Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Трэцяя гадавіна закрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску: пытанні без адказаў і няпэўная будучыня

Трэцяя гадавіна закрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску: пытанні без адказаў і няпэўная будучыня

Трэцяя гадавіна закрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску: пытанні без адказаў і няпэўная будучыня

26 верасня – чарговая гадавіна закрыцця для вернікаў касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску, вядомага як Чырвоны касцёл. У гэты дзень у 2022 годзе храм быў закрыты ўладамі пасля пажару, які быў абвешчаны падставай для правядзення рамонту, які расцягнуўся на працяглы перыяд.

«Хрысціянская візія» сабрала ключавыя факты да трэцяй гадавіны закрыцця Чырвонага касцёла.

Галоўная прычына, паводле якой парафію пазбавілі святыні, застаецца дагэтуль нераскрытай.

У коле каталіцкіх вернікаў сыходзяцца на меркаванні, што пажар быў толькі фармальнай падставай, прычым, не выключана, што інцыдэнт быў не выпадковым. Дакладныя прычыны ўзнікнення пажару так і не былі названыя (версія аб ўзгаранні праводкі не была пацверджаная адпаведнымі ведамствамі), а вынікі расследвання інцыдэнту не былі абнародаваная.

Сярод версій рэальных прычын закрыцця касцёла – патрабаванне змены пробашча ксяндза Уладзіслава Завальнюка, які ў 2020 годзе выходзіў да жанчын-пратэстоўцаў і выказваў ім падтрымку.

Калі такое патрабаванне ад уладаў было, то Курыя яго выканала – у жніўні 2024 года Завальнюка адправілі ў адстаўку без прадастаўлення новага месца служэння, а новым пробашчам парафіі святога Сымона і святой Алены прызначылі лаяльнага да ўладаў ксяндза Франца Рудзя.

Аднак касцёл і пасля гэтага не адкрылі, болей таго – заявілі аб неабходнасці маштабнай рэканструкцыі, з-за якой храм застанецца зачыненым яшчэ як мінімум да студзеня 2027 году, і прымусілі вывезці з касцёла ўсю маёмасць парафіі.

Тым часам ксяндза Завальнюка вярнулі да служэння – у верасні 2025 году ён стаў пробашчам парафіі ў Барысаве.

Што тычыцца стаўлення да сітуацыі касцёльных уладаў, то ні рэакцыі, ні публічных каментароў з боку іерархаў і святароў за ўвесь гэты час практычна не было. Таксама адсутнічаюць заявы прадстаўнікоў Ватыкану, у тым ліку – Апостальскіх нунцыяў у Беларусі: як папярэдняга, так і цяперашняга.

Велізарная парафія, якая ўжо тры гады жыве без свайго храма і месціцца ў мінскай архікатэдры, не мае ніякай гарантыі, што пасля завяршэння рэканструкцыі ўлады дазволяць вернікам вярнуцца ў святыню.

Паводле заявы цяперашняга пробашча, на парафіі вісіць доўг у амаль 150 тысяч рублёў, які выставіла «Мінская спадчына» за карыстанне храмам у мінулыя гады. Сабраць такую суму ў цяперашняй сітуацыі для парафіі нерэальна. Магчыма, невыплату доўгу назавуць чарговай прычынай таго, каб не вярнуць касцёл вернікам.

Ні пробашч, ні біскупы не даюць адказу парафіянам на пытанне, ці пусцяць супольнасць зноў у касцёл: будучыня застаецца няпэўнай.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост