Удзел «Хрысціянскай візіі» ў II Кангрэсе па палітвязнях у Беларусі


26 верасня ў Варшаве распачалося мерапрыемства — II Кангрэс па палітвязнях у Беларусі. У першым дні ўдзельнічалі прадстаўнікі ініцыятывы «Хрысціянская візія» — Дзмітрый Карнеенка і Ксішa Ангелова.
Дзмітрый Карнеенка у сваім выступе адзначыў, што вернікі з’яўляюцца адной з найбольш уразлівых груп у беларускіх турмах і калоніях. Рэлігійнае жыццё там цалкам залежыць ад адміністрацыі:
- спавядацца могуць не дазволіць;
- сустрэчы са святарамі абмяжоўваюць;
- удзел у набажэнствах робяць немагчымым;
- у хрысціянаў адбіраюць крыжыкі або іншыя рэчы веры;
- забараняюць падпіску на выданні кшталту «Каталіцкі веснік».
Карнеенка працытаваў словы вызваленага палітвязня Ігара Карнея: «Бог можа клікаць цябе ў царкву, але вырашае адміністрацыя».
Ён падкрэсліў, што вера становіцца нагодай для дадатковага ціску на вязняў, асабліва для тых, каму прысвоілі жоўты цэтлік «экстрэміста». Паводле яго слоў, з 2020 года ад розных формаў рэпрэсій ужо пацярпелі 91 служыцель.
У той жа час вера можа стаць і крыніцай унутранай сілы. Ён прывёў прыклад філосафа і палітвязня Уладзіміра Мацкевіча, які пасля вызвалення адзначаў, што яго падтрымлівалі малітвы і салідарнасць вернікаў у Германіі. Асобна Карнеенка згадаў, што Ватыкан рэгулярна апякуецца многімі беларускімі палітвязнямі, у тым ліку праз дыпламатычныя і гуманітарныя каналы.
Ксішa Ангелова прадставіла серыю сваіх партрэтаў палітвязняў, створаных у межах праекта «Беларускі Мартыралог».
Другая частка Кангрэсу адбудзецца 28 верасня ў Познані.
Фота:
- Дзмітрый Карнеенка выступае на панэльнай дыскусіі пра ўразлівыя групы. Фота Рауль Дзюк / Белсат.
- Ксіша Ангелава і Дзмітрый Карнеенка каля выставы партрэтаў палітвязняў. Фота: архіў Ксішы Ангелавай