Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Сацыяльны этас царквы ў кантэксце палітычнага крызісу ў Беларусі

Сацыяльны этас царквы ў кантэксце палітычнага крызісу ў Беларусі

Сацыяльны этас царквы ў кантэксце палітычнага крызісу ў Беларусі
Аўтар
Яўген Брыцько

ЯўгенБрыцько

Праваслаўны вернік, тыфлапсіхолаг. Сфера цікавасцяў: развіццё супольнасцей, гульня, правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прыхільнік міждысцыплінарнасці, асабліва на стыку з тэалогіяй. Слухач Лятучага Універсітэту.

Дваццаты год стаў падсумаваннем вынікаў грамадска-палітычнага жыцця Беларусі. Стаў падсумаваннем і тэалагічных разваг апошняй паловы стагоддзя, якія аформіліся ў дакумент Праваслаўнай царквы Канстантынопальскага патрыярхату «За жыццё свету». Сацыяльны этас праваслаўнай царквы “За жыццё свету” быў апублікаваны ў момант буйнейшага выкліку чалавецтва — у разгар пандэміі кавіду. Відавочна, што гэтыя з’явы не выпадковыя. У шэраговым ладзе праваслаўных вернікаў Беларусі нібыта нічога не адбывалася. Калі адносна гэтага дакумента, хай нават прыгожага з эстэтычнага пункту гледжання, зразумела. Па-першае, гэта дакумент царквы іншай юрысдыкцыі, па-другое, у РПЦ ужо ёсць свая «Сацыяльная канцэпцыя», а з 2008 года нават дакумент «Аб годнасці, свабодзе і правах чалавека». Пандэмія ж выклікала грэблівае стаўленне і з боку беларускіх улад, і з боку царквы Маскоўскай юрысдыкцыі. І, можа, гэта б прайшло незаўважаным, калі б праваслаўных беларусаў гэты самы не паставіў бы яшчэ перад адным выклікам. Выбары, пасля якіх быў разгул гвалту, ды яшчэ і падтрыманы кіраўніцтвам БПЦ. Гэтыя выклікі, як буйныя марскія хвалі, адыходзячы, пакідаюць на ўзбярэжжы вялікую колькасць бруду. Яскрава падкрэсліваючы праблемы, на якія можна было заплюшчваць вочы і згаджацца доўгі-доўгі час. 

Дзе ж шукаць прытулку хрысціяніну, для якога быць на баку прыціснутых і абяздоленых — гэта норма?

Я, як самы звычайны парафіянін, на момант траўматычных падзей у нашай краіне пра існаванне «За жыццё свету» не чуў. А вось досвед літургічнасці на вуліцах жнівеньскай Беларусі атрымаў. І імкнулася сэрца да чагосьці іншага, да аднадумства. Вось і здарыўся з мной сацыяльны этас, які пабачыў спачатку па-ўкраінску, а потым і па-расейску. І трэці год ён для мяне крыніца натхнення — вось і паспрабую падзяліцца тэалагічна абгрунтаванай падтрымкай нас.

Сацыяльны этас — гэта важнае словазлучэнне само па сабе, а калі пад  «этасам» разумець стыль жыцця якойсьці грамадскай супольнасці, арыентацыю яе культуры, прынятую ў ёй іерархію каштоўнасцей, тады гутарка не аб правільных правілах, а пра штосьці большае. Такім большым перш-наперш сталася разуменне ўнікальнасці кожнай асобы як Стварэння Божага і вынікаючай адсюль чалавечай годнасці. Няма патрэбы дадаткова распавядаць аб нашай агульнай спробе адстайваць годнасць. Пра магчымасць адчуваць евангельскі грунт хрысціянскага ладу жыцця. Так, у другім раздзеле аўтары нагадваюць нам:

Самы надзейны  грунт  і праграма  праваслаўнага  сацыяльнага  этасу змяшчаецца,  перад за ўсё,  у настаўленні Хрыста. Нішто ў Евангеллі нашага Госпада не з’яўляецца больш выразным і сталым, чым Яго абсалютны клопат і спачуванне да небарак і бяспраўных, абражаных і забытых, вязняў, галодных, стомленых і абцяжараных, тых хто ў роспачы. Ганьбаванне Ім — раскоша багацеяў,  абыякавасць да стану прыгнечаных і эксплуатацыі   абяздоленых — бескампрамісна і недвухсэнсоўна. У той жа час, пяшчота Яго любові да «меншага з іх» бязмежная. Ніхто з тых, хто імкнецца ісці за  Хрыстом, не можа не пераймаць ні Ягонага абурэння супраць несправядлівасці, ні Ягонай любові да ўціснутых.

Вось такі параграф, голасам сучасных тэолагаў натхняе і падмацоўвае не пагаджацца на цёмную рэчаіснасць. Пасля адбыўшыхся падзей і пачаўшайся масавай эміграцыі сумленных, шчырых хрысціян з праваслаўным светаглядам надзвычай складана было распавесці пра прыклады біблейскіх дзеячаў, выгнаннікаў на чужыну, кшталту прарока Іллі. Яшчэ складаней распавядаць аб важнасці палітычнай плашчыні. Звычка, якая працяглы тэрмін транслявалася царквой, аб па-запалітычнасці любой сферы жыцця, падобная да мура. Мура, які мы ўжо цягам дзесяцігоддзяў так прагнем разбурыць. Сюды ж можна далучыць клопат аб правах чалавека, і ў тым жа раздзеле крыху ніжэй чытаеш:

Царква не дамагаецца таго, каб веруючыя ў Хрыста грамадзяне тых ці іншых  дзяржаў у любой магчымай сітуацыі падпарадкоўваліся ўладам ці згаджаліся з сацыяльным  ды палітычным становішчам, у якіх яны знаходзяцца.

Ці яшчэ ніжэй:

Часам такі ўдзел можа праяўляцца не ў абсалютным паслухмянстве, а ў грамадзянскім непадпарадкаванні і нават паўстанні  —  па прычыне  грамадзянства больш вышэйшага парадку. Хрысціянін павінен быць верным у першую ды апошнюю чаргу Царству Божаму, тады як  адданасць чамусьці іншаму з’яўляецца толькі часовай, прыходзячай, частковай ды выпадковай.

Цяжка ўявіць, каб такое гучала з амвонаў нашай Беларусі, і яшчэ цяжэй, каб у такіх фармулёўках абмяркоўвалася самімі парафіянамі. Таксама, зразумела, што той, хто слухаў сэрца сваё і будаваў жыццё згодна з Словам Боскім, дакладна цытаты гэтыя не здзіўляюць зусім. Хутчэй, на дадзеным этапе прагнецца знайсці сілы і рухацца абраным шляхам далей. Сярод цікавостак разглядаймага дакумента ёсць напамін такога зместу: 

Мы пакліканы служыць Царству не ад свету гэтага (Ян. 18:36), такому міру, якога свет гэты даць не можа (Ян. 14:27). Таму нам належыць не прыстасоўвацца да прагматычных патрэб гэтага свету, а зноў і зноў змагацца са злом, якім бы непераможным яно іншым разам не прадстаўлялася, і працаваць дзеля любові ды справядлівасці, як таго чакае Бог ад Сваіх  тварэнняў, якой бы дарэмнай гэта праца часам не  падавалася. На шляху да богазносін чалавецтва паклікана не проста прыняць, а хутчэй добраславіць, узняць і пераявіць гэты свет, каб яго ўнутранае дабро мела мажлівасць праступіць нават сярод яго грэхападзення.

Пры шчыльных стасунках царквы з дзяржавай непазбежна перацяканне хвароб утрымальнікаў улады ў царкву. Менавіта таму актыўная грамадская пазіцыя праваслаўнага чалавека па падтрыманню права кожнага ў належным стане з’яўляецца абавязкам. Бо толькі такім чынам, первавярхоўнасцю права, можна забяспечыць годнасць чалавека і захаваць, і выхоўваць Стварэнні Боскія, незалежна ад таго, ці прызнаюць яны самі сябе гэтымі Стварэннямі. Этас праваслаўнага хрысціяніна заклікае і нагадвае да такога стаўлення наступнымі словамі:

Відаць, ні ў якой іншай прасторы сучасны хрысціянін не павінен змагацца з пануючымі тэндэнцыямі эпохі, насупроць, імкнуцца да послуху запаведзі любові так дбайна, як у прасторы палітычнага. Праваслаўныя хрысціяне павінны выступаць у падтрымку мовы правоў чалавека не  таму, што яна напоўніцу суадказвае Боскай задуме аб яго стварэннях, а таму, што яна захоўвае  пачуццё недатыкальнай унікальнасці кожнай асобы і прыярытэт дабра чалавека перад нацыянальнымі інтарэсамі, а таксама забяспечвае заканадаўчую і этычную граматыку, на грунце якой, усе бакі, як правіла, могуць прыйсці да пэўных базавых пагадненняў. Мова правоў чалавека прызначана для ацалення падзяленняў у тых палітычных супольнасцях, у якіх выпала суіснаваць людзям з дужа рознымі перакананнямі. 

Такая вялікая колькасць цытавання толькі з аднаго раздзела не такога і вялікага дакумента зладжана наўмысна. Я прагну нагадаць аб існаванні сацыяльнага этаса праваслаўнага хрысціяніна нам усім, незалежна ад таго, ці гарталі мы яго. І яшчэ адно: мы ўжо маем прэцэдэнт у выглядзе беларускага прыхода Канстантынопальскага Патрыярхату ў Вільні, а значыць, маем магчымасць далучацца і падзяляць гэтыя погляды ды думкі. Адно тое, што мы ў грамадска-палітычным жыцці будзем кіравацца тэалагічна абгрунтаванымі перакананнямі, надае нам рашучасці і адказнасці. Якасцяў, без якіх зладзіць штосьці значнае для Беларусі, для царквы, для свету, так бракуе. У час невызначанасці, у час падарожжа па вадзе, у час калі былога берага ўжо няма, а іншага яшчэ няма, кіруючыся евангельскімі настаўленнямі, мы здольныя пацвердзіць, што багацце слоў дакумента — не пустыя шматлітарныя карункі. Намі прынесены свежы вецер дапаможа прыбраць забруджанае ўзбярэжжа.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава