Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Rerum Novarum пра «афіцыйную пазіцыю» Касцёла

Rerum Novarum пра «афіцыйную пазіцыю» Касцёла

Placeholder
Аўтар
Incognito

RerumNovarum

Аўтарскі канал пра Беларусь, Касцёл і ўсяго патроху.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі і апостальскі нунцый Ватыкану ў Беларусі Антэ Ёзіч 1 лістапада наведалі Курапаты.

Праблема ў тым, што падобныя акцыі не асвятляюцца афіцыйнымі рэсурсамі Каталіцкага касцёла і не даносяцца да тысяч вернікаў, якія так ці інакш не інтэграваны ў каталіцкую тэлеграм-супольнасць. Атрымваецца такой сабе парадокс. З аднаго боку маладыя каталікі даносяць да старэйшага пакалення думкі аўтараў розных тэлеграм-каналаў, расказваючы пра тое, што ўсе не так кепска і насамрэч Касцёл не дыстанцыюецца ад змагання за Праўду… А з іншага боку ёсць той самы вялікі пласт вернікаў, якія пазнаюць пра жыццё Касцёла або праз чаты ў Wats’App і Viber, або праз тыя ж навіны з catholic.by. І навіны гэтыя, як вы разумееце, не заўсёды адлюстроўваюць рэальнасць. Мы ўжо не кажам пра парафіяльныя чаты, у якіх усё часцяком зводзіцца да не зусім змястоўных ліставанняў.

Шаноўны Rerum Novarum абсалютна слушна піша, што гэта не асабістая ініцыятыва мітрапаліта Юзафа Станеўскага, бо яго падтрымаў апостальскі нунцый Антэ Ёзич. Аднак, праз адсутнасць таго ж афіцыйнага асвятлення акцыі на рэсурсах Беларускага Касцёла, інтэрпрэтаваць гэтую акцыю як афіцыйную пазіцыю адносна таго, што адбываецца ў краіне няможна.

Насамперш, гэта было выкананням святарскага абавязку, малітваю за ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў, прымеркаванаю да традыцыйнай акцыі «Дзяды», а ўжо потым дэманстрацыяй уласнай пазіцыі да цяперашняй сітуацыі і адсылкай да тых ахвяр рэпрэсій, якія, на жаль, рэгулярна з’яўляюцца і цяпер. Так, Курапаты — месца адменнае, месца, што выклікае ў цяперашняй улады непрыязь, і, хочацца верыць, пачуццё сораму. Але, як бы там ні было, малітва там, гэта, насамперш малітва і толькі потым выраз уласнай пазіцыі адносна таго, што адбываецца цяпер.

Мы выдатна разумеем, што Касцёл цяпер знаходзіцца ў максімальна нязручным становішчы — на каталікоў аказваецца моцны ціск з боку дзяржавы, якая з дапамогай такіх вось адказаў Мінскага аблвыканкама па факту плюе ў твар усёй супольнасці. І кожны, абсалютна кожны крок Касцёла будзе разглядацца пад мікраскопам…аднак у той жа час вернікам так важна ўбачыць і адчуць, што іх не кінулі. Тым больш, гэта важна ў кантэксце не зусім адназначнай пазіцыі мітрапаліта Станеўскага, пра якую мы пісалі раней.

Што ж, можа падобны малітоўны візіт у Курапаты пры падтрымцы Ватыкана — гэта першы крок да паўнавартага выразу пазіцыі Касцёла і падтрымкі палітвязняў.

Дарэчы, з нагоды акцыі «Дзяды». Мы ездзілі на Магілёўшчыну. Вельмі спадабалася, што людзі помняць і паважаюць традыцыі. Але не спадабалася тое, што людзі дазвалялі і дазваляюць сабе ігнараваць простыя правілы, а менавіта правілы нашэння масак.(мы разумеем, што ён у сваёй галаве мае іншыя правілы, але мы то людзі разумныя, праўда?) Ідучы па нешырокіх дарожках аднаго з цвінтароў, мы раз-пораз праходзілі міма людзей, у якіх не было ані маскі, ані нават шаліка, які б закрываў твар.

Хочам напомніць, што з цяперашняй палітыкай лукашэску, даныя по колькасці захворванняў заніжаюцца ў разы. І небяспека, насамрэч, нашмат вышэй чым мы думаем.

Давайце не забываць пра свой хрысціянскі абавязак — любоў да блізкага, якая ў дадзеным кантэксце выражаецца праз турботу пра здароўе самога сябе і тых хто побач.

Каталіцкая Беларусь: Адраджэнне


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава