Сэрца мірнага пратэсту
ЯўгенБрыцько
Праваслаўны вернік, тыфлапсіхолаг. Сфера цікавасцяў: развіццё супольнасцей, гульня, правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прыхільнік міждысцыплінарнасці, асабліва на стыку з тэалогіяй. Слухач Лятучага Універсітэту.
Калі запытаць часткова відушчага чалавека, як ён бачыць, то, хутчэй за ўсё, пачуеш адказ: а хіба можна інакш! Калі ж спытаць беларуса-хрысціяніна, чаму ты быў на вулічных маршах дваццатага року? Напэўна, пачуць можна багата рознага, але мой адказ: хіба можна было інакш?
Па сканчэнні трох рокаў можна і паразважаць, чаму ды навошта? І тут спатрэбяцца некалькі важных для мяне паняткаў.
Пачну з царквы. Царква як супольнасць стала мне вядомай нашмат раней, чым інстытуцыя рытуальных паслуг. А крыху пазней я даведаўся пра этымалогію грэцкага слова (от ек-каХм — запрашаць, збіраць). Дык вось, яно мае дачыненне да любога сходу, уключаючы сход гаражан з намерам агалосіць сваё меркаванне і прыняцце рашэнняў па важных пытаннях. Трэба памятаць, што першахрысціянская супольнасць ужывала слова «экклесія» не ў класічным значэнні, а так, як яно ўжывалася ў старазаветным кантэксце, дзе яно адпавядала стараяўрэйскаму «кагал» (qahal) і азначала супольнасць, народ ізраільскі. Гэтая супольнасць пакліканых, адклікнуўшыхся, абраных, каб быць целам Хрыста ў кожным імгненні, усведамляецца мною, як царква.
Другім жа, паняткам будуць учынкі Хрыста, якім можна навучыцца ў евангеллі. Боскаму целу, то бо нам, тут, на зямлі, належыць паводзіць сябе так, як Ён, і быць у хвіліны выпрабаванняў там, дзе Ён. І тут двух меркаванняў быць не можа – Бог заўжды на баку болю.
Дзе ж у тыя жнівеньскія дні было балюча? Дзе ж у той яблынавай цяплыні былі пакуты? Не трэба доўгіх разваг, каб даць адказы на такія пытанні, асабліва ў момант падзей незабыўнага лета для ўсіх нас. Калі мы вызнаем, што Хрыстос любіць нас і пакутаваў за нас, то мы мусім праяўляць сябе гэтак жа да іншых. Мы бачым у Ісусе Бога, прыняўшага чалавечае аблічча, пакутуючага і плачучага разам з намі.
Вось, і я пачуў гісторыю збіцця цяжарнай жанчыны — і больш проста не мог чытаць навіны. Яшчэ адной важнай падзеяй для выказвання сваёй нязгоды было віншаванне Патрыярхам Кірылам захопнікаў улады — адразу пасля 9 жніўня. Гэтая палітычная заява царквы патрабавала ад мяне засведчыць, што хрысціяне — яны пра любоў, пра пяшчоту, пра клопат, а не пра гвалт, сілу ды моцную руку.
Яскравей усяго досвед тых нядзельных і жаночых маршаў з 12 жніўня можа выказаць паэзія. І чуллівае сэрца Зміцера Строцава сведчыць, а я далучаюся. Вось радкі, якія прыляпіліся да мяне і неяк мною пераклаліся:
Як дзіўна
ўсё ж прывесці на плошчу сябрыну
Раніцой галоўны ваяка краіны ўзравеў
хай будзе генацыд свайго народа
спачатку салдаты стрэляць уверх
а потым адкрыюць агонь на знішчэнне
Пабраўшыся за рукі прайсці па праспекту
як у апошні раз
і раптам на плошчы задыхаць
вольна
ключы ў суседзеў
у сабакі вада і запас сухароў на содні
прайсці праз двор
дзе нядбалая падае цень
выйсці на вуліцу
дзе святая бадзяецца паўсядзённасць
можа гэтая пара з усіх
рухаецца ў нашу бязглуздзіцу
на расстрэл
саскочыць
яшчэ нічога не позна
млоснасць панічная атака
зразумела ты можаш заўжды завярнуць
назад
Вочы і вочы і вочы…..
Незабыўны досвед развітання з сабакам, з дзецьмі, з бацькамі — і крокі, быццам у апошні раз бачыш іх. Такі ж незабыўны досвед літургіі. Не! Не ў сэнсе набажэнства ў будынку, наўмысна пабудаваным, а справа адзінства, агульная справа. Вопыт сакральнай практыкі па-за рэлігійным узбагаціў мяне падчас маршаў. Маю спадзеў, што не толькі мяне. Атрыманыя навыкі спагады, мірнасці, адзінства ды адкрытасці дужа патрэбны ў выгнанні, дужа патрэбны пад ціскам.
Адным словам, праходзячы час нявызначанасці, няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, адсутнасці цвёрдага грунту пад нагамі можа зрабіць нас мацней. З гэтай нагоды прагну нагадаць яшчэ адну надзвычай важную рэч. Дзявятага жніўня дваццатага року была дзявятая нядзеля па пяцідзясятніцы, а евангельскае чытанне дня таго паводле Мацвея:
24 А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
25 А ў чацвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.
26 І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі.
27 Але Ісус адразу загаварыў з імі і сказаў: падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
28 Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! Калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе.
29 А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысці да Ісуса.
30 але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! Уратуй мяне.
31 Ісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! Навошта ты засумняваўся?
32 І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.
33 А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы. (Мац. 14, 24 – 33)
Ісці па вадзе падчас буры мы здольны, калі маем веру. Засведчыць жа веру мажліва толькі ўчынкамі. Гэты евангельскі ўрывак натхняе на далейшыя крокі і надае сіл не звальвацца ў сумневы. Я выходзіў на вуліцу свайго места, а апынуўся на азёрнай гладзі. Абсяг яе вялізарны, і без веры за бераг не зачапіцца нават позіркам. Чацвёрты рок выпала нам ісці праяўляючы самыя прыгожыя якасці чалавека. Будучы перакананымі, што дэманстраваць сумленне і шчырасць мажліва толькі там, дзе вольна.