У вазочніцы Валянціны Крыштопенка прайшоў ператрус. Забралі два тэлефоны. Верагодна за фотаздымкі з біблейскай цытатай

У нядзелю 3 студзеня міліцыянты прыйшлі з ператрусам да Валянціны Крыштопенка – жанчыны з інваліднасцю 1-й групы, якая жыве ў пасёлку Кастрычніцкая Віцебскага раёну. Супрацоўнікі Віцебскага РАУС зрабілі агляд памяшкання, у якім Валянціна жыве разам з дачкой і ўнучкай. Канфіскаваныя два мабільныя тэлефоны.
«Пагрукалі ў дзверы з самага ранку. Па праўдзе, мы чакалі зусім іншых гасцей, бо ў мяне сёння дзень народзінаў – тым больш, нядзеля, выходныя. Ніякіх папераў на рукі не далі, сказалі, што будуць рабіць агляд…» – расказала дачка Валянціны Крыштопенка Святлана.
У выніку агляду супрацоўнікі Віцебскага РАУС канфіскавалі два мабільныя тэлефоны, адзін з якіх належыць дачцэ Валянціны Крыштопенка.
Як зразумела спадарыня Валянціна, ператрус прайшоў у межах чарговай адміністрацыйнай справы паводле арт. 23.34, якую завялі на жанчыну за адзіночнае пікетаванне. На думку міліцыі, менавіта Крыштопенка ўдзельнічала ў здымках відэароліка, змантаванага з фотаздымкаў, на якіх жанчына пазуе ў тым ліку на фоне міліцэйскага аўто, прыкрываючы твар плакатам. У якасці закадравага тэксту аўтары відэа выкарысталі верш Андрэя Дзяменцьева «Власть воюет с собственным народам».
Міліцыянты забралі з кватэры Валянціны Крыштопенка таксама плакат з біблейскай цытатай: «Когда господствует нечестивый, народ стенает». Жанчына паведаміла, што сама аддала ім гэты плакат.

56-гадовую Валянціну Крыштопенка, якая мае інваліднасць 1-й групы і перасоўваецца на вазку, ужо тройчы судзілі летась паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у пратэставых акцыях. Першы раз папярэдзілі, другі раз аштрафавалі на 7 базавых велічынь, трэці раз – на 25 базавых.
Зміцер Міраш, Віцебская Вясна