Царква і палітычны крызіс у Беларусі

У Росіцы ўшанавалі памяць блаславёных пакутнікаў

У Росіцы ўшанавалі памяць блаславёных пакутнікаў

У Росіцы ўшанавалі памяць блаславёных пакутнікаў

Падзея адбылася ў суботу, 20 лютага. Росіца – гэта месца, дзе ў лютым 1943 года нацысты спалілі больш за паўтары тысячы чалавек. Разам з вернікамі ў агні загінулі два святары – айцы Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра. Яны мелі магчымасць выратаваць сабе жыццё, але адмовіліся пакінуць сваіх парафіянаў і разам з імі прынялі пакутніцкую смерць.

Ужо з самай раніцы ў Росіцу сталі прыбываць пілігрымы. Нягледзячы на пандэмію, тут сабралася больш за сотню вернікаў з розных мясцін Беларусі.

У 11 гадзін распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Таксама ў гэты час усе жадаючыя маглі прыступіць да сакраманту споведзі.

Святая Імша распачалася а 12-й гадзіне. Цэлебраваў яе біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На яе пачатку ўсіх пілігрымаў прывіталі кусташ Санктуарыя ў Росіцы айцец марыянін Аляксандр Жарнасек і біскуп Алег Буткевіч.

Іерарх адзначыў, што гэты касцёл з’яўляецца сведкам трагічных падзей, што адбыліся тут 78 гадоў таму. Тыя падзеі – вынік таго, да чаго можа прывесці нянавісць у людскіх сэрцах. Таму зараз наша грамадства як ніколі патрабуе супакою і перамен.

Гэту тэму ардынарый развіў і ў сваёй гаміліі. Ён спыніўся на адказах на пытанні: у каго мы верым?, хто паслаў Хрыста?

Мы павінны верыць у Бога і быць Яму паслухмянымі. Бо калі людзі пачынаюць лічыць сябе вышэй за Бога, тады і здараюцца розныя трагедыі. Прыклад гэтаму – дзве таталітарныя ідэалогіі, што існавалі ў ХХ стагоддзі: нацызм і камунізм. Мы і зараз не можам да канца пераадолець іх наступствы.

Спыніўся біскуп і на значэнні псальма, што спяваўся падчас Літургіі: “Хто ў слязах сее, жаць будзе ў радасці”. Ён адзначыў, што галоўнае ў веры – служыць Богу і людзям: “І хай заступніцтва блаславёных Антонія і Юрыя нам у гэтым дапамагае”.

Пасля заканчэння святой Імшы пілігрымы разам са святарамі накіраваліся да месца мучаніцтва. На гэтым месцы іерарх таксама звярнуўся з кароткім словам да вернікаў.

“Мы знаходзімся ў супольнасці з тымі, хто адышоў з гэтага свету, – адзначыў біскуп Алег. – Таму наша малітва ёсць тым мостам, які яднае нас са светам збаўлення, які вядзе нас да неба”. Іерарх заклікаў усіх шанаваць чалавечае жыццё ад яго пачатку да натуральнай смерці.

Пасля гэтага адбылася кароткая малітва за тых, хто прыняў на гэтым месцы мучаніцкую смерць. Потым біскуп ушанаваў крыж, што ўстаноўлены ў памяць росіцкай трагедыі, затым святары, кансэкраваныя асобы і вернікі алучыліся да адарацыі. Каля крыжа вернікі пакінулі  шмат знічак як сімвал памяці аб росіцкіх мучаніках.

Пасля ўсе зноў накіраваліся ў храм. Закончылася ўрачыстасць у касцёле спевам гімна “Магутны Божа”.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота

Catholic News


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава