Польскія СМІ пра суд кс. Акалатовіча: першы працэс аб “дзяржаўнай здрадзе” над святаром з 1991 г.

“Справа абвастрыла і без таго напружаныя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і аўтарытарным рэжымам у Мінску”, – напісала eKAI, Каталіцкае Інфармацыйнае Агенцтва.
Шэраг буйных свецкіх і каталіцкіх СМІ ў Польшчы напісалі матэрыялы з нагоды пачатку працэса над кс. Генрыхам Акалатовічам, пробашчам парафіі ў Валожыне. Газета Rzeczpospolita выпусціла матэрыял пад тытулам “Нязломны ксёндз перад судом беларускага дыктатара”. У сваю чаргу адзін з найбуйнешых польскіх парталаў onet.pl звяртае ўвагу, што “ўлады краіны паслядоўна прымаюць рашучыя і масавыя дзеянні супраць Каталіцкага Касцёла, да якога належыць каля 10 працэнтаў насельніцтва”.
Польскія медыі распавядаюць гісторыю дзейнасці кс. Акалатовіча. “Вучыўся ў падпольнай семінарыі ў Мядзведзічах, служыў у савецкай арміі, атрымаў адукацыю чыгуначніка (…) Быў першым беларускім святаром, які наведаў Катынь і цэлебраваў там святую Імшу за загінуўшых польскіх афіцэраў (…) Агулам за савецкім часам Генрых Акалатовіч атрымаў ад тагачасных уладаў каля 30 пакаранняў”, – піша eKAI.