У Докшыцах чакае суда каталіцкі святар Мурзіч. Кажуць, злавілі без правоў

Докшыцкія чытачы «Нашай Нівы» паведамляюць, што ў пятніцу знік каталіцкі святар з вёскі Параф’янава Раман Мурзіч. На службе ў Докшыцах ксёндз Віталь заклікаў за яго маліцца. 

Калегі Мурзіча пацвердзілі, што той затрыманы і чакае суда. Пакуль што дакладная карціна невядомая, з наяўных абрыўкаў інфармацыі вынікае, што святара спынілі супрацоўнікі спецатрада ДАІ «Тайфун». 

У Мурзіча гэта другое затрыманне без правоў цягам года. Магчымае пакаранне — штраф 20-50 базавых, грамадскія працы альбо арышт да 15 сутак.

У панядзелак мае адбыцца суд, на які прыедзе віцебскі біскуп.

Раман Мурзіч у раёне вядомы сваёй прынцыповай пазіцыяй у адстойванні справядлівасці. У часе жнівеньскіх падзей ён выступіў на докшыцкай плошчы з крытыкай гэтак званых аддзелаў ідэалогіі, абвінаваціўшы іх у трансляванні хлусні і сутыкненні лбамі беларусаў. На ягоным касцёле вісеў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. 

Наша Ніва