Кс. Вячаслаў Барок. Сітуацыя ў Каталіцкай Царкве ў Беларусі ў 2020-2023 гг. Гісторыя асабістага пераследу.
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
Слуханні «Жыццё і вера ва ўмовах ціску: галасы палітвязняў і пераследуемыя беларускія хрысціянскія абшчыны». Брусэль, Еўрапарламент, 31.05.2023 г.
1. Пра мяне
Я з’яўляюся святаром дваццаць тры гады. Большую частку гэтага часу я быў у Беларусі. Я пабудаваў адну царкву, аднавіў і адрамантаваў яшчэ некалькі. Я актыўна займаўся евангелізацыяй: ужо больш за дзесяць гадоў дзеля гэтага арганізовываў аўтобусныя пілігрымкі па розных санктуарыях свету, у тым ліку ў Велеградзе, Лурдзе, Фаціме, Сант’яга-дэ-Кампастэла. Тысячы пілігрымаў падарожнічалі са мной па Еўропе, усе мы даведваліся пра нашу хрысціянскую спадчыну. Мы, беларусы, рэінтэграваліся ў Еўропу, якая, як сказаў некалі Гётэ, пабудавана на паломніцкіх шляхах.
Калі пандэмія зачыніла межы ў 2020-м, я ўзяўся за ўпрыгожванне тэрыторыі нашага храма ў Расонах. Я пасадзіў каля тысячы дрэў і розных раслін.
Усё маё служэнне было накіравана на стварэнне прыгожага і справядлівага, а таксама на ўмацаванне міру.
2. Пра Беларусь
Колькі я жыву, у Беларусі заўсёды адбываліся пераследы па рэлігійнай прыкмеце. Адзіным выключэннем быў пачатак дзевяностых. Пасля гэтага, нават калі была адносная свабода, Касцёл заўсёды быў аб’ектам дыскрымінацыі. Такой жа думкі ў свой час прытрымліваўся і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Памятаю, як у канцы 1980-х настаўнікі аглядалі храмы, каб выявіць там школьнікаў. Я тады мала пацярпеў, а вось мая старэйшая сястра адчула сацыяльную ізаляцыю, бо школьнае кіраўніцтва заахвочвала байкатаваць яе. Ейным аднакласнікам забаранілі размаўляць з маёй сястрой, таму што камсамольцам не належыла мець зносіны з хрысціянамі.
Да сённяшняга дня Беларусь – адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе захавалася Упраўленне ўпаўнаважанага па справах рэлігій. Гэта дзяржаўная ўстанова была створана ў СССР з мэтай кантролю і абмежавання правоў вернікаў.
Нават цяпер дзяржава надзяляе ўпаўнаважанага ўладай біскупа над усімі рэлігійнымі арганізацыямі. У яго ці ейнай кампетэнцыі вырашаць, каму дазволена будаваць храмы, маліцца ў іх і як.
Яшчэ ў 2018 годзе той самы дзяржаўны ўпаўнаважаны запатрабаваў ад майго біскупа забараніць мне гаварыць і пісаць у сацыяльных сетках з крытыкай сацыяльнай несправядлівасці.
І ўсё гэта нягледзячы на тое, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае права на свабоду думкі і выказвання згодна з 33-ім артыкулам.
Аднак усё, што адбывалася да восені 2020 года, было толькі прэлюдыяй да адкрытага і ўсебаковага пераследу любой праявы свабоды думкі і прыгнечання меркаванняў, якія адрозніваюцца ад “ідэалагічна правільных”. У выніку былі ахвяры: дзясяткі зняволеных святароў і тысячы палітычных зняволеных.
3. Пра 2020 год
З 22 студзеня я пачаў весці канал на YouTube. Там я разважаў на хрысціянскія тэмы ў кантэксце сучаснага света і абмяркоўваў сацыяльнае вучэнне Касцёла.
Мая актыўнасць у сацыяльных сетках прыцягнула ўвагу праваахоўных органаў. З лістапада 2020 па травень 2021 яны кантралявалі змест маіх відэа на YouTube, шукаючы забароненыя матэрыялы. Яны намагаліся знайсці нагоду для ўзбуджэння крымінальнай справы. Нават была замоўлена лінгвістычная экспертыза дзесяці маіх відэа, але там не ўдалося знайсці ніякага злачынства. Тым не менш, у якасці меры стрымання ў снежні 2020 года мяне асудзілі на 10 содняў адміністрацыйнага арышту.
Мая просьба аб правядзенні адміністрацыйнага працэсу і судовага разбору на беларускай мове была адхіленая. Беларуская мова з’яўляецца сёння непрымальнай ў беларускіх судах.
Цягам 2021 года мне перыядычна тэлефанавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў і не раз пыталіся, ці знаходжуся я яшчэ ў Беларусі. Намякнулі, што я павінен з’ехаць.
І паколькі я не жадаў сядзець моўчкі і не з’язджаў з Беларусі, у ліпені 2022 года зноў завялі адміністрацыйную справу па сфабрыкаваным абвінавачанні. Супрацоўнікі пракуратуры спрабавалі забраць у мяне ўсю тэхніку і тэлефоны. Меркавана, ўлады хацелі пазбавіць мяне сродкаў вырабляць кантэнт для YouTube. Адначасова я атрымаў таксама афіцыйнае папярэджанне з абласной пракуратуры і мусіў пакінуць Беларусь у ліпені 2022 года. У адваротным выпадку я не змог бы працягваць сваё служэнне. З’ехаўшы ў Польшчу, я працягваю прапаведаваць, і да снежня 2022 года быў актыўны ў сацыяльных сетках.
Рэжым Лукашэнкі не забыўся пра мяне. У яго спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў увайшлі чатыры ролікі на YouTube, у якіх я прымаў удзел.
Каб аказаць ціск на мяне, ў лістападзе і сьнежні 2022 года да майго бацькі некалькі разоў прыходзілі прадстаўнікі праваахоўных органаў. Яго дапытвалі ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе, але мой статус мне паведаміць адмовіліся.
4. Аб перспектывах міру і свабоды ў Беларусі
Я дакладна не лічу сябе вінаватым у парушэнні якіх-небудзь законаў Рэспублікі Беларусь.
Я заўсёды заклікаў да законнасці, пакаяння і дыялогу.
У той жа час, задоўга да 2020 года, я прадказваў паглыбленне сацыяльнага і палітычнага крызісу ў краіне.
Я сцвярджаў, што без пераасэнсавання зверстваў, учыненых пры камуністычным кіраванні, тэрор, які фундуецца дзяржавай, непазбежна паўтарыцца.
Сёння, знаходзячыся ў Еўрапарламенце, я хачу падзякаваць вам за зацікаўленасць у няпростай сітуацыі ў Беларусі. Католік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі назваў цяперашнюю сітуацыю «грамадзянскай вайной». Гэтую фразу ён ужыў у сваёй заключнай прамове ў судзе і заклікаў улады спыніць гэтую сітуацыю.
Дадам, што грамадзянская вайна, якую злачынны рэжым вядзе супраць уласнага народа, адбываецца ва ўмовах усё больш шырокамаштабнай расейскай акупацыі.
Канешне, пры такіх знешніх умовах надзеі на свабоду рэлігіі вельмі мала. Сёння рэлігійныя арганізацыі нават калі і маюць права на адкрытае існаванне, то толькі таму, што рэжым Лукашэнкі імкнецца выкарыстоўваць цэрквы як сродак выключна ў сваіх мэтах.
Я малюся кожны дзень, каб вайна і яшчэ большае кровапраліцце абмінулі Беларусь. Аднак я таксама разумею, што калі свет будзе ігнараваць беларускую праблему, ці будзе спрабаваць пабудаваць дыялог на кампрамісах са злом (гандаль, напрыклад, аб вызваленні палітвязняў для зняцця санкцый), апазіцыя ў Беларусі будзе толькі расці. Гэта непазбежна прывядзе да сілавога сцэнара.
Каб у Беларусь вярнуўся мір, неабходна стварыць сітуацыю, пры якой усе, хто ўчыніў злачынствы супраць беларускага народа, пачнуць адказваць за гэтыя злачынствы.
І, канешне, тут патрэбна дапамога ўсёй Еўропы. Беларусь таксама з’яўляецца часткай Еўропы і хрысціянскай заходняй цывілізацыі. Адказнасць за лёс Беларусі ляжыць не толькі на беларускім народзе, але і на ўсёй Еўропе.