Пазіцыя Касцёлу бліжэйшымі месяцамі можа вызначыць яго лёс у будучай Беларусі
Шмат хто, у тым ліку з беларускіх каталікоў, расчараваны адстаўкаю 75-гадовага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і лічыць яе непатрэбнаю саступкаю Ватыкану рэжыму Лукашэнкі.
Аднак пакуль занадта рана рабіць пэўныя высновы. І вось чаму.
Ацэнім сітуацыю.
Атака рэжыму на Каталіцкі Касцёл у Беларусі спынілася на тым, што, з аднаго боку, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь, а з іншага боку – амаль адразу пайшоў на пенсію. Часова заменіць яго на пасадзе мітрапаліта яшчэ старэйшы біскуп – Казімір Велікаселец.
Трэба адзначыць, што здароўе Тадэвуша Кандрусевіча доўгі час пагаршалася – ён скарачаў свае заняткі спортам, якія вельмі любіў, а ў сакавіку 2019 года перанёс сурʼёзную аперацыю на хрыбетніку. У той жа час у 2020 годзе ён заняў актыўную пазіцыю адносна змагання з эпідэміяй каронавіруса, у тым ліку крытыкуючы Міністэрства аховы здароўя, а потым каментуючы грамадска-палітычны крызіс і гвалт, які развязаў рэжым у Беларусі.
У выніку мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, іншыя каталіцкія біскупы і святары, якія называлі белае – белым, а чорнае – чорным, ладна ўзнялі маральны аўтарытэт Касцёлу ў беларускім грамадстве. І гэтае грамадства, часам вельмі секулярызаванае, баіцца пераменаў у паводзінах Касцёлу ў сувязі са зменамі ў кіраўніцтве.
Біскуп Казімір Велікаселец, наколькі вядома, публічна толькі адзін раз каментаваў беларускую палітычную сітуацыю. Да таго ж паважны ўзрост можа замінаць яму праяўляць значную актыўнасць. Магчыма, на гэта рэжым і разлічвае.
З іншага боку, няма ніякіх прычынаў і падазраваць чалавека, які падпольна ў савецкія часы наведваў семінарыю і яшчэ да перабудовы стаў святаром, у сервільнасці ці страху перад квазісавецкім рэжымам, куды больш кволым, чым колішні рэжым СССР.
Несумненна, што біскуп мае хутчэй антысавецкія сімпатыі, то бок з культурна-гістарычнага пункту гледжання чужы Лукашэнку. У 2019 годзе Казімір Велікаселец удзельнічаў ва ўшанаванні забітага чэкістамі ксяндза Вінцэнта Латарэвіча, які служыў у Ішкалдзі. Адзначым таксама, што біскуп – даўні знаёмы Тадэвуша Кандрусевіча. Яшчэ ў гады савецкага застою малады святар Кандрусевіч дзяліўся каталіцкай літаратурай з маладым рабочым Велікасельцам, які рыхтаваўся да паступлення ў семінарыю.
Акрамя таго, у значнай ступені пазіцыя іерархаў і святароў залежыць ад паводзінаў каталіцкіх вернікаў і іхнага падтрымання, ад натхнення, якое святары атрымліваюць ад сваёй аўдыторыі.
Тадэвуш Кандрусевіч перадае цяжкі груз адказнасці і вялікага маральнага аўтарытэту Казіміру Велікасельцу. Навучаны ў значнай ступені ў традыцыі польскага Касцёлу часу «Салідарнасці» і аксамітных рэвалюцыяў іерарх не можа не разумець, што ад цяперашняй пазіцыі Касцёлу ў Беларусі будзе залежаць месца і аўтарытэт Беларускага Касцёлу як мінімум на бліжэйшыя дзесяцігоддзі.
Тое ж самае датычыць і рэпутацыі Ватыкану і папскага пасаду сярод беларусаў увогуле і беларусаў-каталікоў у прыватнасці.
Палітычная пазіцыя цяпер вызначаецца маральным узроўнем. Паводле смеласці і палітычнай пазіцыі каталіцкіх іерархаў абʼектыўна ці субʼектыўна, але большасць беларусаў будзе рабіць высновы пра ўвесь Касцёл.
Аляксандр Гелагаеў, гісторык, вайсковы аглядальнік