«Шпіён Божы». Успаміны ксяндза Генрыха Акалатовіча
Генрых (Генадзь) Акалатовіч — пробашч каталіцкай парафіі святога Юзафа ў Валожыне. Святара затрымалі ў лістападзе 2023 года.
Сёлета 25 лістапада пачаўся суд. Ксяндза Генрыха абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК) за што яму пагражае да 15 гадоў турмы. Суд ідзе ў закрытым рэжыме, таму тое, у чым канкрэтна абвінавачваюць валожынскага пробашча, невядома дагэтуль.
Святар працягвае заставацца прыкладам непахіснасці і глыбокай веры. Негледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, ксёндз Генрых мужна трымаецца і вінаватым сябе не прызнае.
У 2022 годзе сястра Рэната Зялінская OP у часопісе Biuletyn IPN апублікавала ўспаміны ксяндза Генрыха Акалатовича, з якіх становіцца зразумела, што пераслед за веру і допыты ў КДБ святару ўжо даводзілася праходзіць.
Ад чыгункі да алтара
Генрых Акалатовіч нарадзіўся 8 красавіка 1960 года ў Новай Мышы пад Баранавічамі. Хлопчык выхоўваўся ў глыбока рэлігійнай каталіцкай сям’і, якая перадавала веру на працягу некалькіх пакаленняў. Кожную нядзелю бацькі вадзілі дзяцей у касцёл у Новую Мыш, а калі там не было святара, то ў Баранавічы — 11 км, часта пешшу. У сям’і было чацвёра дзяцей. Сёстры Марыя і Рэгіна стварылі сем’і, а Генрых і яго брат Леанард сталі святарамі.
Маленькі Генрык ужо ва ўзросце дзевяці гадоў служыў міністрантам у касцёле. Аднак яго шлях да святарства атрымаўся даволі працяглым. Пасля школы Генрых Акалатовіч паспеў вывучыцца на памочніка машыніста, папрацаваць на чыгунцы і нават адслужыць у арміі. Разам з тым будучы святар знаходзіў сілы, каб паглыбляць веру і наведваць таемную семінарыю ў Нядзведзіцы на Берасцейшчыне.
Нарэшце ён вырашыўся паступаць у семінарыю ў Рызе — афіцыйную «міжрэспубліканскую» семінарыю, якая магла прымаць кандыдатаў з розных рэспублік СССР. Толькі была перашкода: на працягу пяці гадоў Генрых Акалатовіч безвынікова спрабаваў атрымаць ад ўпаўнаважанага па справах рэлігіі дазвол на адукацыю. Будучы святар не губляў надзеі і ў 1984 годзе нарэшце стаў семінарыстам, а потым адразу здаў усе залікі і экзамены. Прэзбітэрскае пасвячэнне Генрых Акалатовіч атрымаў таемна 5 чэрвеня 1984 годзе у Кашэдарах (Літва).
Атрымаўшы рэгістрацыю ад савецкіх уладаў у Беларусі, быў накіраваны ў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе. Святар таксама ездзіў да вернікаў ў Опсы, Відзы, Полацк і Віцебск. У 1986-1989 гадах служыў пробашчам у Ракаве.
Ксёндз Генрых вучыўся на факультэце кананічнага права Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта і ў 1992 годзе атрымаў ступень доктара юрыдычных навук на аснове працы «Zawiązanie sporu w prawie procesowym rzymskim i w kodeksach prawa kanonicznego». У гісторыі ўніверсітэта гэта была першая доктарская ступень рыма-каталіцкага святара, грамадзяніна Савецкага Саюза.
Адначасова з гэтым ксёндз Генрых служыў для католікаў у Магілёве, Гомелі, Бабруйску, Дзяржынску, Заслаўі. Ён дапамагаў ім вяртаць святыні і рэгістраваць парафіі.
У 1989-1996 гадах святар працаваў вікарыем у парафіі Божага Цела ў Нясвіжы, а таксама ездзіў у Клецк, Капыль, Старыя Дарогі, Сноў, Гарадзею і Салігорск.
Па распараджэнні кардынала Казіміра Свёнтка ён прыняў кіраўніцтва Касцёльным судом Пінскай і Мінска-Магілёўскай дыяцэзій. Адначасова ў 1997 годзе займаў пасаду пробашча ў Сталовічах.
У 1996–1997 гадах ксёндз Генрых працягнуў адкукацыю ў Рыме ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. З 2000 годзе быў пробашчам парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску, а з 2005 года — парафіі святога Юзафа ў Валожыне.
«Цяпер я ведаю дарогу ў Катынь»
Будучы маладым святаром, ксёндз Генрых зразумеў, што яго пакліканне — не толькі служыць святую Імшу, але і несці святло памяці і праўды ў самыя змрочныя куткі гісторыі.
«Яшчэ ў дзяцінстве, калі мы ў сям’і прамаўлялі ранішнія і вячэрнія малітвы, бабуля Францішка ці маці Тэрэза дадавалі дадатковыя малітвы за “польскіх пакутнікаў, якіх Сталін расстраляў у Катыні”.
Пазней, калі я вучыўся ў семінарыі, мая бабуля заўсёды казала мне: “Калі Пан дасць Бог і ты станеш святаром, то павінен ісці да нашых мучанікаў у Катыні і маліцца там сярод іх…”»
Катынскі растрэл — савецкае вайсковае злачынства, масавыя забойствы польскіх грамадзян. Паводле абнародаваных архіўных дакументаў вясной 1940 года былі расстраляныя 21 857 чалавек, з іх — 4421 ў Катынскім лесе ў 30 км на захад ад Смаленска.
На працягу многіх гадоў хлусня аб здзяйсненні злачынства немцамі была афіцыйнай дактрынай савецкіх уладаў і падкантрольных ім уладаў Польскай Народнай Рэспублікі. У сведчаннях аб смерці, якія выдаваліся сем’ям катынскіх ахвяр, былі пазначаны ілжывыя даты. Сем’і ахвяр цярпелі ад пераследу: дзецям абцяжарвалі паступленне ў ВНУ, удоў звальнялі з працы, супраць тых, хто спрабаваў выкрыць злачынцаў, узбуджалі крымінальныя справы.
«У чэрвені 1984 года я атрымаў святарскае пасвячэнне і дыкрэт на пробашча парафіі ў Браславе і ў першай палове лістапада гэтага года паехаў на пазычаным аўтамабілі ў Катынь», — падзяліўся успамінамі ксёндз Генрых.
Святар прыехаў уначы. Ён убычыў плот, які ахоўваў лес на працягу некалькіх кіламетраў. Дачакаўшыся раніцы, ксёндз Генрых пакінуў машыну на абочыне, і ўвайшоў праз браму ў катынскі лес.
«…бачу вялікую паляну, акружаную бетонным кальцом з надпісам на польскай і расейскай мовах: ”Тут пахаваныя палякі, забітыя нацыстамі ў 1941 годзе”, а на зямлі, унутры гэтага кальца, 6 ці 7 масіўных бетонных пліт. На адной з гэтых пліт я зрабіў алтар і цэлебраваў святую Імшу за ўсіх забітых тут, у катынскім лесе. Потым я адслужыў набажэнства асвячэння могілак (5 стацый) з Дня Задушнага, памаліўся брэвіярый і ўзяў у торбу гарсць зямлі. У мяне было некалькі абразкоў Маці Божай Чэнстахоўскай і польскі сцяг. Я размясціў выявы на плітах і замацаваў камянямі, а польскі сцяг усталяваў на бетоннае кальцо.
Каля мяне спынілася машына, якая ехала ў глыб лесу, і да мяне падбег мужчына у вайсковай форме з крыкамі: “Вы хто, што вы тут робіце?! Вам не дазволена знайдзіце тут, я неадкладна выклічу дзяжурнага і арыштую вас! Забярыце гэтыя значкі і замежны сцяг. Гэта тэрыторыя Савецкага Саюза, дзе не можа быць чужынскага сцяга. Я зачыняю вароты, выходзьце адтуль”. Я адказаў яму: “Пане… (ён перапыніў мяне, сказаўшы: “Я не пан, я таварыш”). Добра, таварыш, хто тут у гэтым лесе быў расстраляны і закапаны? Прачытайце надпіс на гэтым бетонным кольцы — “Расстраляныя палякі”. Ведаеце, чый сцяг я прывязаў да гэтага бетоннага кольца? Гэта сцяг Польшчы і забітых тут, у гэтым катынскім лесе, калі яны бачылі свой сцяг, яны былі б вельмі рады, каб пра іх памяталі іх жывыя землякі і іх радзіма».
Першы раз ксяндзу Генрыху ўдалося памаліцца за загінуўшых у катынскім лесе і вярнуцца да сваіх святарскіх абавязкаў. Калі ён вярнуўся ў Катынь вясной наступнага 1985 года, то ўбачыў, што сцяг і абразы засталіся на сваіх месцах, толькі былі пашкоджаны ветрам, снегам і дажджом. Аднак у гэты раз сустрэча з прадстаўнікамі ўлады прайшла не так гладка.
«Калі я ўпершыню расказаў Папу пра гэты візіт у Катынь у 1989 годзе, Ян Павел ІІ вельмі ўважліва выслухаў мяне, але на гэтым месцы перапыніў і сказаў: “Напэўна ў той момант Бог моцна засмяяўся, калі ўбачыў такое відовішча: ксёндз у сутане сядзіць на 4-х метровым плоце, а міліцыянеры і КДБісты знізу глядзяць на цябе і рукамі паказваюць, каб ішоў да іх”».
З Катыні ў Смаленск накіраваліся тры машыны: спераду міліцэйская, потым машына, на якой прыехаў ксёндз, і ззаду — чорная «Волга».
«Грамадзянскія асобы прадставіліся супрацоўнікамі КДБ горада Смаленска і Смаленскай вобласці і прапанавалі зняць сутану. Я адмовіўся, сказаўшы: “Сутана гэта мая штодзённая вопратка.”»
Дапросы пачаліся каля 9 гадзіны раніцы. Супрацоўнікі КДБ патрабавалі, каб святар прызнаўся, што з’яўляецца «шпіёнам Варшавы і Ватыкана» і прыехаў у Катынь па заданні.
«”Калі ты не прызнаешся, што цябе прыслалі з Варшавы і Ватыкана, дык дадому не вернешся, а адсюль у Сібір павязем. Напішы, што цябе Варшава адправіла сюды ў Катынь, мы цябе неадкладна вызвалім і ты вернешся дадому”. Я стаяў на сваім і казаў, што ў Катынь мяне прывёў мой духоўны абавязак маліцца за памерлых і ахвяраў тэрору, а таксама асвячаць магілы маіх землякоў, якія ляжаць тут, у катынскім лесе.
Падчас майго знаходжання ў будынку Смаленскага КДБ мяне дапытвалі 7-8 супрацоўнікаў. Калі мяне адпусцілі, то вярнулі дакументы, гадзіннік і выпісалі штраф. Гадзіннік паказваў 2:30 ночы, але я і два афіцэры яшчэ некаторы час стаялі ў двары. Калі брама адчынілася, перад ёй стаяла машына ДАІ. Адзін з міліцыянераў сеў у маю машыну і сказаў ехаць за міліцэйскай машынай. Па дарозе я спытаў у міліцыянера: “За што ўсё ж мяне затрымалі і так доўга дапытвалі?” Міліцыянер адказаў: “Вы зайшлі на тэрыторыю КДБ, гэты Катынскі лес агароджаны плотам з’яўляецца закрытай тэрыторыяй КДБ, нават міліцыя не мае права туды заходзіць. будзьце ўдзячныя, што вас выпусцілі.”»
«…для гэтага, міністр, мне не патрэбны ваш дазвол»
Праз два-тры тыдні ксяндза Генрыха выклікалі да ўпаўнаважанага па справах рэлігій Андрэя Залескага, які вельмі абураўся, што святар без дазволу свецкай улады паехаў у іншую рэспубліку і адслужыў там набажэнства.
У тыя часы кожны святар, акрамя дыкрэта касцёльнай улады, павінен быў мець таксама дазвол на служэнне ў канкрэтнай парафіі. Калі свецкая ўлада забірала гэтую «спраўку», то гэты святар не мог выконваюць свае духоўныя абавязкі.
Ва ўспамінах ксяндза Генрыха, якія апублікавала сястра Рэната Зялінская OP, у яго забіралі «спраўку» трыццаць разоў. Прычынамі былі арганізацыя Першай святой Камуніі, удзел дзяцей у працэсіі, допуск дзяцей да міністрантуры, пастаноўка крыжа (па ўспамінах ксяндза было ўсталявана 25 крыжоў на Браслаўшчыне), а таксама з-за цэлебрацыі святой Імшы па-за касцёлам, на могілках, у дамах хворых.
«Я адказаў міністру Залескаму: “Калі хочаце называць мяне шпіёнам Ватыкана і Варшавы, запішыце, калі ласка у пратаколе, што я Божы шпіён, бо гэта Бог і мая вера пасылае мяне да палякаў, якіх Сталін расстраляў у Катынскім лесе. Цяпер я ведаю шлях і далей буду ездзіць у Катынь, каб адслужыць Імшу на месцы савецкага злачынства супраць безабаронных палякаў, а для гэтага, міністр, мне не патрэбны ваш дазвол”».
Пазней па пошце ксяндзу Генрыху прыйшло паведамленне, што ён атрымаў грашовы штраф за цэлебрацыю святой Імшы ў Катынскім лесе.
Праз некалькі гадоў ксёндз Генрых на сустрэчы з Янам Паўлам ІІ пачуў ад Святога Айца наступнае: «Ты першы святар, які пасля вайны на працягу многіх дзесяцігоддзяў цэлебраваў святую Імшу і набажэнства Дня Задушнага на месцы катынскага расстрэлу. Табе трэба звязацца з ксяндзом (Здзіславам) Пешкоўскім…»
Ксёндз Здзіслаў Пешкоўскі актыўна займаўся ўвекавечаннем памяці аб трагедыі ў Катыні. Падчас эксгумацыі польскіх афіцэраў у 1990-х гадах ён асабіста браў у рукі кожны чэрап, дакранаўся да яго і благаслаўляў ружанцам, які асвяціў Ян Павел ІІ. Ксёндз Генрых Акалатовіч прыслухаўся да рэкамендацыі Святога Айца і сапраўды звязаўся з ксяндзом Здзіславам.
Важныя заданні
У 1988 годзе кардынал Юзаф Глемп, прымас Польшчы, запрасіў ксяндза Генрыха Акалатовіча ў Варшаву ў сваю рэзыдэнцыю на вуліцы Мядовай, каб ён ўзяў удзел у сустрэчы з беларускім праваслаўным мітрапалітам Філарэтам і перадаў яму ліст ад прымаса Польшчы і пэўнае вуснае пасланне… Святар з Беларусі выканаў заданне.
Таксама прымас Глемп звярнуўся да ксяндза Генрыха з наступнай просьбай: «Ты грамадзянін Савецкага Саюза, ты нясеш вельмі важную і ў той жа час вельмі рызыкоўную службу, ездзіш у Катынь і цэлебруеш святую Імшу за забітых там палякаў. Ты ведаеш гэтую тэрыторыю… Мы зараз атрымалі ад кіраўніцтва СССР афіцыйны дазвол на ўсталяванне крыжа ў Катыні. Прыедзе каманда людзей з Польшчы і я прашу цябе суправаджаць гэтую каманду і вітаць іх на ноч у вашай парафіі і суправаджаў іх у Беларусь і Катынь. Вы можаце зрабіць гэта?»
Ксёндз Генрых Акалатовіч пагадзіўся і ўзяўся за гэтую справу. Па ўспамінах святара, у Катыні адзін савецкі чалавек, калі ўбачыў, што яны прывезлі з Польшчы ўсё, нават пясок для замешвання бетону, пажартаваў: «Таварышы палякі, чаму вы пясок з Польшчы прывезлі? Паглядзіце, колькі ў нас зямлі ў Савецкім Саюзе, на ўсё хопіць».
Тады ксёндз Генрых спытаў у гумарыста, хто забіваў палякаў тут, у Катыні. Той адказаў шэптам: «Сталін, проста яшчэ не час пра гэта гаварыць услых». Калі капалі яму пад крыж, кожнае вядро зямлі, якое даставалі знізу, супрацоўнікі КДБ у цывільным перабіралі рукамі…