Выступленні, допісы ў фэйсбуку, інтэрв'юКазані, малітвыКАНФЕСІІМОВЫПа-беларускуПраваслаўная ЦаркваСЛОВЫ

Справядлівасць ці міласэрнасць? Развагі пратаярэя Георгія Роя ў сённяшнюю нядзелю пра Закхея, якая папярэднічае падрыхтоўцы да Вялікага Посту

Святар Беларускай Праваслаўнай Царквы (Гродна)

«Мытар – прадажны служка акупацыйнай улады. Гвалтам і пагрозамі ён збірае падаткі са сваіх суайчыннікаў. Яго ўласны заробак – тое, што бярэцца звыш вызначанага памеру падатку. У вачах людзей мытар – здраднік і крывапійца. Мытары часта спрычыняліся да страты ізраільцянамі маёмасці, свабоды і нават жыцця. Мытараў ненавідзелі.
Закхей, пра якога мы сёння чытаем у Евангеллі, быў начальнікам мытараў Іерыхона. Можна ўявіць тыя якасці характару, што дапамаглі яму зрабіць кар’еру ў гэтай сферы: жорсткасць, бязлітаснасць, звышпатрабавальнасць. Здаецца, ШТО святога магло застацца ў душы такога чалавека?

Але, як ні дзіва, ён шукае Іісуса, хоча бачыць Яго. Недарасць, бяжыць папярод натоўпу і залазіць на дрэва, каб убачыць Таго, Якога называюць Месіяй. І дзіва! З усяго мноства людзей, Хрыстос бачыць яго аднаго – бязлітаснага здрадніка і злодзея Закхея. Кім бы не быў Закхей, але ён зрабіў крок насустрач Хрысту. Ці ж мог Іісус застацца абыякавым да гэтага імкнення?

Сітуацыя ў нечым камічная! Іісус звяртаецца да таго, хто сядзіць на дрэве, схваны за галінамі і лісцем: «Закхей! Злазь! Мне належыць быць у цябе дома!»
Сітуацыя ў нечым скандальная! Той пра Каго кажуць — Месія ідзе ў госці да здрадніка і злодзея, будзе вячэраць з ім! Гэта значна больш, чым проста зайсці ў госці ў нашым сучасным уяўленні. Раздзяліць хлеб – знак еднасці. Як вынік — СПРАВЯДЛІВАЕ абурэнне пакрыўджаных Закхеем людзей!
Калі іудэі ўяўлялі сабе часы Месіі, яны чакалі, што людзі падобныя да Закхея будуць пакараныя першымі і самым відавочным чынам. Людзі чакалі нябеснай СПРАВЯДЛІВАСЦІ Месіі да тых, каму не існавала справядлівасці зямной.

Але Месія робіць роўна адваротнае! Хрыстос выяўляе не справядлівасць, а МІЛАСЭРНАСЦЬ. Не прылюдным пакараннем, а МІЛАСЭРНАСЦЮ Збаўца перамагае жорсткую бязлітаснасць і сквапнасць Закхея! Прылюднае выкрыццё, абвінавачанне і справядлівае пакаранне згубіла б чалавека для Божага Царства, а міласэрнасць знайшла яго. Бязлітаснае сэрца здрайцы і злодзея было здабыта Хрыстовай міласэрнасцю! Закхей сведчыць сваё пакаянне: «Вось, палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убо́гім, і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы́ больш”. Хрыстос дасягнуў сваёй мэты! Бо, Сын Чалавечы прыходзіць не караць, а “каб знайсці і ўратаваць тое, што загінула”.

А што ж пакрыўджаныя людзі? — Відавочна расчараваныя! Пакаранне грэшніка больш адпавядае іх ўнутраным жаданням, чым яго пакаянне і навяртанне. І тут самы час спытацца: па-першае, чаго чакаем мы ад Хрыста для сябе, і, па-другое, што зычым мы нашым ворагам і недобразычліўцам? СПРАВЯДЛІВАСЦЬ ЦІ МІЛАСЭРНАСЦЬ?»

Фейсбук аўтара