца, знутры. Растлумачце мне, чаму там не прыжываецца беларуская мова? У манастырскай кнігарні – тысячы выданняў. І – ніводнага беларускага. Ды і ў багаслоўскім бюлетэні «Жыровіцкая абіцель», які рыхтуе манах Іаан (ён жа паэт Зніч) беларускай мовы ўсё менш. Чаму так?
– Беларуская праваслаўная царква ўваходзіць у Маскоўскі патрыярхат, таму ўся на Маскву і заточана. У тым ліку і наш манастыр. І тут нічога не зробіш. Хоць многія святары беларусы, але іх наўрад ці перавыхаваеш. Мая дачка Юлія раней упрыгожвала храмы на святы бел-чырвона-белымі гірляндамі, цяпер – ужо нельга… А ўлетку прыязджала ў Жыровічы Наталля Качанава, на сустрэчу сабралі ўсіх святароў Навагрудска-Слонімскай епархіі, выкладчыкаў семінарыі. І вось святар Яўген Саланкоў звярнуўся да Качанавай з просьбай перавесці Жыровіцкую сярэднюю школу з беларускай мовы навучання на рускую.
– Дык школа ў Жыровічах – свецкая, а не царкоўная. Чаму святар умешваецца не ў свае справы?
– У яго дзеці там вучацца. У дадзеным выпадку ён як бацька выступіў. Качанава запісала просьбу ў блакноцік, і з 1 верасня школа перайшла на рускую мову.
– А бацькоў – прыхільнікаў беларускай мовы не знайшлося?
– Можа, яны і ёсць, але ніхто не пратэставаў. Справа ў тым, што ў Жыровічах карэнных жыхароў мала. Тут жывуць пераважна прыезджыя (як той жа Саланкоў). Тыя, хто працуе пры манастыры. Не разумею, чаму ў беларускай школе трэба выкладаць па-руску? У мяне гэта ў галаве не ўкладваецца.
– А вы паспрабавалі б гэта «ўкласці ў галаву» аднавяскоўцам-бацькам, іх жа дзяцей русіфікуюць.
– Людзі цяпер настолькі запалоханыя… Як у сталінскія часы. Помню, я быў знаёмы з паэтам Захарам Біралам, які пісаў для калгаснай самадзейнасці прыпеўкі. Адна з іх гучала так: «Цераз рэчку ляжыць кладка / тонкая, хістаецца. / Мне савецкая ўладка / вельмі падабаецца». Яго арыштавалі і далі 10 гадоў – за намёкі пра «хісткую савецкую ўладу». Пасля вызвалення Бірала толькі дзіцячыя вершыкі пісаў…
– А чаму не звярнуцца да вашага дэпутата, які, да слова, піша вершы па-беларуску і нават з’яўляецца членам чаргінцоўскага Саюза пісьменнікаў.
– Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валянцін Семяняка, здавалася б, павінен разумець проблему. Сам у школе працаваў, па-мойму, нават дырэктарам быў. Праўда, у дэпутаты выбіраўся, пабыўшы намеснікам старшыні Зэльвенскага райвыканкама. Прызнацца, я хацеў напісаць яму ліст. Але з іншай нагоды. Сёлета Семяняка павіншаваў сваіх выбаршчыкаў з Днём Перамогі праз газету «Слонімскі веснік». І напісаў у віншаванні, што сімвал нашай дзяржаўнасці – чырвона-зялёны сцяг – з’явіўся ў 1945 годзе… Гэта, мякка кажучы, няпраўда. Сцяг быў зацверджаны Прэзідыумам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 8 мая 1956 года. Вось і не захацелася мне шукаць заступніцтва для беларускай школы ў чалавека, які нясе лухту са старонак афіцыйнай раённай газеты.
– Уявім сабе такую сітуацыю: у якой-небудзь «мураўёўцы» (так называюць цэрквы з пэўнай архітэктурай) святар задумаў павесіць партрэт генерал-губернатара Мураўёва (РПЦ яго паважае) і звярнуўся да вас. Напісалі б?
– Не. Толькі не яго. Прыгадваю, у маладыя гады, калі працаваў мастаком-афарміцелем, я маляваў партрэты Леніна і Маркса. Дык яны патрэбны былі! Скажам, прыбягае старшыня калгаса і кажа: хлопцы, едзе праверка, трэба папрацаваць. Што значыла – закрыць розныя недахопы. У патрэбным месцы ставілі высокі плот і малявалі на ім вялікімі літарамі: «Верной дорогой идете, товарищи!». Вось гэта мне даводзілася рабіць. А Мураўёва – ні за якія грошы. Чытаў я ў Караткевіча пра яго, шавініст расійскі. Вось партрэт Караткевіча я з задавальненнем намаляваў бы.
– Узняўшыся на сваю вежу, якія краявіды вы любіце сузіраць?
– У мяне агляд на ўсе чатыры бакі свету. На ўсход – рака Шчара і лясы прыгожыя. Калі сонца на Вялікдзень уздымаецца і красуе – вачэй не адарваць! З другога боку – краявід з манастыром. З трэцяга – дарога на Івацэвічы, мясціны ўзгорыстыя… На вежы я люблю пасядзець, кавы папіць, настроіцца на творчасць. А пад вежай – чакае майстэрня…