Паведамленне прэс-службы курыі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі
30 лістапада 2020 грэка-каталіцкі святар а. Віталь Быстроў, быў прысуджаны ў Івацэвічах да арышту на 10 содняў паводле арт. 23.34 КаАП.
Святар Віталь Быстроў жыве ў Івацэвічах, працуе на свецкай працы і нясе сацыяльнае служэнне на тэрыторыі ўсёй Брэсцкай вобласці. Ён не прыпісаны да кліра Івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі.
Адказваючы на абвінаванне ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, а. Віталь не прызнаў сябе вінаватым. Ён паясніў, што падчас самотнага шпацыру па вул. Савецкай меў некалькі размоў з мінакамі. Падчас знаходжання ў натоўпе ён таксама меў гутарку з прадстаўнікамі МУС падчас якое прадставіўся і паясніў адкуль ён. Нейкай іншай актыўнасці, якую можна было кваліфікаваць як удзел у масавай акцыі а. Віталь, паводле ягонага сведчання, не праяўляў.
Не удаючыся ў глыбокія юрыдычныя спрэчкі мусім адзначыць, што суб’ектыўнага складу правапарушэння ў дзеях а. Віталя Быстрова не бачым, бо вуліца Савецкая з’яўляецца вуліцай дзе амаль заўсёды шмат людзей.
Пасля гэтых падзеяў, яшчэ да вядомасці пра распачацце адміністратыўнага працэсу супраць а. Віталя, грэка-каталіцкая парафія “Маці Божай Жыровіцкай” атрымала папярэджанне з матывіроўкай “за удзел святара ў несанкцыянаваных мерапрыемствах”.
У нас выклікае здзіўленне паспешнасць з якой было вынесенае папярэджанне, яшчэ да прызнання вінаватым а. Віталя Быстрова.
Не меншае здзіўленне выклікае факт вынясення папярэджання парафіі ў Івацэвічах за дзеянні, якія адбываліся ў Брэсце. Аддзельна варта падкрэсліць, што а. Віталь не прыпісаны да кліра Івацэвіцкай парафіі, што яшчэ больш паглыбляе абсурднасць сітуацыі.
Засмучае таксама факт вынясення папярэджання парафіі за дзейнасць фізічнай асобы, што мае прыкметы увядзення практыкі калектыўнай адказнасці.
Мінск, 1.12.2020
Прэс-служба курыі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі