Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Праваслаўны святар Андрэй Яварэц з Гродна выказаўся аб наступствах маўчання БПЦ

Праваслаўны святар Андрэй Яварэц з Гродна выказаўся аб наступствах маўчання БПЦ

Праваслаўны святар Андрэй Яварэц з Гродна выказаўся аб наступствах маўчання БПЦ

Ну вось, чарговы заклік нашага першаіерарха да пакаяння, каб не працягвалася сітуацыя грамадскага процістаяння і напружання.

“Не только церковь, а каждый человек должен заботиться о том, чтобы были согласие и мир в нашем обществе. Думается, что анализ прошедшего года и исправление ошибок, покаяние в тех неправильных действиях, которые были, с заглаживанием добрыми делами – это основной вклад”, – заявил глава БПЦ в эфире телеканала ОНТ в воскресенье.

Згодзен! З кожным словам! Толькі вось адно невялікае пытанне – а непасрэдныя аўтары ўсіх тых “няправільных дзеянняў” у выглядзе гвалту і катаванняў над грамадзянамі Беларусі падпадаюць пад катэгорыю тых, хто павінен заняцца “выпраўленнем памылак і іх загладжваннем праз добрыя справы”? Усе гэтыя АМАПы, ГУБАЗІКі і г.д.?

Напэўна, любому, хто мае вочы і жыве ў Беларусі, зразумела, што іх гэта непасрэдна тычыцца. А раз так, то чаму б іх прама і не называць? Чаму ў чарговы раз мы чуем заклік да ўсіх і ні да кога? Быццам бы былі жахлівыя зверствы і экзекуцыі, але хто іх рабіў – не наша справа высвятляць! Няхай каюцца ўсе!

Толькі вось у такім выпадку атрымліваецца, што кАты – быццам бы і не вінаватыя ні ў чым, а іх ахвяры – неяк вінаватыя самыя па сабе. Былі не там дзе трэба і не ў той час! І паняцце справядлівасці, такім чынам, проста неяк губляецца пасярод такіх этычна няўцямных і маральна размытых тэзісаў. А значыць і губляецца перспектыва суду над злом і злачынствамі. Ці можа такі шлях прывесці да грамадскага міра і паразумення?

Напэўна, усім нам, хто нешта падобнае думае і выказвае, наконт пакаяння і прымірэння, было б няблага трошкі адгартаць аркушы нашага беларускага календара назад на жнівень і наноў перачытаць сведкаў жахаў і пакут. Дзякуй, што Гугл, сапраўды, памятае ўсё. Канешне, не дзеля ўзбуджэння ў сабе прагі помсты і нечага такога. А дзеля таго, каб проста разумець – каго і да чаго мы маем права заклікаць!

Як для мяне, то знакавымі ў тыя дні сталі словы з расповеду спадарыні Хрысціны Вітушкі, жонкі вядомага дзіцячага доктара-рэаніматолага Андрэя Вітушкі. Яны дагэтуль для мяне вызначаюць эмоцыі тых дзён і маркіруюць полюсы свету і цемры. Як пэўная кропка адліку ў цяперашняй сістэме каардынат.

Спадзяюся, некалькі цытат будзе да месца тут прыгадаць.

“На Акрэсціна ўтрымліваюць тысячы людзей. Я была ў 4-меснай камеры (каля 10 кв. м), дзе стаялі 2 двухпавярховыя ложкі, стол і параша. Туды напіхвалі па 55 чалавек. Нас не кармілі. У мяне быў з сабой інсулін, але яго забрала фельчар, якая заявіла: „Карміць вас не збіраюцца — навошта ён вам?“ Але потым мне пачалі прыносіць глюкометр і інсулін 2 разы на дзень. Ведаю, што мне спрабавалі таксама перадаць інсуліны, але іх не прынеслі”.

“Сярод затрыманых у нашай камеры была мама 11 дзяцей, была супрацоўніца місіі ААН у Ліване, былі 2 журналісткі, была дзяўчына ў ружовых ласінах і маечцы, якая выйшла пакарміць коцікаў ля пад’езда і яе забралі”.

“Мы маліліся разам, калі начамі катавалі мужчын. Пра катаванні тут пісаць не буду — гэта горш, чым вы можаце сабе ўявіць, а нас могуць чытаць дзеці і бацькі затрыманых. Я ўсё яшчэ не ведаю, дзе мой муж. Спачатку ён быў у адной з камер паблізу, але потым кудысці падзеўся — мне не адказалі куды. Я вельмі, вельмі хвалююся. Я таксама ў жаху ад сінякоў на целе свайго сына — не дарую!”.

З facebook святара Андрэя.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава